~~META: title = Алесь Якімовіч — Зімоўка звяроў &keywords = бык, хата, баран, гусак, свіння, певень, будаваць, пусці, хатка, дзед, падумаў, знайшоў, пачуў &abstract = Руская народная казка "Зімоўка звяроў" (Апрацоўка А.Н. Талстога, пераклад з рускай мовы А. Якімовіча) &iftrue = nan ~~ ====== Алесь Якімовіч — Зімоўка звяроў ====== //Руская народная казка ў апрацоўцы А.Н. Талстога.\\ Пераклад з рускай мовы А. Якімовіча//\\ \\ У дзеда з бабай былі бык, баран, гусак ды певень і свіння.\\ Вось дзед і кажа бабе:\\ – А што, баба, певень нам не так і патрэбен, зарэжам яго к святу!\\ – Ну што ж, зарэжам.\\ Пачуў гэта певень і ўцёк уночы ў лес. Назаўтра дзед шукаў, шукаў – не знайшоў пеўня. Увечары зноў кажа бабе:\\ – Не знайшоў я пеўня, прыйдзецца нам свінню закалоць!\\ – Ну, закалі свінню.\\ Пачула гэта свіння і ўцякла ўночы ў лес.\\ Дзед шукаў, шукаў свінню – не знайшоў:\\ – Прыйдзецца барана зарэзаць!\\ – Ну што ж, зарэж.\\ Баран пачуў гэта і кажа гусаку:\\ – Уцякайма ў лес, а то зарэжуць і цябе і мяне!\\ I ўцяклі баран з гусаком у лес. Выйшаў дзед на двор – няма ні барана, ні гусака. Шукаў, шукаў – не знайшоў.\\ – Што за дзіва! Уся жывёла звялася, адзін бык застаўся. Давядзецца, відаць, быка зарэзаць.\\ – Ну што ж, зарэж.\\ Пачуў гэта бык і ўцёк у лес.\\ Улетку ў лесе прыволле. Жывуць сабе ўцекачы – гора не ведаюць. Але мінула лета, надышла зіма.\\ Вось бык пайшоў да барана:\\ – Што ж, брат, пара надыходзіць сцюдзёная – трэба хату будаваць.\\ Баран яму адказвае:\\ – У мяне кажух цёплы, я і так перазімую.\\ Пайшоў бык да свінні:\\ – Хадзем, свіння, хату будаваць!\\ – А мне хоць які мароз – я не баюся: зарыюся ў зямлю і без хаты перазімую.\\ Пайшоў бык да гусака:\\ – Гусак, хадзем хату будаваць!\\ – Не, не пайду. Я адно крыло падсцялю, другім накрыюся – мяне ніякі мароз не пройме.\\ Пайшоў бык да пеўня:\\ – Давай хату будаваць!\\ – Не, не пайду. Я зіму і так пад елкаю пераседжу. Бык бачыць – справы кепскія. Трэба аднаму турбавацца.\\ – Ну, – кажа, – вы як хочаце, а я пачну хату ставіць. I збудаваў сабе хатку адзін. Запаліў у печы і палежвае, грэецца.\\ А зіма настала халодная, пачалі прыціскаць маразы. Баран бегаў, бегаў, сагрэцца не можа – і пайшоў да быка:\\ – Бэ-э!.. Бэ-э! Пусці мяне ў хатку!\\ – Не, баран. Я цябе клікаў хату будаваць, дык ты: сказаў, што ў цябе кажух цёплы, ты і так перазімуеш.\\ – А калі не пусціш, дык я разганюся, выб’ю дзверы – табе ж будзе холадна.\\ Бык думаў, думаў: «Давай пушчу, а то замарозіць ён мяне».\\ – Ну, заходзь.\\ Баран увайшоў у хату і каля печкі на лаўку лёг.\\ Неўзабаве прыбегла свіння:\\ – Pox! Pox! Пусці мяне, бык, пагрэцца!