~~META: title = Алесь Салавей — Звіняць званы святой Сафіі &keywords = Салавей, звіняць, званы, святы, Сафія &abstract = Чытаць паэму Алеся Салаўя "Звіняць званы святой Сафіі" &iftrue = nan ~~ ====== Алесь Салавей — Звіняць званы святой Сафіі ====== //Юрку Віцьбічу//\\ **1** Вітанне, космасу прастор!\\ Нішто мне нейкі перавал там!\\ Ad astra слынных лётаў створ\\ узнёс мяне на зайздрасць Альпам;\\ шугнуў удаль, як метэор,\\ з найноўшай зброі пальнуў залпам...\\ Ты не мінеш смяротных ран,\\ пантэра хіжая, тыран!\\ **2** I папярхнуўся спеў застольны,\\ і чорнай сцёк упыр крывёй;\\ змярцвеў гармідар беспатольны,\\ прад сконам гаркнуўшы савой.\\ А над Дзвіною горад стольны\\ схіліўся думнай галавой,\\ і, ўскалыхнуўшыся ў стыхіі,\\ загуў змагарны звон Сафіі. \\ **3** З канцоў паўстала даўніна,\\ з аддаляў выйшаў год за годам;\\ і адпаўзла ў нябыт мана,\\ і вечны скон прыйшоў нягодам.\\ А непакорная Дзвіна\\ плыве з былым і з новым згодам,\\ і новым днём гудзе здавён\\ Святой Сафіі грымны звон.\\ **4** Святляр жыцця, цямняр агоній\\ і неўміручасці сімптом —\\ няўціхны звон. Гудзьбе ягонай\\ званы астатнія гуртом\\ утораць згодай неўгамоннай:\\ Дзын-дум! Бам-бом! Дзын-дум! Бам-бом!\\ Сваё паўторнае світанне\\ спаткаць выходзьце, крывічане!\\ **5** Звініць Святой Сафіі дар,\\ не моўкне збытая надзея.\\ Займай пасад свой, валадар,\\ нашчадак слаўны Чарадзея!\\ Паслухай: звону кажны ўдар —\\ жыцця вялікшая падзея.\\ Хай здрада б’ецца ў цвердзь ілбом...\\ Дзын-дум! Бам-бом! Дзын-дум! Бам-бом! \\ **6** Звіняць званы Святой Сафіі —\\ гамоніць збуджаная даль,\\ ірвуцца путы векавыя,\\ і ломіцца кайданаў сталь.\\ Нясуць законы вечавыя\\ сумлення чыстага крышталь\\ людству, зямлі, святлом спавітай,\\ крывёю праўднаю здабытай.\\ **7** Званы звіняць. Шумяць на ўтор\\ лясы Крывіччыны блакітнай;\\ вітае іх Птушыны Top\\ сузор’ем, поле — песняй жытняй,\\ валвой — азёраў буд-гутор,\\ узбераж — казкаю ракітнай...\\ Вялікі край, шматспеўны край,\\ легендаў вечных мудры бай!\\ **8** Звіняць званы. А па далёкай\\ зямлі (там — ноч, святла — нідзе)\\ яшчэ ўсё мучыць катаў лёкай\\ выгнанца ў зморы і нудзе.\\ Ды краты нішчацца. Шырокай\\ далінай шлях-зварот вядзе\\ у сёлы ўсіх дароў на нівах,\\ у месты ўсіх званоў гуллівых.\\ **9** Званы звіняць. І гэн — з нямой\\ чужыны, горнай і бяздомнай,\\ ідзе мой брат і сябра мой —\\ змагар краіны зычназвоннай.\\ Заміны — бачыць ён — гурмой\\ над прорвай рухнулі прадоннай;\\ ён чуе — кліча вольны дом:\\ «Да-дому! Бом! Дзын-дум! Бам-бом!»\\ **10** Звіняць званы Святой Сафіі,\\ Дзвіной імчыцца бурны стром.\\ Грымяць паходы баявыя,\\ сусвет узрушыўшы суздром.\\ Зямля пяскі змяла сухія, а\\ зёры стрэслі лёд-паздром.\\ . . . . . . . . . . . . . . . . . .\\ . . . . . . . . . . . . . . . . . .\\ **11** Няма табе канца і краю,\\ абшар, прамудрасці сабор!\\ Я выйду з кола небакраю —\\ я неўтрыманасці сябёр!\\ Мяне да дум маіх — да краю\\ прымчыць найноўшых лётаў створ\\ туды, дзе ў велічнай стыхіі\\ звіняць званы Святой Сафіі.\\ \\ 1946 ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/алесь-салавей/алесь-салавей-спі]] * [[творы/алесь-салавей/алесь-салавей-пад-шэлесты-лісця]] * [[творы/алесь-салавей/алесь-салавей-лясы-узгоркі-паплавы]] * [[постаці/алесь-салавей]] * [[творы/алесь-салавей/там-на-пякельным-таку-дзе-цапамі-малоцяц]]