~~META: title = Аляксей Пысін — Жураўліны бераг &keywords = духоўскі, галіна, дзед, мар’яна, наташа, любі, папялеўцаў, жураўлі, домна, след, першы, алесь, клуб, ліха, рукі &abstract = Чытаць паэму Аляксея Пысіна "Жураўліны бераг" &iftrue = nan ~~ ====== Аляксей Пысін — Жураўліны бераг ====== Зноў жураўлі вяртаюцца ў свой край\\ З міжкантынентальнага палёту.\\ Прымай цыбатых, Поліпень-балота,\\ Прымай чубатых, жураўліны рай!\\ Яны ў нас не бяздомныя прыблуды,\\ Яны... ну проста нашы жураўлі;\\ Яны прынеслі не зазімак люты,\\ Яны нам назвы, прозвішчы далі.\\ Па ўсёй зямлі вядомы Жураўлёвы,\\ Над студняю таксама – журавель.\\ Бяжы хутчэй туды, дзе лес яловы,\\ Дзе пахне дзераза і прэлы хмель;\\ I, можа, там пяро з адлівам шызым\\ Рукою нецярплівай схопіш ты.\\ А шнур парваны нізам, нізам, нізам, – I блізка ўжо назяблыя кусты.\\ Унучцы дзед: «Праспалі мы, Наташа!»\\ Унучцы дзед: «А можа, пабяжым?\\ Ды не, калі пяро на выган ляжа,\\ То сілы чарадзейнай менш у ім.\\ Ты не сумуй, яшчэ сваё мы возьмем,\\ Яшчэ сустрэнем вырай не адзін».\\ Наташы – пяць, а дзеду – сорак восем.\\ Які ён дзед? Ні белых валасін,\\ Ні барады, ні горбу за плячыма,\\ Які ён дзед? «Скажы, ты праўда дзед?» Духоўскі усміхаецца: «Магчыма».\\ Шкада, дзядам не выдаюць білет,\\ Каб патрыярху роду – чэсць і слава...\\ Яшчэ ў армейскім званні, запасны,\\ I член кааперацыі, ДТСААФа,\\ I член дружыны, бо – без сівізны;\\ I ёсць білет аматара прыроды,\\ З Чырвоным Крыжам даўні пабрацім.\\ А хто засведчыць, што ён, безбароды,\\ Таксама дзед, а гэта – ўнучка з ім?\\ \\ Унізе пад абрывам вапняковым\\ Плыла, бурліла вольная рака,\\ Нібы навечна з грузам ледніковым\\ Развітвалася. Гладзь – ні астраўка –\\ Да самага паўкружжа гарызонта,\\ Дзе ледзь сінее макаўкамі лес,\\ Дзе небасхіл уздыбіўся высотна,\\ Калі пад ім пад воблака палез\\ Старчма знішчальнік з гулам рэактыўным, З разрэджанай бялявай паласой.\\ Здавалася, што ў небе неабдымным\\ Плыве свой Сож над пенаю густой.\\ \\ Вада на лузе выспы намывае,\\ Варочае глухія валуны.\\ А сом вусаты, рыбіна нямая,\\ Ў дрымоце бачыць зваблівыя сны.\\ Тугі струмень штурхае ўпарта сома,\\ Пасоўвае уперад па жарстве,\\ I ён, глыбінны ўласнік крутаёма,\\ Як з кабінета вечнага плыве.\\ Святло зялёнае даходзіць скупа,\\ Зацішша – бы ў саборы векавым.\\ А злева, справа – абстаноўка з дуба,\\ Дуб мораны, не рушаны нікім.\\ Ляжаць дубы ў вадзе, пяску і гліне,\\ Ляжаць дубы на якарах сукоў;\\ Пасля, пасля, як гул паводкі схлыне,\\ Дуб дачакае строгіх леснікоў.\\ I седуны ў пыхлівасці нямой\\ На ўзняты скарб зайздросна пазіраюць.\\ А бачылі, як цяжка паміраюць\\ Дубы з галлём, карэннем і зямлёй? Дол уздыхне над вадзяным вулканам,\\ I ледзьве адчувальныя штуршкі\\ Перадаюцца чуйным веліканам,\\ Дрыжаць мінулагоднія лісткі.\\ Павольна бераг мёрзлы асядае,\\ Падмыты амялелаю ракой;\\ I хіліцца няўмольна вось крутая,\\ Дубы хапаюць воблака рукой.\\ Цяпер увесь цяжар на верхавінах,\\ Хоць зябка, не згінаюцца яны,\\ I цягне груз пакутнікаў нявінных\\ Усё хутчэй у вырай ледзяны.\\ Спачатку толькі гул і шалясценне,\\ А грымне паднябесная сцяна\\ I спыніць Сож на нейкае імгненне,\\ Ваду наўзбоч расплёснуўшы да дна.\\ Канікулы на вуліцы вясковай,\\ Дарогі, сцежкі нізавыя – ўброд.\\ I дзед, загадчык школы пачатковай,\\ Наташу ўзяў з сабой па крыгаход\\ З адной умоваю катэгарычнай:\\ Каб самавольнай не было хады\\ Ні да паводкавай, ні да крынічнай\\ Прастуднай непадцепленай вады.