~~META: title = Алесь Салавей — Домік у Менску &keywords = вясна, дому, неба, зямлі, днём, туга, дзень, шляхі, вочы, ніваў, цвіці, вясне, снег &abstract = Чытаць паэму Алеся Салаўя "Домік у Менску" &iftrue = nan ~~ ====== Алесь Салавей — Домік у Менску ====== **1** Цвіці, вясна мая, цвіці!\\ З табой парываў пошуг поруч.\\ Няхай знікае ў нябыцці\\ глухіх часін туга і горыч.\\ \\ Бязмежжа ніваў калыхай,\\ пашлі ім веслівыя сокі –\\ зямлі і неба дар – няхай\\ узносіць іх узрост высокі.\\ \\ З тваёй ацвеценай красой\\ насіцьму ўсцешаную мрою:\\ на луг, аздоблены расой,\\ ступлю з праддзёнаю зарою.\\ \\ Прайду па ім гаспадаром,\\ паклон пашлю багаццю ніваў,\\ сустрэну песняю свой дом –\\ вяшчуняй спору й плённых жніваў.\\ \\ Цяпер-жа – немань, ноч над ім,\\ тугой засмучаным харомам,\\ ахутаў далі зманны дым,\\ спакой трывожаць высі громам.\\ \\ Жуда над вокнамі брыдзе,\\ круччо сядзіць на шэрых стрэхах...\\ Ты засталася у бядзе,\\ мая пакіненая ўцеха!\\ **2** А з тым харомам-домам я\\ маленькі дом успамінаю:\\ над самай Свіслачай стаяў,\\ ці сёння ён стаіць – не знаю.\\ \\ Я ў ім пражыў аднюткі дзень\\ і ёй у ім глядзеў у вочы.\\ З вакна зайздросціў нам прамень,\\ як мы, на розвіт неахвочы.\\ \\ Я голас ейны ў доме чуў –\\ той звон крыніц, нібы срабрысты.\\ Я з насалодаю адчуў\\ ягоны спеў крыштальна-чысты.\\ \\ Пабачыў працу ейных рук\\ на ўзорах, ёю вышываных.\\ Я чуў – на вулцы голскі брук\\ змаўкаў, нібы зачараваны.\\ \\ Мне помніць доўга дзень у тым\\ у доме простым, а раскошным.\\ Я мілым быў і дарагім\\ ягоным госцем – мо й апошнім.\\ \\ Бязмежна ўдзячны дому й дню –\\ няўтоме рук і сціплай працы:\\ пазнаў я з імі прасціню\\ пышнейшай над усе палацы.\\ **3** Мы нарадзіліся наўзбоч\\ здаволлем выпешчаных сцежак.\\ Сляпіла вочы цемра-ноч,\\ святлом нам быў маленькі ўзмежак.\\ \\ Мы працярэбвалі шляхі\\ да межаў дзён, заўсёды ясных, –\\ ды адшпурляў віхор ліхі\\ да ночаў вечных і заўчасных.\\ \\ Не песціў зваблены пагляд\\ зарніцаў ранніх і вячорных –\\ хмурнеў суровы гул гармат\\ сцяной дымоў – густых і чорных.\\ \\ Нязгаснасць радасці здалёк,\\ як зніца, клікала, будзіла –\\ ды прыбліжальны мужны крок\\ гняла антыхрыстава сіла.\\ \\ Мы не спыняліся, яе\\ вось-вось імкліва дасягалі...\\ Нястомна зло ланцуг куе\\ і не сціхаюць штормаў хвалі.\\ \\ Куды ні глянь – на растанёх\\ прапекла крыж пакут прыгнула.\\ I тое, чым-бы жыць я мог, –\\ адным-аднюткім днём мільгнула.\\ **4** Пакінуў з болесцяй яго –\\ ізноў паклікалі дарогі.\\ А дому йшчэ ні аднаго\\ я не знайшоў – так свет убогі.\\ \\ Як шоўк – ля дому на двары\\ краса мураваў аксамітных.\\ Як жвір – заморскія каўры\\ маіх прытулкаў нявыбітных.