~~META: title = Аляксей Пысін — Базар &keywords = базар, аб’ява, спеўнік, пажар, даганю, авёс, паляцелі, верабей, абвяшчае, гасцей, слова, трыбуне, ларочкі &abstract = Чытаць верш Аляксея Пысіна "Базар" &iftrue = nan ~~ ====== Аляксей Пысін — Базар ====== **АБ’ЯВА** Разгорнуты лісток\\ Бяросты\\ Павешан на сучок\\ Бярозы.\\ Чакайце,\\ Гэта ж аб’ява;\\ Чытайце\\ Злева направа.\\ Чытайце\\ Выразна, услых,\\ Слоў не глытайце\\ Вялікіх, малых.\\ Значыць, аб’ява?\\ Цікава.\\ \\ «Хутчэй сягоння снедайце\\ I наш базар наведайце!\\ Не знойдзеце другога\\ Базару такога.\\ Усім гасцям прывет!\\ Базарны камітэт».\\ \\ Падняліся, паляцелі\\ Ўсе, хто крылы мае.\\ Зашумелі, загудзелі,\\ Гоман не змаўкае.\\ \\ – Дзе пажар,\\ Дзе пажар?\\ – Не пажар,\\ А базар.\\ \\ – Недалёка, недалёка! –\\ Абвяшчае ўсім сарока.\\ \\ Глядзіць падазрона\\ Сівая варона:\\ – Можа, на хвасце ты\\ Слух прынесла гэты?\\ \\ – Не, на самай справе –\\ Сказана ў аб’яве.\\ \\ «Толькі б не спазніцца», –\\ Думае сініца.\\ \\ Драч бяжыць з-за купін:\\ – Штосьці купім,\\ Штосьці купім.\\ \\ Нават муха і камар\\ Паляцелі на базар.\\ \\ **ВЕРАБ’ЁВА ПРАМОВА**\\ А базар – як стадыён.\\ Птушак, пэўна, тут мільён.\\ Дзе бярозкі –\\ Там кіёскі,\\ Дзе дубочкі –\\ Там ларочкі.\\ Над павільёнамі –\\ Сосны з парасонамі.\\ \\ На трыбуне верабей\\ Слова мае да гасцей:\\ – Чык-чырык,\\ Свет вялік.\\ Ў добрай згодзе\\ Мы жывём,\\ У лагодзе\\ Гнёзды ўём.\\ Нашы – нівы, нашы стрэхі,\\ Нашы плёсы, нашы рэкі\\ I крутыя берагі,\\ I балоты, і лугі.\\ Добра жыць, добра жыць,\\ Ёсць што есці, ёсць што піць.\\ А цяпер святочным днём\\ I базар мы свой пачнём.\\ \\ **ХТО ШТО КУПЛЯЎ**\\ Дзятлы-друкары\\ Прадаюць буквары.\\ Мчыцца да прылаўка\\ Шэрая галка:\\ – Буквароў мне трэба восем,\\ Бо ўжо хутка восень,\\ Пойдуць дзеці ў першы клас,\\ Гэта – раз.\\ \\ Яшчэ трэба пер’е,\\ Чыстая папера\\ I алоўкі новыя,\\ Каляровыя.\\ \\ – Колькі за кніжку?\\ – Яловую шышку.\\ Просіць берасцянка:\\ – Трэба мне чытанка.\\ \\ Жураўліха з жураўлём\\ Дзюбы ўзнялі над сталом:\\ – А навошта нам буквар?\\ Падавайце каляндар!\\ \\ Салавейка стаў на дыбачкі,\\ Ён трымае скрыпачкі.\\ Скрыпку звонкую і смык\\ Доўга выбіраў індык.\\ \\ – Каму спеўнік,\\ Каму спеўнік? –\\ Прапануе пеўнік.\\ \\ Дрозд ступае ў новых ботах.\\ – Буду я спяваць па нотах.\\ \\ Бусел абвяшчае:\\ – Хто набыць жадае\\ Дакладныя карты\\ I глобусы?\\ Адзначаны рэкі\\ I полюсы,\\ Горы, даліны,\\ Лясы і раўніны.\\ Ёсць і ўказка,\\ Калі ласка.\\ \\ – За глобус і карту я\\ Шчыра дзякую,\\ Бо без іх хоць плач, –\\ Гаворыць драч.\\ \\ Сыч вандруе па базары,\\ Ён шукае акуляры.\\ – Надакучыла днём спаць,\\ Буду я чытаць, пісаць.\\ – Пойдзем з намі, – кажуць\\ Вераб’ёвы дочкі, –\\ Мы табе пакажам\\ Аптэчныя ларочкі.\\ **КАНЦЭРТ** На трыбуне верабей\\ Слова мае да гасцей:\\ – Чык-чырык! Базар канчаем,\\ Весяліцца запрашаем.\\ \\ На эстраду выйшаў пеўнік,\\ Прад сабой трымае спеўнік:\\ – Я ку-ран-ты\\ Замяняю,\\ Як уранні\\ Заспяваю.\\ Вось які я\\ Акуратны,\\ Як куранты,\\ Як куранты.\\ \\ А за пеўнікам індык,\\ Скрыпку ён нясе і смык.\\ Ён смычком па струнах водзіць,\\ Песеньку сваю заводзіць:\\ \\ – Куды я? Куды я? –\\ Даганяю каня.\\ Даганю, даганю,\\ Дам вымову каню,\\ Дапяку ажно да слёз,\\ Аж да слёз:\\ Ты навошта з’еў авёс,\\ Мой авёс?\\ \\ Тут на ўвесь прастор вялікі\\ Заігралі музыкі.\\ \\ Затрубілі жураўлі,\\ Гусі бубны узялі.\\ \\ – Нам не трэба\\ Кладак, броду,\\ Дайце ходу\\ Карагоду.\\ Мы танцуем,\\ Мы спяваем,\\ А драпежных\\ Не прымаем.\\ Ляці міма,\\ Злы каршук.\\ Не бяром цябе у круг.\\ Хто сумленны –\\ Той наш госць.\\ Во якая весялосць!\\ \\ 1962 г.\\ \\ Крыніца: Пысін А. Збор твораў. У 2 т. Т.2. Паэмы, творы для дзяцей, пераклады. – Мн.: Маст. літ., 1989. – 254 с. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/аляксей-пысін/аляксей-пысін-домскі-арган]] * [[творы/аляксей-пысін/творчасць-аляксея-пысіна]] * [[творы/аляксей-пысін/аляксей-пысін-туман]] * [[творы/аляксей-пысін/аляксей-пысін-пісьмо-птушак]] * [[творы/аляксей-пысін/аляксей-пысін-забыта-многае-ў-жыцці]]