\\ Для ўсіх у вёсцы ён – Алесь Пятровіч,\\ А ўнучцы – ну вядома – проста дзед.\\ Вялікі след і след маленькі поруч,\\ А там, дзе гразь, – адзін вялікі след.\\ Бы з вышыні птушынага палёту,\\ Увесь Журавель да канцавых сяліб.\\ Тут лепш ісці, трымаючыся плоту,\\ Пад блізкім позіркам відушчых шыб.\\ Грузавікі, як з добрай палівачкі,\\ I пешага, і конных абдадуць.\\ У ботах гумавых, нібы рыбачкі,\\ Даяркі хлюпкай вуліцай брыдуць.\\ Вады хапае і ў пустым карыце,\\ I капяжы адлічваюць да ста\\ Ў адну мінуту, а пявун, зірніце,\\ П’е з каляін, і ўжо ён без хваста.\\ Няма яму ні сораму, ні страху,\\ Ну хоць бы з вуліцы далей сышоў;\\ А можа, самы першы ён стыляга\\ Сярод курыных бойкіх жаніхоў?\\ Усмешкі сцёрлі: трэба пакланіцца\\ I добры дзень Духоўскаму аддаць;\\ Яны ж яго былыя вучаніцы,\\ Настаўніка умеюць паважаць.\\ \\ А хтось Духоўскага чакаў на ганку\\ Пад правадамі ў бэзавым галлі.\\ Адкуль з’явіўся незнаёмы ўранку,\\ Бы жураўлі на крылах прыняслі?\\ Пагрэўся рана чаем у сталоўцы,\\ З аўтобусам найпершым – да ляску,\\ Налева – і па ельніку, ядлоўцу,\\ Па маладым лядку і халадку.\\ I не пытаўся, блізка ці далёка,\\ I не ўглядаўся, мокра ці лядок, –\\ Ступаў пружыніста і неяк лёгка\\ Былой армейскай вывучкі хадок.\\ Даваў нястомна здымкі для газеты,\\ Хоць дакаралі часта за шаблон,\\ Што аднатыпныя ў яго партрэты,\\ Стэрэатыпны вельмі фон і тон:\\ Усе даяркі над бітонам пенным,\\ Механізатар гнецца над рулём,\\ А птушніца абавязкова з пеўнем,\\ Мілуецца свінарка... з парасём.\\ Ён мужна адбіваў напад лятучак,\\ Вісеў над сівізной сакратара:\\ – Каго здымаць, скажыце, – беларучак,\\ Красунь на пляжы млявага Дняпра? –\\ Душой любіў вясковы фон няроўны,\\ Палёў і пералескаў плаўны тон,\\ I ведаў лепей ён у Прыдняпроўі\\ Любы раён, чым свой мікрараён.\\ \\ Сышоў з прыступак мокрых. Прывітаўся.\\ – На Сож з дачкой хадзілі? Гулка там...\\ Духоўскі цёплай шчырасці паддаўся:\\ – Патрэбны ўсё ж пасведчанні дзядам!\\ Каб паказаў, і... – шчодра усміхнуўся. –\\ Відзён ты сам, засведчан гонар твой... –\\ Не зразумеў прыезджы, папярхнуўся:\\ – Я... фотакор... з газеты абласной. –\\ Знаёмства адбылося; разумеюць\\ Адзін другога раннія дзяды.\\ Яны дымком па цёплым ганку веюць,\\ I той дымок гайдае правады.\\ У доме госць. Сустрэла гаспадыня:\\ – Давайце чамаданчык, я прыму,\\ I распранайцеся: сняданак стыне. –\\ Госць дзякуе, не хочацца яму.\\ – Падлечым апетыт, – сказаў Духоўскі,\\ Дастаў бутэльку зыркага віна,\\ Усім наліў: без гэтай боскай роскі\\ Няхай не пачынаецца вясна.\\ Сышліся чаркі ў круг і разышліся,\\ Нібы ў балеце, – лёгка паплылі.\\ Нясі, вясна, расу, траву і лісце,\\ Рунь густапёрую дай на палі; Пусці вясёлых жаўранкаў у высі,\\ А белых лебедзяў – на сіні плёс,\\ Каб госці добрыя часцей вяліся\\ I каб ніхто не бачыў нашых слёз!\\ \\ I крыху пацішэлая гаворка\\ Жвавей, жвавей, бы з горкі ручаёк.\\ – Наташа дзе? Яна, нібы вавёрка, За комінам схавалася ў куток.\\ – Наташа? Комін абняла, як ступу. – Цябе здыму я! Поглядам вачэй Прасіла ў госця літасці: – Не буду, Не хочу! – паўтарала ўсё гучней.\\ Бабулька скеміла, у чым прычына,\\ Што павяло такі перапалох.\\ – Яна за доктара вас палічыла,\\ Калі ступіла толькі на парог, –\\ Баіцца ўколаў. Домна праз часіну Унучку пасмялеўшую вяла;\\ Прыбрала ў белае, як балерыну,\\ I прычасала, стужкі запляла.\\ Стаіць дзяўчынка перад аб’ектывам.\\ Скуласты тварык. Зубкі – хоць лічы.