\\ \\ Ля дому ў пуні моцны сон,\\ як пух – і сена, і салома.\\ Як грант – чужы начлег-прыгон,\\ не адпачынак – толькі ўтома.\\ \\ Ці-ж у маёй бядзе цяжкой\\ магільны холад камяніцы\\ замене сціплы мой пакой\\ у вокнах з позіркам дзянніцы?\\ \\ Ці-ж у мужчынскіх споднях твар\\ пад голс эпохі маляваны,\\ заменіць мне яе – той чар,\\ ні з кім у свеце незраўнаны?\\ \\ I той, хто страціў дом-харом,\\ пазнаў ля сцен чужых і ўпартых:\\ палац з раскошай і дабром\\ яго, найбеднага, не варты.\\ **5** I з росным ранкам, з ясным днём,\\ і на зары, і на паўдзённі,\\ “адзіны дом, каханы дом” –\\ няўціхна сэрца б’ецца-звоне.\\ \\ Граніц мінаючы драты,\\ брыдзе мой лёс гарбатым дзедам.\\ “Каханы ты, адзіны ты” –\\ утораць сэрцу думкі следам.\\ \\ Званочкі-краскі, васількі.\\ Ці-ж то яны? Яны-ж – далёчы.\\ Між іх мільгаюць матылькі.\\ А ў думках – толькі дом і вочы.\\ \\ Рамонкі – безліч, безліч іх!\\ Адна краса – палі і ўзмежкі.\\ А мне здаецца – вочаў тых\\ глыбокі смутак і... усмешкі.\\ \\ Маркотны шлях. I пад ступой\\ скрыпяць пяскі, бы снег аб полаз.\\ Я не спаткаюся з табой\\ і больш не чуцьму ейны голас.\\ \\ Ізноў палі. I бялізна\\ садоў-гаёў; на сэрцы – склока:\\ вакол вясна, цвіце вясна,\\ а вы... не блізка – так далёка...\\ **6** “Драўляны дом, блакітны дом!\\ Маіх найлепшых мар прытулак.\\ Ці так-жа ўсё сваім вакном\\ глядзіш на вузенькі завулак?\\ \\ “Ці шчасцем ты сваім багат,\\ ці шашаль сцены твае губіць?\\ Ці так-жа ўсё зялёны сад\\ тваю ідылію галубіць?\\ \\ “Скажы ты мне, скажы ты мне,\\ дзе зараз тая, што начамі\\ малілася сваёй вясне –\\ такая... з сінімі вачамі?\\ \\ “Ці ёй цяпер, як і тады,\\ ад нечага ўсё сумна, цяжка?\\ Як пражывае малады\\ свой век прыгожая манашка?\\ \\ “Што з ёй цяпер? Свой ціхі сум\\ яна ў вачох па мне ці носіць?\\ Гаротнасць цяжкіх яе дум\\ каго развеяць яна просіць?\\ \\ “Драўляны дом, пястуй свой сон,\\ гадуй у садзе свой спачынак.\\ Ты мар найлепшых пантэон,\\ адзіны дум маіх прыпынак”.\\ **7** О, незабыўныя радкі\\ майго калегі М. Сяднёва!\\ Вы дум цвяцістыя вянкі,\\ цытую вас я слова ў слова.\\ \\ Я з вашым аўтарам пра вас\\ успамінаў у Беластоку,\\ і з вамі я тужыў ці раз\\ ля водаў Рыскае затокі;\\ \\ і праз далейшыя шляхі\\ былі вы песняю адзінай;\\ ступаў я з вамі праз імхі\\ лясоў Эстоніі гасціннай;\\ \\ і пры наслані – дымных днёх –\\ былі вы знічкай успаміну,\\ жылі ўва мне ў трывожных снох\\ і ў бамбасховішчах Берліну.\\ \\ Ды Reich’у згін не пахіснуў\\ і не паставіў на калены;\\ мяне ад вас не адхіснуў\\ і стогн руін агністай Вены.\\ \\ Як з вамі я, вы ідзяцё\\ за мной па скалах Альпаў хмурых.\\ I вы, як дом, – маё жыццё,\\ мая нясхільнасць у віхурах.