\\ – Не, свіння. Я цябе клікаў хату будаваць, дык ты сказала, што табе хоць які мароз – ты ў зямлю зарыешся.\\ – А не пусціш, я лычом усе вуглы падрыю, тваю хату абярну!\\ Бык падумаў, падумаў: «Падрые вуглы, аберне хату».\\ – Ну, заходзь.\\ Убегла свіння ў хату і залезла ў склеп, пад падлогу.\\ За свіннёю гусак ляціць:\\ – Гагак! Гагак! Бык, пусці мяне пагрэцца!\\ – Не, гусак, не пушчу! У цябе два крылы, адно падсцелеш, другім накрыешся – і так перазімуеш.\\ – А не пусціш, дык я ўвесь мох са сцен выскубу!\\ Бык падумаў, падумаў і пусціў гусака. Зайшоў гусак у хату і сеў на прыпек.\\ Праз нейкі час прыбягае певень:\\ – Ку-ка-рэ-ку! Бык, пусці мяне ў хату!\\ – Не, не пушчу. Зімуй у лесе пад елкаю.\\ – А не пусціш, дык я ўзлячу на гарышча, усю зямлю са столі зграбу, у хату холаду напушчу!\\ Бык пусціў і пеўня. Уляцеў певень у хату, сеў на жэрдку і сядзіць.\\ Вось яны жывуць сабе упяцярых – пажываюць. Даведаліся пра гэта воўк і мядзведзь.\\ – Хадзем, – кажуць, – у хатку, усіх зьямо, самі будзем Там жыць.\\ Сабраліся і прыйшлі. Воўк кажа мядзведзю:\\ – Ідзі ты першы, ты дужэйшы.\\ – Не, я непаваротлівы, ты больш шустры за мяне, ідзі ты першы.\\ Воўк і пайшоў у хатку. Толькі ўвайшоў – бык рагамі яго да сцяны і прыпёр. Баран разбегся – ды трах, трах! – ваўка па рэбрах, А свіння са склепа крычыць:\\ – Рох-рох-рох! Нажы вастру, сякеры вастру, з жывога ваўка шкуру злуплю!\\ Гусак яго за бакі шчыпле, а певень бегае па жэрдцы ды крычыць:\\ – Так, так, так, куд куды, падавайце яго сюды! I ножык тут, і гужык тут... Тут яго і зарэжу, тут яго і падвешу!\\ Мядзведзь пачуў крык – ды ходу. А воўк тузаўся, тузаўся, ледзьве вырваўся. Дагнаў мядзведзя і расказвае:\\ – Ой, што мне было! Траха не забілі!.. Як усхапіўся мужычышча ў чорным армячышчы ды мяне віламі да сцяны і прыпёр. А крыху меншы мужычок, апрануты ў шэры армячок, мяне абухом па рэбрах, ды ўсё абухом па рэбрах. А яшчэ меншы за таго, у беленькім каптанчыку, мяне абцугамі за бакі хапаў. А самы маленькі мужычок, у чырвоным халаціку, бегае па жэрдцы ды крычыць: «Так, так, так, куд куды, падавайце яго сюды! I ножык тут, і гужык тут... Тут яго і зарэжу, тут яго і падвешу!» А з пад падлогі яшчэ нехта як закрычыць: «Нажы вастру, сякеры вастру, з жывога шкуру злуплю!»\\ Воўк і мядзведзь з таго часу да хаткі і блізка не падыходзілі.\\ А бык, баран, гусак ды певень і свіння жывуць там, пажываюць і гора не знаюць. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/алесь-якімовіч/алесь-якімовіч-аўтамат]] * [[творы/алесь-якімовіч/алесь-якімовіч-хітры-воўк]] * [[творы/алесь-якімовіч/алесь-якімовіч-аладкі]] * [[творы/алесь-якімовіч/алесь-якімовіч-байка-пра-казла]] * [[творы/алесь-якімовіч/алесь-якімовіч-вераб-ёвы-госці]]