\\ Прымерыўся фатограф хапатліва:\\ Усмешку б на партрэце зберагчы.\\ I вокліч захаплення: «Ёсць, парадак!»\\ Госць рад: «Такое фота – ў «Огонек».\\ Наташы захацелася аладак,\\ I пакацілася, нібы званок.\\ Хвала і слава фотаапарату:\\ Адбіў навечна зоркі аб’ектыў\\ I першы штурм, і звонкі марш параду\\ I паказаў усіх, якім хто быў.\\ Хіба віна яго, што ён цвярозы,\\ Паказваў часам нам уяўны бок:\\ Святую велічнасць раздзьмутай позы\\ I ўсе дэталі – люльку і дымок –\\ Навошчаных герояў балаганных\\ (Прасоўвалі у дзюрку галаву)\\ Пры шаблях, шпорах вострых і наганах,\\ З вачамі, ўзнятымі у сіняву?\\ Запомнім мы не іх, не вус кінжальны,\\ А тых, хто вёў на штурм праз дым і гром; Байцоў пад ручніком святой пашаны;\\ Даярку над напоўненым вядром;\\ Усмешку непадкупную Наташы\\ (Здымалася дзяўчынка першы раз);\\ Не ведаць ёй перажыванні нашы,\\ Бо над калыскай веяў іншы час.\\ А Домна думала: яна уласных\\ Не мела фотаздымкаў на ўспамін;\\ Ні школьных выпускных, ні нават класных,\\ З дзявочых вёснаў, хмельных, як язмін.\\ Хоць ведала, што многіх чаравала,\\ Трывожыла, пякла яе краса.\\ А твар – крыніца, рэчка адбівала\\ Ды яравая золкая раса.\\ Так паўстае вясною першы люцік\\ Адбіткам сонца з лугавых нізін. \\ На тэму вечную: зямля і людзі –\\ Дыскусія звычайная ў мужчын.\\ Да з’яў жыццёвых падыход цвярозы,\\ Кіраўнікам няўцямлівым дакор.\\ I – спадзяванні, смелыя прагнозы.\\ Духоўскага пытае фотакор:\\ – Чый дом насупраць вас? Нібы васковы,\\ Бярвенні гладка выскаблены шклом.\\ Веранда. Вежа. Цацкі-надбудовы,\\ Вяртлявы флюгер, бы над ветраком,\\ Узоры ўсцяж карніза распіснога\\ I аканіцы – крылы матыля.\\ – Дом старшыні апошняга, былога,\\ Які сказаў: тут бедная зямля!\\ Былыя доўга не былі ў зямляцтве\\ З калгасам журавельскім: быў і сплыў.\\ I людзі помнілі найбольш дзівацтвы,\\ Якімі хоць няўдала весяліў.\\ Апошні... нуль-абруч каціў з падскокам\\ Па полі, па гародах, па лугах. Аж спадабалася гульня сарокам:\\ Якая рысь, зайздросны крок, размах!\\ Сарокі так натхнёна шчабяталі,\\ Вітаючы спартыўны марш-парад...\\ Былі сарокі сыты, бо дзяўбалі\\ Ужо зазімкам скабы парасят.\\ – А дом пад флюгерам?\\ – Дом не кабыла,\\ Не павядзеш туды, дзе корм далі;\\ Яго Мар’яна Рудкіна купіла,\\ Як стаў саўгас у нашым Жураўлі.\\ З-за Сожа пасля нейкага ўрагана,\\ Што без партфеля выкінуў на мель,\\ У аддзяленне прыбыла Мар’яна,\\ Прыдбала дом і скураны партфель...\\ Адно ўтаіў Духоўскі перад госцем:\\ Той старшыня яму... за сваяка.\\ Пад флюгерам раздвоеным, двуххвостым\\ Жыла й Галіна – родная дачка.\\ Не хоча ўспамінаць зяцька-жанглёра,\\ Што скокнуў некуды на цаліну.\\ ...Якія справы тут у фотакора?\\ Зняць новы клуб, даярак і вясну.\\ \\ Сям’я Духоўскага. У грозным лесе\\ Збіралася, ядналася яна.\\ Прыйшла з сялібы Домна да Алеся, Калі жывых раскідвала вайна.\\ Студэнт нядаўні, камандзір узвода,\\ Ён ваяваў ужо з тае пары,\\ Як абстралялі немцы з кулямёта\\ Асенніх журавоў. Тады ў бары\\ Неадляцеўшыя рыдалі птахі,\\ Крычалі над палянаю пустой.\\ У Жураўлі дымкі сівухай пахлі:\\ У вёсцы паліцэйскі быў пастой,\\ Быў гарнізон. Да Домны прыліпалі,\\ Хацеў за жонку ўзяць яе сілком\\ Заборскі-паліцай. З дубровы перадалі,\\ Каб рушыла «да цёткі» з вузялком.\\ Так стала партызанскаю сястрою;\\ Прызнаўся у каханні ёй Алесь.\\ Быў загс у ягадніку пад сасною,\\ А сведкай шлюбу – Поліпеньскі лес.