~~META: title = Алесь Салавей — Сын &keywords = айчына, стан, свет, mori, memento, жыцця, жыта, радзіўся, град, навальніца, дзіцяці, горы, маці, імкне, трывозе, прытулак &abstract = Чытаць паэму Алеся Салаўя "Сын" &iftrue = nan ~~ ====== Алесь Салавей — Сын ====== **1** Бядой прыгноблены твой стан,\\ мая пакутная айчына.\\ Красу растурзвае злачынна\\ працемрай шчорнены гаман.\\ Здабыць святло, развеяць зман\\ ты здому выправіла сына...\\ Нясцерпны боль, пахілы стан\\ і слёзы, мора слёз, айчына!\\ **2** Яны, закулі што цябе,\\ шукаюць троп твайго дзіцяці.\\ Нясплямнасць ганьбяць у пракляцці –\\ у зацямрушанай кляцьбе.\\ Ці-ж у няроўнай барацьбе\\ устоіць сын – спадзея маці?\\ Ці смерць асочвае цябе\\ заўчаснай смерцяю дзіцяці?\\ **3** А ў сэрцы голас: – “Хай няма\\ людзей з табой, а толькі горы,\\ няхай прытулак твой – у горы\\ без варты змрочная турма, –\\ цябе не згнібе ціхама\\ няўхільнасці memento mori.\\ Мужней, будзь гартным, хай няма\\ цяпла, а толькі лёд і горы”. –\\ **4** I нястрыманы кліч: – Дармо\\ імгла ўсясвет варуша зманам,\\ не замаўчаць балючым ранам –\\ не знеміць іх акоў ярмо!\\ А гарт – зарання пераймо:\\ не будзе дом красы забраным!\\ Нарузе – небыт, і дармо\\ прытулак твой хмурнее зманам.” –\\ **5** I словы ласкі: – “Чую, сын,\\ на свет ідзе-імкне нашчадак.\\ Няхай не мірсціцца на спадак\\ шчарсцвелы грунт чужых краін;\\ нясі-ж, каб род не йшоў на згін,\\ у дом, свой дом святло й парадак;\\ мой сын-дзіцё і бацька-сын *,\\ на свет ідзе-імкне нашчадак!" –\\ **6** На свет насуплівы імкне,\\ як я, выношваны ў трывозе.\\ Ды на бязвыйсцевай дарозе\\ у неспагаднай старане\\ у вокны радасць не зірне –\\ нядоля стогне на парозе...\\ А нястрыманае імкне –\\ і не закуць яго ў трывозе!\\ **7** Ці над зямлёю дождж, ці град,\\ ці не сціхае навальніца,\\ ці сонца ўсцешана іскрыцца,\\ ці тужыць месяц-светласпрат –\\ на шыр жыцця з нявольных крат\\ нястомна шлях куе крыніца,\\ і не саб’е з яго ні град,\\ ні зімаў лёд, ні навальніца...\\ **8** Душы трывожнай неспакой –\\ уся і ўцеха, і багацце...\\ Я горка плакаў, як пры ўтраце,\\ за наш, айчына, хлеб з вадой,\\ за болесці дачкі тваёй\\ і за твае – за мукі маці.\\ Няўжо трывожны неспакой –\\ адзіны скарб наш і багацце?\\ **9** ...Ледзь толькі дрэвы за вакном\\ у маладой лісцве-убранні\\ спаткалі дзень, а промень ранні\\ праз шыбы кпіў над вашым сном,\\ здалося мне, збудзіўся дом:\\ – “Радзіўся сын!” – і прывітанні...\\ – “Радзіўся сын!” – і за вакном\\ цвілі сады ў красе-убранні.\\ **10** I я адчуў: шляхі мае\\ мінулі засцлівую хмару.\\ А сын пад мужным лётам чару\\ вырослым поруч паўстае,\\ рукам спачыну не дае,\\ перамагаючы прымару,\\ шляхі ягоныя й мае\\ выводзяць нас на шыр за хмару.\\ **11** А там, дзе быў утульны дом,\\ і там, дзе скарб спяліла жыта, –\\ руінаў шчэрбы, і прыбіта\\ зямля ўраджайная дажджом.\\ Мой сын з нязгасным светлым днём\\ кладзе цагліны працавіта –\\ і вырастае новы дом,\\ і ў полі скарбы спеле жыта.\\ **12** Знікае мор ярэмных мук,\\ жыццё плыве на хвалях славы.\\ Будуе моцны мур дзяржавы\\ цвярозы розум, сіла рук.\\ А следам змена – дужы ўнук\\ прастуе ў свет шляхамі явы...\\ Каб ты не знаў ярэмных мук,\\ мой род, мацуй здабыткі славы!..\\ **13** Прарочу: выпрастаеш стан,\\ мая цярплівая айчына.\\ З плячэй тваіх спадзе руіна –\\ нямы цяжар балючых ран.\\ Не зломіць бураў акіян\\ будаўнікоў – і бацьку й сына.\\ Для іх не сплямлены твой стан\\ і ты – жыццё для іх, айчына.\\ **14** Табе-ж адданага жыцця\\ не знае хай memento mori.\\ Ягоны крок – не шуст у зморы,\\ не траваў шэпт, не шам трысця:\\ а бацька-сын і сын-дзіця\\ ідуць здалець злыбед хаморы!\\ I пад нясхільнясцяй жыцця\\ схіляецца memento mori.\\ \\ 1947\\ \\ * Прыгадай словы [[постаці/уладзімір-жылка|Уладзіміра Жылкі]]: «I зблытаў я, мой краю-войча, хто бацька быў, а хто быў сын...» («[[творы/уладзімір-жылка/уладзімір-жылка-тастамент|Тастамент]]») (Аўт.) ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/алесь-салавей/алесь-салавей-лясы-узгоркі-паплавы]] * [[творы/алесь-салавей/алесь-салавей-спі]] * [[творы/алесь-салавей/алесь-салавей-пад-шэлесты-лісця]] * [[творы/алесь-салавей/там-на-пякельным-таку-дзе-цапамі-малоцяц]] * [[постаці/алесь-салавей]]