~~META: title = Алесь Якімовіч — Байка пра казла &keywords = баба, казла, казёл, воўк, памяні, карміў, дзедам, матаў, варыў, кашу, хату, казлоў, лясок, паліў, падмятаў &abstract = Чытаць "Байку пра казла" Алеся Якімовіча &iftrue = nan ~~ ====== Алесь Якімовіч — Байка пра казла ====== У бабулькі у Агаты\\ Жыў стары казёл рагаты,\\ \\ Гэткі сівенькі,\\ Сівагрывенькі.\\ \\ I разумны ж быў:\\ Сам ваду насіў,\\ \\ Сам у печы паліў,\\ Сам і кашу варыў,\\ Бабу з дзедам карміў,\\ \\ Барадой матаў –\\ Хату падмятаў.\\ \\ Шмат казёл рабіў і шкоды –\\ Лазіў часта ў агароды,\\ \\ Пасвіўся у полі –\\ У аўсе найболей.\\ \\ А за полем быў лясок, –\\ Ён відаць казлу здалёк.\\ \\ Вось казёл у лес ідзе:\\ – Што там смачнае расце?\\ \\ Можа, у лесе густа\\ Вырасла капуста?\\ \\ Ходзіць ён па ельніку,\\ Бродзіць па бярэзніку, –\\ \\ Ні капусты, ні салаты\\ Не знаходзіць барадаты.\\ \\ Раптам нехта штурх у бок:\\ – А, папаўся,галубок!\\ \\ Я даўно цябе чакаю,\\ Ўсё на поле паглядаю...\\ \\ Тупнуў наш казёл нагой:\\ – Хто ты, гэтакі герой?\\ Будзем дужацца з табой!\\ \\ – Няма часу! – кажа воўк\\ I схапіў казла за бок.\\ \\ – Бэ-э, – казёл тут забляяў\\ I, як сноп, на мох упаў...\\ \\ Баба палку узяла\\ Ды пайшла шукаць казла.\\ \\ Пахадзіла па палях,\\ Па балотах, па лугах,\\ \\ Заглянула і ў лясок.\\ Бачыць: спіць пад елкай воўк.\\ \\ – Гэй, – спытала у ваўка, –\\ Ці не бачыў казялка?\\ \\ Прахапіўся сонны воўк:\\ – А які твой казялок?\\ \\ – Козлік сівенькі,\\ Сівагрывенькі,\\ \\ Барадаценькі\\ Ды рагаценькі...\\ \\ Шэры воўк зарагатаў:\\ – Як жа, як жа – спатыкаў:\\ \\ Ля дарогі\\ Бачыў рогі,\\ \\ Ля маста –\\ Шматок хваста...\\ \\ Баба ўголас: – О-ё-ёй!\\ А казельчык жа ты мой!\\ \\ Хто ж цябе са свету збыў?\\ Каб яго пярун забіў!\\ \\ Села баба на клапа,\\ Паехала да папа.\\ \\ – Ах ты, бацюхна-папок,\\ Дам табе я піражок,\\ \\ Што сама яго спякла:\\ Памяні майго казла,\\ \\ Казла сівага,\\ Сівагрывага,\\ \\ Барадатага\\ Ды рагатага!\\ \\ – Ой ты, баба дурная,\\ Хто ж казлоў памінае?\\ \\ Людзі рэжуць казлоў,\\ Як цялят ці бараноў,\\ \\ З шкуры шыюць боты...\\ – Што ты, бацька, што ты?\\ \\ Мой казёл не просты быў:\\ Па ваду ён сам хадзіў,\\ \\ Сам у печы ён паліў,\\ Сам і кашу варыў,\\ Мяне з дзедам карміў,\\ \\ Барадою матаў –\\ Хату падмятаў.\\ \\ Дам яшчэ рубля. Прашу,\\ Памяні яго душу!\\ \\ – Мала, баба, мала:\\ Прыбаў трохі сала.\\ \\ Баба сала дала,\\ Памянуў поп казла. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/алесь-якімовіч/алесь-якімовіч-аўтамат]] * [[творы/алесь-якімовіч/алесь-якімовіч-вераб-ёвы-госці]] * [[творы/алесь-якімовіч/алесь-якімовіч-смелы-васька]] * [[творы/алесь-якімовіч/алесь-якімовіч-хітры-воўк]] * [[творы/алесь-якімовіч/алесь-якімовіч-аладкі]]