~~META: title = Алесь Якімовіч — Дапамога &keywords = пеця, ваня, бегаць, ігнат, васільевіч, патрэбна, класе, хутчэй, дапамагаю, часта, слабак, мялешка &abstract = Чытаць апавяданне Алеся Якімовіча "Дапамога" &iftrue = nan ~~ ====== Алесь Якімовіч — Дапамога ====== Стрымліваючы хваляванне, Пеця націснуў на званок. Дзверы расчыніліся, і ён убачыў высокага хударлявага мужчыну.\\ – Вы да мяне?\\ Пеця збянтэжыўся. Не чакаў гэтага «Вы».\\ – Вас Ігнатам Васільевічам зваць? Вы франтавік?\\ – Усё правільна, малады чалавек.\\ Пеця зусім разгубіўся.\\ – Я Пеця Сіняк. Сіняк-слабак у класе клічуць, – нечакана прызнаўся ён. – Гэта Ваня Мялешка прыдумаў...\\ Ігнат Васільевіч пасадзіў Пецю ў мяккае крэсла, сам сеў насупраць.\\ – Цябе, відаць, са школы прыслалі, каб дапамагаў мне, ветэрану.\\ – Ага, – кіўнуў галавою Пеця.\\ Ігнат Васільевіч усміхнуўся:\\ – А чаму цябе слабаком называюць?\\ Пеця апусціў вочы, пачырванеў да вушэй.\\ – Я самы слабы ў класе, бо часта хварэю... Вам, напэўна, не патрэбна мая дапамога?\\ – Патрэбна, Пеця, вельмі патрэбна, – сказаў Ігнат Васільевіч. – Ты хварэеш часта – бяда ў цябе. I мне кепска. Сэрца баліць. Дактары раяць бегаць. Але боязна аднаму. Давай разам бегаць.\\ – Зімою? – не паверыў Пеця. – Холадна ж!\\ – Хіба ты не хочаш мне дапамагчы?\\ Пеця ўздыхнуў і мусіў пагадзіцца:\\ – Добра. Няхай будзе па-вашаму.\\ Непрыкметна мінула зіма. Неяк у класе пачалі прыгадваць, хто як ветэранам дапамагае.\\ – Я Ігнату Васільевічу бегаць дапамагаю, – пахваліўся Пеця.\\ Ваня Мялешка засмяяўся:\\ – Слабак бегаць дапамагае!.. Ха-ха-ха...\\ Крыўдна стала Пецю. Скончыліся ўрокі, і ён, падышоўшы да Вані, гучна, каб усе чулі, сказаў:\\ – Давай навыперадкі паспрабуем. Пабачым, хто з нас слабак...\\ На школьны стадыён пайшлі ўсім класам.\\ – Колькі кругоў пабяжым? – запытаўся Пеця.\\ – І аднаго хопіць, – адмахнуўся Ваня.\\ Пабеглі. Вырваўся Ваня ўперад. Пеця за ім трымаецца, не адстае. Ваня хутчэй, і ён хутчэй. Перад апошняй павароткай рвануўся, ураз Ваню абагнаў. Ваня сышоў з бегавой дарожкі і напрасткі, праз школьны стадыён, дахаты падаўся.\\ А сябры абступілі Пецю, здзіўляюцца:\\ – Дзе ж ты гэтак бегаць навучыўся?\\ – Я ж вам казаў, што Ігнату Васільевічу бегаць дапамагаю. Хворы ён. Дактары параілі, каб бегаў. I я заўсёды побач з ім... ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/алесь-якімовіч/алесь-якімовіч-хітры-воўк]] * [[творы/алесь-якімовіч/алесь-якімовіч-аладкі]] * [[творы/алесь-якімовіч/алесь-якімовіч-байка-пра-казла]] * [[творы/алесь-якімовіч/алесь-якімовіч-вераб-ёвы-госці]] * [[творы/алесь-якімовіч/алесь-якімовіч-аўтамат]]