\\ Прасілася на ўсе заданні Домна,\\ Ішла ў разведку... А праз нейкі час\\ Лясны гушчар ёй стаў радзільным домам,\\ Кумамі – мудры дуб і ціхі вяз.\\ Свой вольны голас падала дзяўчынка,\\ У зялёным загсе Галяй нараклі;\\ Імя лясное пругкае – Галінка,\\ Галінка ў вечным трапяткім галлі.\\ Сваю Галінку пушча калыхала,\\ Спявалі партызанскія вятры;\\ Сваю Галінку неба умывала\\ Расой пад шорсткім ручніком зары.\\ \\ Будынак фермы часам здасца школай,\\ Прыспешваюць даяркі часты крок,\\ Каб зліцца хуценька з гурмой вясёлай\\ I за спіной ужо... адчуць званок.\\ Хоць не заўсёды быў тады дастатак,\\ Рублю старому ведалі цану,\\ Але не беглі ў белы свет ад матак,\\ Ад паху дзеразы і палыну.\\ Сябе артысткамі не уяўлялі,\\ Пасагам не лічылі атэстат\\ I часам не для слухачоў спявалі\\ Пра маці, ночку і вішнёвы сад.\\ Прасілі песню: завядзі ў садочак,\\ А прывяла ў «жаночы манастыр»...\\ Не нарадзіла ні сыноў, ні дочак\\ Пад сорак год Мар’яна-брыгадзір.\\ Была жанчына у бясплоднай сіле,\\ Пражылкі шчок пад колер бурака;\\ Яна на ферму свой партфель насіла,\\ Як вымя поснае без малака. Заўжды дзяўчаты ў чымсьці вінаваты,\\ Наклала вета на бяскрыўдны смех.\\ Калі б даяркам чорныя халаты, –\\ Манашкі, што пакутуюць за грэх.\\ Галіна ў вочы выказала тое,\\ Што ўсім карцела і язык пякло:\\ – Ад вашага характару, настрою\\ Ў кароў зімою кісне малако. –\\ Не даравала ёй Мар’яна гэта.\\ Загад з’явіўся і вымова за\\ Абразу і падрыў аўтарытэта.\\ (Ёсць самалюбства нават у казла;\\ Паверне порстка ў агарод з дарогі,\\ I чара да туды, на той жа след;\\ Саб’юць яму ў разбойнай шкодзе рогі –\\ Прапаў казёл, бо ўпаў аўтарытэт.)\\ \\ Мар’яна да ўслаўлення вельмі ласа,\\ Умее паказаць свой твар усім,\\ А твар, як Месяц, – у святле чужым, Занадта лёгка слава ёй далася.\\ Даяркі першынство заваявалі,\\ Брыгада лепшая з усіх брыгад.\\ Мар’яну некалі з пастоў здымалі,\\ Цяпер здымае фотаапарат.\\ Даяркам паслухмяным загадала:\\ – К фатографу! Сюды, сюды бітон! –\\ I велічна па-над бітонам стала,\\ Дзяўчаты веерам – патрэбен фон.\\ Славута пушча дубам, вёска – клубам.\\ Пад буслам, над сасною новы дом\\ Аддалі моладзі, – быў проста зрубам,\\ I зруб напоўніўся цяплом, святлом\\ Абжытым. Зіхатлівая пабелка\\ Шпітальнай белізны і чысціні.\\ Са сцэны вее фіміямам елка,\\ А сцэна ад сцяны і да сцяны З духмяных светлых дошак, як калыска\\ Пад белым полагам – на два бакі;\\ Калыска дрэмле, ды ўжо вечар блізка,\\ I ён рассуне полаг трапяткі.\\ Дзявочая уцеха – спеў баяна,\\ А хлопцы трызняць ракатаннем труб.\\ О, як размашыста намалявана\\ Над ганкам шыльда: «Журавельскі клуб».\\ Прыціх пад новай шыльдай Папялеўцаў;\\ Касыя літары, як журавы,\\ Падскокваюць, выкідваюць каленцы\\ I пачынаюць танец баравы.\\ Кругі расходзяцца і раздаюцца,\\ Кругі сплываюць. Літары ва ўпор,\\ У вочы Папялеўцаву смяюцца.\\ I вочы ён, збянтэжаны, працёр.\\ Калісь быў здатны сам да малявання:\\ Пісаў плакаты ў клубе палкавым.\\ Там навучыўся рыпаць на баяне,\\ Знаёмы быў з аркестрам духавым.\\ Дамоў вярнуўся ён і культармейцам Прадставіўся ў пагонах старшыны.\\ Іграў на вечарынках. Потым месца\\ Знайшлося напярэдадні вясны.\\ Ужо дванаццаць год у Міраволлі,\\ Сяле суседнім, носіць цёплы ключ\\ Ад клуба сельскага.\\ I ў гэтай ролі\\ Не ведае калдобінаў і круч.\\ Ёсць зона абслугоўвання, ёсць карта: Сем вёсак, тысяча і два двары.\\ У клубе зелянее луг більярда,\\ На ім пасуцца белыя шары.\\ Замерлі побач шахматныя коні,\\ Пад капытамі клетачны паркет.