~~META: title = Алесь Салавей — Ты &keywords = табой, цябе, слова, вінавайцу, блакітныя, любоў, непакорнаму &abstract = Чытаць верш Алеся Салаўя "Ты" &iftrue = nan ~~ ====== Алесь Салавей — Ты ====== I лясы, і лугі, і блакітныя нівы,\\ неба – вечная сінь, дол – зяленіва шоўк.\\ Гэта – Ты. I чаму я з Табой нешчаслівы?\\ I чаму я жыцця без Цябе не знайшоў?\\ \\ За любоў да Цябе я пакутаваць мушу,\\ а ў разлуцы з Табой – існаваць, а не жыць,\\ і за слова сваё дзесь у негадзь, ці ў сушу,\\ як за слова Тваё – галавой налажыць...\\ \\ I ў глыбінях душы нараджаецца сіла,\\ гнеў – тэй сіле імя, і прарочыць яна:\\ за любоў да Цябе – непакорнаму – крылы,\\ за разлуку з Табой – вінавайцу – труна.\\ \\ Непакорнаму – Ты і блакітныя гоні,\\ вінавайцу з труны – галавы не ўздымаць.\\ На шырокіх шляхох старадаўнай Пагоні\\ парыванняў Тваіх "ні разбіць, ні стрымаць!"\\ \\ 1937 – 1942 ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/алесь-салавей/алесь-салавей-лясы-узгоркі-паплавы]] * [[творы/алесь-салавей/там-на-пякельным-таку-дзе-цапамі-малоцяц]] * [[творы/алесь-салавей/алесь-салавей-пад-шэлесты-лісця]] * [[творы/алесь-салавей/алесь-салавей-спі]] * [[постаці/алесь-салавей]]