~~META: title = Алесь Якімовіч — Хітры воўк &keywords = воўк, лесу, авечкі, авечак, бацька, ваўкі, чарада, гляджу, думаю, аблавы &abstract = Чытаць апавяданне Алеся Якімовіча "Хітры воўк" &iftrue = True ~~ ====== Алесь Якімовіч — Хітры воўк ====== //(Расказ былога пастушка)// Пра ваўкоў расказваюць рознае. Звычайна ў такіх расказах усе яны – дурні. Бо хіба ж няпраўда? Ачэпяць паляўнічыя чырвонымі сцяжкамі месца аблавы – ваўкі і мітусяцца ў аблозе як апантаныя, пакуль не трапяць пад кулі. Здагадацца, што шпагаціна са сцяжком нават для мышы не перашкода, яны не могуць. Мы ўжо не гаворым тут аб тых ваўках-дурнях, якімі запоўнены нашы казкі.\\ Але, відаць, не ўсе ваўкі – дурні. Ёсць і разумныя. Аднаго такога я бачыў сам на свае вочы.\\ Было гэта так.\\ Мой бацька пасвіў калгасных авечак. А я сяды-тады бегаў у поле, падмяняў яго.\\ Аднаго разу бацька прыхварнуў. Давялося мне аднаму гнаць чараду.\\ Дзень быў цёплы, сонечны, авечкі пасвіліся спакойна, а я плёў кош з лазы. Усё ішло як мае быць.\\ Адвячоркам чарада падышла да лесу. Там, на папары, шмат пустазельнай бярозкі расло. Я прысеў на грудку, паглядаючы на сонца. Апусціцца яно, думаю, за лес, тады і паганю дахаты.\\ Раптам бачу – авечкі шуганулі ад лесу, збіліся ў кучу. Што ж гэта напалохала іх?\\ Гляджу, аж там воўк. Вушы тырчком, хвост падагнуты. Сам жывога ваўка я не сустракаў. Але бачыў, калі іх паляўнічыя прывозілі ў калгас пасля ўдалай аблавы.\\ Я так і ўмлеў ад страху.\\ Тым часам воўк павярнуўся назад і – скок-скок, як авечка, у бок лесу. Скокне разы два-тры, азірнецца і зноў далей.\\ Што ён вытварае, нягоднік? – думаю. А можа, гэта не воўк?\\ Гляджу, авечкі асмялелі. Мэкаюць. Аб нечым быццам раяцца паміж сабою.\\ Потым бачу – адна замэкала прызыўна і патрухалася да лесу. За ёй другая, трэцяя. А там і ўся чарада.\\ Ці не здурнелі яны?\\ А воўк усё скача гэтак, падахвочваючы авечак. Калі ж авечкі падбеглі бліжэй да лесу, ён адвярнуўся і сігануў да чарады...\\ Я закрычаў:\\ – Туйга! Туйга!..\\ Але было ўжо позна. Воўк схапіў самую першую авечку, закінуў яе на спіну і – толькі яго і бачылі. Чарада зноў шарахнулася назад. Цяпер-то, відаць, авечкі разабраліся, хто іх вабіў бліжэй да лесу.\\ Увечары бацька спачатку пасварыўся на мяне: як гэта я, разявака, загледзеўся на воўчыя хітрыкі і не прагнаў яго з поля! А потым, як адышла ў яго злосць, расказаў, што такімі хітрыкамі ваўкі не раз спрабавалі ашукаць авечак і раней. Яны, бач, ведаюць, што авечкі не баяцца таго ваўка, які ўцякае ад іх. А калі ж яшчэ гэты воўк і танцуе перад імі, як свая родная сястра, дык уцякаць ад яго тым больш няма рахубы. А можа, яны проста бягуць за ваўком, каб лепш разгледзець, хто іх напужаў? Хто іх ведае.\\ Даўно гэта было, а я і цяпер часта ўспамінаю той выпадак, калі чытаю або слухаю апавяданні і казкі пра дурных ваўкоў.\\ \\ 1960 г. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/алесь-якімовіч/алесь-якімовіч-аладкі]] * [[творы/алесь-якімовіч/алесь-якімовіч-байка-пра-казла]] * [[творы/алесь-якімовіч/алесь-якімовіч-аўтамат]] * [[творы/алесь-якімовіч/алесь-якімовіч-вераб-ёвы-госці]] * [[творы/алесь-якімовіч/алесь-якімовіч-смелы-васька]]