\\ Не, іх не возьмеш лютасцю пагоні,\\ Патрэбны воля, мудрасць і імпэт.\\ А Папялеўцаў без такіх паводдзяў,\\ І, каб не ведаць горычы няўдач,\\ Ахвотней да більярда падыходзіў,\\ I кій у бой пускаў, – шары наўскач Ляцелі, быццам перакаці-поле,\\ Луналі, як дзіцячыя мячы.\\ Прыйшло прызнанне: на більярдным полі\\ Яго нікому не перамагчы! Палаюць граматы у клубнай зале\\ Ў сасновых рамачках пад дзеразой;\\ Даўно яму Духоўскі за васала\\ I плоціць самадзейнасцю сваёй.\\ Любая урачыстасць: дзе Духоўскі?\\ Любы агляд: вядзе даярак ён,\\ З канцэртам папулярным – на ўсе вёскі, –\\ I сельскі клуб звініць на ўвесь раён...\\ \\ Сустрэў Духоўскага з журбой і крыўдай:\\ – Алесь Пятровіч, дарагі, павер,\\ Нам трэба заадно... – Пад гэтай шыльдай Усюды выступаем мы цяпер.\\ Такога не чакаў: васал адбіўся.\\ Служыў слухмяна ён і стаў чужы.\\ З настаўнікам заходліва схапіўся,\\ Нібы на непадзеленай мяжы.\\ – З кім узгадняў і хто табе дазволіў\\ Такую шыльду дзёрзка маляваць?\\ Твая на школе шыльда. Насваволіў.\\ Ёсць клуб адзіны – сельскі, ў ім спяваць!\\ А хто пяе не з намі – той жа супраць,\\ За самазванства ты б адказваць мог...\\ \\ Сказаў Духоўскі: – Не паказвай дурасць.\\ Яшчэ сказаў Духоўскі: – Дэмагог!\\ Наш клуб законнароджаны, грамадскі;\\ Добраахвотна я прыняў ключы Загадчыка і клопат, абавязкі, Зарплаты лішняе не беручы,\\ За справу сам вазьміся – дапаможам,\\ Не хочаш – то відаць адно – гультай.\\ I Папялеўцаў з выклікам варожым:\\ – Ты слоў такіх, Духоўскі, не кідай!\\ Адгаманіў суцішны час вячэры,\\ Над Сожам пацямнела сінява.\\ Заззяў святлом высокім клуб. На дзверы\\ Глядзіць з маўклівай просьбаю дзятва.\\ А ў зале ўжо не знойдзецца услона,\\ I хто вароніў, – стой бясплатна так.\\ Паехала па два бакі заслона.\\ Увага, пачынаецца спектакль.\\ На сцэне муж. Схуднелы. Нездаровы.\\ Відаць, што ён пакутуе даўно.\\ Перамяпіў, як кажа, тры каровы,\\ А малако – ўсё кіслае яно.\\ Якое ліха? Раіўся з суседзьмі, Ну проста насланнё: ганьба і здзек.\\ Магчыма, тут пракудства злое ведзьмы?\\ Рагочуць бабкі: ў наш касмічны век?\\ I, мусіць, не знайшоў бы ён заганы,\\ Ды падказаў прайдошны нейкі дзед:\\ Прычына тут адна – характар Ганны,\\ Ніколі не смяецца – ў тым сакрэт.\\ Турботная сямейная задача:\\ Ну як жа бабу смеху навучыць?\\ – Паслухай Райкіна, вось гэта перадача! –\\ Смяецца сам да слёз, яна – маўчыць.\\ Успомніў Штэпселя і Тарапуньку:\\ На добры жарт, браткі, вы мастакі.\\ Стараліся. Ніякага ратунку.\\ – Зусім не смешна мне, – адказ такі.\\ Да жонкі з ласкай: – Мілая Гануся,\\ Усміхніся, сонейка, хоць раз суцеш. –\\ Пачаў злавацца: – Сёння развядуся,\\ Такая ты да язвы давядзеш!\\ Усё рабіў, сто лекаў перабрана,\\ А што далей? Развод, развод, развод! Аж нехта здзіўлена гукнуў: – Мар’яна!\\ I падхапіў раскаціста народ.\\ Тугія воплескі хадзілі ў зале,\\ Трымцела у падвойных рамах шкло.\\ Што гледачы далонямі сказалі,\\ Што даспадобы выбухной было?\\ Улёгся Сож пасля свайго разгулу\\ Ў крывое рэчышча пад вапнякі.\\ Бы не ачуўшыся ад шуму, гулу,\\ Падрыгвалі ў азнобе лазнякі.\\ Паводка лугу аддала плацдармы,\\ Адваяваныя ў глухой зімы.\\ Звон лотаці янтарны, уладарны\\ Над травамі, што ў рост пайшлі прамы.\\ Запунсавелі сарамліва смолкі,\\ Вільготныя ад блізкае вады.\\ У птушак з промняў і ліствы свісцёлкі,\\ Таму й пяюць на розныя лады.\\ А чаіца з кугіканнем тужлівым\\ Узмые ўвысь і кумільгна ўпадзе,\\ Галосіць у нізоўі над абрывам,\\ Усё бліжэй, бліжэй кагось вядзе.