~~META: title = Алесь Салавей — Маці сына чакае з вайны &keywords = Салавей, вайна &abstract = Чытаць верш Алеся Салаўя "Маці сына чакае з вайны" &iftrue = nan ~~ ====== Алесь Салавей — Маці сына чакае з вайны ====== Маці сына чакае з вайны\\ у пакрыўленай хатцы-вязніцы.\\ Без сыночка ёй доўгія дні,\\ прыйдзе ночка — матулі не спіцца.\\ \\ Ўецца думак дакучлівы рой,\\ без пары галава пасівела.\\ «Сынку родны, саколік ты мой,\\ што за доля цябе там сустрэла?\\ \\ Быццам колас забыты, адна\\ век старэчы я ўжо дажываю.\\ Людзі сеюць (настала вясна).\\ Ну, а я — балазе, што жывая...\\ \\ Хто мне вестку пра сына падасць?\\ Мо хіба толькі пушча ці зоры?\\ Я пыталася ў іх, ды ці раз,\\ толькі мне яны штось не гавораць...\\ \\ Ты прыйдзі, дарагі мой сынок,\\ паглядзі, як мне цяжка жывецца.\\ Не надоўга — то хоць на дзянёк,\\ мо суцішыцца боль майго сэрца».\\ \\ Безнадзейна, матуля, яго\\ клічаш ты на дзянёк хоць у госці:\\ ты не вернеш сыночка свайго,\\ як не вернеш свае маладосці.\\ \\ На прасторах далёкіх, чужых,\\ пад зялёнай пахілай ракітай,\\ на траве нежывы ён ляжыць\\ там, палаткай паходнай накрыты.\\ \\ А як смерці вянок над ім звіс,\\ і ў жыцці не было больш патрэбы —\\ раз астатні зірнуў ён увысь,\\ у бяздонне блакітнага неба.\\ \\ Зіхацела чырвоным агнём\\ брыльянціста-ружовае сонца.\\ Гэтак некалі сонечным днём\\ зіхацела на роднай старонцы.\\ \\ I прыпомніў, бядак, Беларусь,\\ дарагія палі, сенажаці,\\ травяністы луговы абрус...\\ I прыпомніў гаротную маці...\\ \\ Дык не кліч жа, матуля, яго,\\ да цябе ён не прыйдзе у госці:\\ ты не вернеш сыночка свайго,\\ як не вернеш свае маладосці...\\ \\ 12.06.1942 ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/алесь-салавей/алесь-салавей-пад-шэлесты-лісця]] * [[творы/алесь-салавей/алесь-салавей-лясы-узгоркі-паплавы]] * [[творы/алесь-салавей/алесь-салавей-спі]] * [[постаці/алесь-салавей]] * [[творы/алесь-салавей/там-на-пякельным-таку-дзе-цапамі-малоцяц]]