\\ Хто напалохаў, ад чаго трывога\\ I прадчуванне нейкае бяды?\\ З-пад Гронава, ад руму баравога\\ Ішлі па згону першыя плыты.\\ Нясе вада, і толькі адварочвай\\ Шастом непаслухмяную раку,\\ Усю глыбіню ад выспачкі сірочай, Ад жорсткага наждачнага пяску.\\ У хлопцаў смела мускулы іграюць.\\ Яшчэ не блізка гучны той «Го! – мель!».\\ З плытоў на стромкі бераг пазіраюць:\\ – Дай кісялю нам, вёска Журавель!\\ – А кісялю мы сёння не варылі,\\ Мы не чакалі гэткае куцці.\\ – То б на ўспамін што-небудзь падарылі,\\ Каб весялей да Гомеля плысці.\\ – Лавіце пацалункі нашы ў рэчцы\\ I не расплёскайце сваю любоў.\\ – Ля вашых ног мы пакідаем сэрцы.\\ – Дык вось чаму тут многа валуноў! –\\ Смяяліся дзяўчаты незласліва.\\ А плытагонам не было калі\\ Ў дасціпнасці спаборнічаць. Шчасліва Плыты далей ад берага плылі.\\ З сяброўкамі Галіна сустракала\\ Вясёлы караван. I з-пад рукі\\ Глядзела ўслед. Вось тут пускала\\ Купальскія нямятыя вянкі.\\ Вясна дзявочая. О, як багата\\ I фарбаў і святла пад сінявой!\\ Любая кветка – радаснае свята,\\ Любая кветка – радугай жывой.\\ З расою чыстай кветкі прыгарні ты\\ У зіхатлівы трапяткі букет, –\\ Засвецяцца сузор’і і блакіты,\\ У пералівах радуг цэлы свет:\\ Напевы і няўлоўнае дыханне\\ Красы, ўсяму жывому не чужой,\\ Усплёскі водару і адчуванне\\ Таго, што нельга выказаць душой.\\ Любі! – жадае белая лілея,\\ Любі! – смяецца шчодры васілёк,\\ Любі! – рамонка-варажбітка млее,\\ Любі! – кранае музыкай званок,\\ Любі! – чабор залівіста палае,\\ Любі! – сухі падбел перагарэў,\\ Любі! – аб гэтым медуніца дбае,\\ Травінка кожная і лісце дрэў. Сцяжынка лугавая. Лес і поле.\\ Празрыстасць Сожа. Хваля на пяску.\\ I халадок сыпучы пад ступою.\\ След пад вадой. Маляўка ў тым слядку.\\ Малая рыбка. Вось яна ў далонях З вадою, несагрэтаю яшчэ.\\ Давер дзіцячы ў плаўніках павольных.\\ Няма трывогі, што вада цячэ\\ Струменьчыкам нязвонкім, безупынным,\\ Што абмялеў далоняў жалабок.\\ Не ведае, куды яе мы кінем:\\ На быстрыню ці на сухі пясок?\\ Плыві, маляўка, мы не ўскаламуцім\\ Тваю ваду ля рэдкай асакі,\\ Калі кашулю белую мыць будзем,\\ Каб весялей сінелі васількі.\\ Была любоў. Падсіненую яснасць\\ Нёс у вачах задумны Васілёк,\\ Наталін сын. Дзіцячая прыязнасць.\\ У школу разам клікаў іх званок. Адна сцяжынка, і адны урокі.\\ I снегіры – жар-птушкі – на вярбе.\\ Снягір – маўчун. Дражніліся сарокі:\\ «Жаніх з нявестаю». Няхай сабе...\\ «Жаніх з нявестаю», – гадоў праз дзесяць\\ Сцвярджалі ўсе. Вяселлю б загрымець.\\ Васіль не ведаў, дзе бяду аб’ехаць,\\ Канём у лузе ўз’ехаў ён на смерць. Пярун зямны! Вайна ў нямецкай міне\\ Пятнаццаць год чакала жаніха.\\ I не вясельны стол, а дамавіну\\ Галіна ўбачыла. Боль і туга\\ Нясцерпныя дзяўчыну спалатнілі, У забыцці гукала Васілька.\\ Ёй сніўся дуб у жоўтым пілавінні\\ I жоўты твар суседа-лесніка.\\ Зноў\\ Старшыня другі. Прыехаў з Горак.\\ Яго Галіна ўразіла красой; Паабяцаў ёй залатыя горы,\\ Прывабліваў: «Будзь жонкаю маёй».\\ Казалі людзі: выскачыла з гора,\\ Дуду прыдбае на сваю бяду.\\ I зразумела маладуха скора:\\ Шукала броду – скочыла ў ваду.\\ Кірэйчык бляск любіў ва ўсякай справе:\\ Без аксаміткі не ступаў нідзе,\\ Заўважыць парушынку на халяве,\\ Прыгнецца – тут жа глянец навядзе.\\ Падчас дзяліўся з жонкаю даверам:\\ Галоўнае – пасада і аклад.\\ Узяўся будаваць князёўскі церам:\\ Дармовы лес і цесляры з брыгад. Сасновы церам, быццам дамавіна,\\ Вачам, грудзям дыхання не стае.\\ Свайго імя не чула ўжо Галіна,\\ Празвалі старшыніхаю яе.\\ – Скажы, як будзем жыць мы, старшыніха, Нулі пустыя ў торбу забяром? –\\ I чулася ёй: ліха, ліха, ліха, А новае імя пякло таўром.\\ Сустрэў яе без позіркаў суровых\\ Бацькоўскі дом, дзе ў любасці расла.\\ Пайшла на ферму да былых сябровак,\\ Сваю віну і сорам прынясла.\\ \\ Мар’яна неўзлюбіла. І карала\\ Усё часцей Галіну. Да яе\\ Зноў падступала: – Расцвіла ты, краля,\\ Ды справы незайздросныя твае.\\ Дарэмна мужа кінула так хутка:\\ Расце Наташа – і патрэбен ён...\\ \\ Заняты рукі, і далёка хустка,\\ Слязінка пакацілася ў бітон. Мар’яна быццам бы не заўважала,\\ Нібыта ёй няведама зусім,\\ Чаго вядро бляшанае дрыжала,\\ Мо сапраўды цяжар вялізны ў ім?\\ Галіна ўвачавідкі зразумела\\ Удар Мар’яны – ўбачыла руку,\\ Што ў сэрца ёй здаля пускала стрэлы\\ З пяром спагады. Ўспомніла дачку.\\ I наплыло – як першы раз адчула\\ Тугое нецярплівае біццё.\\ Пад самым сэрцам. Так да слёз кранула\\ Мар’яна. – Не, вымову мне дасцё, Калі скажу я вам чыстасардэчна,\\ Якая вы. Не білі б хоць знарок.\\ Пакіньце ж турбавацца недарэчна\\ За лёс дачкі маёй і ўсіх дачок.\\ \\ Знадворку падужэўшыя праменні\\ Ўгіналі шыбу пругкасцю святла.\\ Галіна ў незвычайным выпрамленні,\\ Бы ў аднаўленні, строгая была.\\ \\ Духоўскаму пісьмо ад фотакора:\\ «Пара гарачая, і мноства спраў.\\ Даруй, Алесь Пятровіч, што не скора\\ Я фотаздымкі гэтыя даслаў.\\ Партрэт Наташы – рэдкая удача,\\ Ў часопісе ён будзе без прыкрас.\\ Наташа хай за комінам не плача,\\ Калі прыеду я ў наступны раз».\\ Духоўскі са сцяны здымае рамку\\ Сямейную – сярэбраны багет;\\ Стаўляе ўнучкі дарагі партрэт\\ Пад звонкасць шкла. Смяшлівую бялянку Род даўгавечны ў цесны круг прымае, Ўступаюць месца ёй франтавікі.\\ Наташа тут наследніца прамая;\\ На здымках побач юныя дзядзькі,\\ Сыны Духоўскага. Адзін салдатам\\ На пагранічнай строгай паласе,\\ Другі сягоння там, дзе свойскі атам\\ Святло высакавольтнае нясе.\\ – Чакай, не вешай – вытру я пылінкі. –\\ Стаяла Домна з тонкім ручніком;\\ Але к вачам паднесла – мо слязінкі\\ У маці навярнуліся тайком?\\ ...Пісаў Алесь Пятровіч дзелавіта\\ Пра ўсё, чым вёска дыша і жыве,\\ Як луг цвіце, як гоніць трубку жыта,\\ Як плешча Сож разгульна па жарстве.\\ Кругі гайдаюцца на плёсах сініх,\\ Гадуе рыбу шчодрая рака;\\ Не зробіць тут паклонаў лішніх спінінг,\\ Каб выхапіць на бераг шчупака.\\ Малюе ўдачу вобразна і ярка\\ I просіць фотакора пагасціць.\\ З навін: Галіна – старшая даярка,\\ Мар’яна вучыцца кароў даіць.\\ \\ Ляціць цыстэрна па пяску і гліне\\ I пудрыць пылам чэзлы вербалоз.\\ Звініць цыстэрна. Двое у кабіне.\\ Куды спяшаецца так бензавоз?\\ Шафёр бязвусы ў вопратцы вайсковай,\\ Відаць, нядаўна з арміі. Прад ім\\ Аздоблены букетам палявым\\ Партрэцік Валянціны Церашковай.\\ А побач спадарожнік нецярплівы,\\ Паголены, святочны, не стары.\\ Ён адганяе парушынкі пылу,\\ Бы парушынкі тыя – камары.\\ Не спавядаўся Папялеўцаў прама,\\ Як разбурыў сямейны свой ачаг.\\ Але з людзьмі жывеш, і тая драма\\ Бы адбывалася пры гледачах.\\ Хадзіць па госцях меў ён завядзёнку,\\ Не шкадаваў капейкі на банкет,\\ Да чаркі прывучаў красуню-жонку,\\ I быў абед без чаркі не абед.\\ Мужчына п’е – пажар яшчэ над дахам,\\ Жанчына п’е – гараць ужо вуглы.\\ Не адвучыў ні ласкаю, ні страхам,\\ Лячылі дактары – не памаглі.\\ Цяпер Галіну меў ён на прыкмеце,\\ Хацеў не бабылём сустрэць зіму;\\ Хоць удава – раўня любой нявесце.\\ I канчаткова вырашыў – вазьму!\\ Пражыты век спіны яму не горбіць.\\ Старэй па год пятнаццаць? Ёсць рэзон:\\ Няхай лепш застанецца, чым не хопіць,\\ Аднойчы ўжо адчуў нястачу ён.\\ Грыміць цыстэрна. Ёмкая канаўка\\ Падкінула. – Не растрасі, шафёр! – Ўсміхнулася з партрэта касманаўтка:\\ Маўляў, намнога спакайней ля зор.\\ З-пад колаў певень спуджана ўзлятае,\\ З пясчаным шлейфам коціць бензавоз.\\ З кабіны Папялеўцаў выглядае,\\ Шафёру: – От сюды, да дзвюх бяроз. – Пераступіў парог Духоўскіх, дома, Дзе ён ніякі госць і не сваяк.\\ Удачы пажадаў сабе самому\\ I падбадзёрвае сябе ўсяляк.\\ Вось Папялеўцаў прывітаўся звонка\\ I папяросы порстка дастае\\ Духоўскаму, бо важная гамонка:\\ – Закурвайце, мы людзі ўсё ж свае.\\ Забудзем тую спрэчку, а не сварку.\\ Ідэі, справе служым мы адной.\\ Магчыма, і падымем разам чарку,\\ I будзем паважанаю раднёй.\\ Акрылены надзеяй і жаданнем,\\ Ён пачынае з ходу, напрамкі:\\ – Галіну не прынізіў заляцаннем,\\ Прашу ў яе павагі і рукі, Ўпусціла гаспадыня несвядома\\ Руплівае жаночае шыццё,\\ Перабірае, складвае тканіну,\\ Не стукае машына. А біццё Ў грудзях мацней, мацней, нібы у птушкі, Калі над ёй каршук\\ Звужае круг.\\ Аднойчы ўжо пасажныя падушкі Былі ў слязах дачкі,\\ Быў мулкі пух.\\ Тры позіркі нямыя\\ Скіраваны,\\ Нібы адзін праніклівы пагляд,\\ Тры позіркі прамыя\\ Скрыжаваны\\ На тым, хто сам жаніх і смелы сват.\\ Глядзіць Духоўскі ў вочы: што ён меле,\\ Сказаць такое – хіба ў забыцці.\\ Ты часам, чалавеча, не з пахмелля,\\ А можа, й праўда просішся ў зяці?\\ Адчула боль даўнейшы той Галіна. Ён не ўтаіцца ў зманлівай цішы,\\ I нельга ёй маўчаць, сказаць павінна,\\ Што думае, што мае на душы.\\ Жаніх наперад падаецца троху,\\ Чакае ён адказу, каб трубіць\\ Адбой паспешлівы ці перамогу,\\ I чуе словы: – Гэтаму не быць! Як час ляціць, няўтольны час Галіны, –\\ Ці так даўно віталася з вясной?\\ Часцей бываюць гэткія часіны,\\ Калі адна са споведдзю сваёй,\\ Калі не ўтоіш дум, трывог сардэчных,\\ Таго, што ў падсвядомасці, як сон.\\ Ужо чарнее на градзе сланечнік,\\ У дзень святочны ўдоў суцешыць ён.\\ Чакаюць нечага (краса старэе)\\ I лушчаць семкі пад галлём густым.\\ Жаноцкае чаканне – латарэя,\\ Што шчасце абяцае не усім...\\ Рыпіць паром сасновы над вазамі,\\ I тыя кветкі, што вясной цвілі,\\ Павіслі на лазе (лаза з вусамі),\\ З вадою быстрацечнай паплылі.\\ Цямнее гулкі Сож пад берагамі,\\ Раскалыханы жорнамі віроў.\\ Шпакі ўзнімаюць сетку над лугамі,\\ Лысее лес пад подыхам вятроў;\\ Бярэмамі – сухая пазалота,\\ Звініць блакіт у зрэджаным галлі.\\ I паднялося Поліпень-балота На пругкіх крылах. – Мама, жураўлі! – Пусцілася Наташа ўсцяж абрыву,\\ Пад цень, пад свіст птушынага крыла.\\ – Ты не ўпадзі, – Галіна гаварыла,\\ Дагнала і на рукі узяла\\ Сваю дзяўчынку – вырай шчабятлівы,\\ Сваю дачку – малое птушаня.\\ У бераг білі хваляў пералівы,\\ Курлыкала скразная вышыня.\\ \\ 1964 г. Крыніца: Пысін А. Збор твораў. У 2 т. Т.2. Паэмы, творы для дзяцей, пераклады. – Мн.: Маст. літ., 1989. – 254 с. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/аляксей-пысін/аляксей-пысін-забыта-многае-ў-жыцці]] * [[творы/аляксей-пысін/аляксей-пысін-пісьмо-птушак]] * [[творы/аляксей-пысін/творчасць-аляксея-пысіна]] * [[творы/аляксей-пысін/аляксей-пысін-туман]] * [[творы/аляксей-пысін/аляксей-пысін-домскі-арган]]