\\ **8** Як дом над Свіслачай-ракой –\\ найсціплы скарб мае сталіцы,\\ так згадка – плач тугі, якой\\ цяпер трымцяць і вёснаў гліцы.\\ \\ Адпорны сіберным вятром –\\ ён частка цэлага харому,\\ ды мне цяпер – бы сам харом,\\ нібы мой дом самога дому.\\ \\ Яна-ж у ім – яна жыла,\\ мо й сёння зносе ў ім няўцеху,\\ і пад крывавым пеклам зла\\ не знае радасці і смеху.\\ \\ Мо ў тундрах, мо сярод пяскоў\\ нясе пакрыўдны здзек сваволі –\\ і па слядох яе бацькоў\\ далей грыміць ланцуг няволі...\\ \\ Туга салодкая мая\\ даўно зы мною не сябруе,\\ а ў сэрцы джгаліць, як змяя,\\ і ў ёй, нібы ў вагні, гару я.\\ \\ I дакарае мне: – “Чаму-ж\\ і дом, і ў ім яе пакінуў?\\ Няхай-бы ты – і смел, і дуж –\\ харобрым рыцарам загінуў”. –\\ **9** Ты дакарай мне, дакарай,\\ мая туга – неўтаймаванасць!\\ Бясслаўна я пакінуў край.\\ А дзе-ж ахвярная адданасць?..\\ \\ На дол, сцякаючы крывёй,\\ спадала чэрапная каска.\\ Ішла-паўзла на змену ёй\\ чырвонасплюшчаная маска.\\ \\ Адна прад сконам: – “О, mein Gott” –\\ і смерць на месцы спатыкала.\\ – “Даёшь! Дави его, вперёд!” –\\ другая побач не змаўкала.\\ \\ А дом... Яна – ці-ж гэта сон? –\\ сказала ветліва і цвёрда:\\ – “Ідзі!” – бы грайкіх струнаў звон\\ прагуў распачлівым акордам.\\ \\ – “На край і неба, і зямлі\\ ідзі, а злыбядам не дайся.\\ Адтуль, дзе толькі ў снох былі,\\ непераможаным вяртайся”. –\\ \\ Яна сказала ў доме мне –\\ і я паслухаўся наказу.\\ ...Была вясна. Маёй вясне –\\ заўсёды жыць, бы казцы-сказу.\\ **10** А беларуская вясна –\\ я не знайшоў нідзе ёй роўных.\\ Краса на ўсёй зямлі – адна,\\ ды шмат у ёй аздоб чароўных.\\ \\ I рознасць іхная ў вясне –\\ і ў тэй вясне харому-дому...\\ Як першы цёплы дзень блісне,\\ марозу весцячы утому, –\\ \\ гарыць крыштальны, чысты снег,\\ і дзень, як сонца, – прамяністы.\\ Ледзь кропля звонкая зы стрэх\\ спадзе, маўляў змарагд агністы, –\\ \\ і ажывае свет красы:\\ і дол, і неба – зоры й зоры;\\ і прачынаюцца лясы,\\ гамоняць рэкі і вазёры;\\ \\ снягі струменямі вады\\ да іх імкнуцца нястрымліва,\\ плывуць і крышацца ільды,\\ пад сонцам таюць зігатліва.\\ \\ Яшчэ руцвянаю травой\\ не ўскрыты ўзрэччы і пралескі,\\ а пад нябёснай сінявой цвітуць\\ блакітныя пралескі.\\ **11** Пяшчоту весніх абыймоў\\ зямля ўдыхае шырай-шырай.\\ Шпакі вяртаюцца дамоў –\\ не вабіць іх далёкі вырай;\\ \\ лятуць у свой харом – у ім\\ найбольш, як дзе, цяпла й раздолля...\\ I з днём праменна-залатым\\ п’юць дрэвы сок святла й здаволля.\\ \\ Цвіце, адцвітвае гарэх.\\ Снягі зыйшлі. А дол – пад беляй:\\ Сё пух асінавы, бы снег,\\ кладзецца лёгкаю пасцеляй.\\ \\ Дымнее пахкая ралля –\\ ёй сейбіт зерне дорыць-сее.\\ Пчала спяшае да вулля.\\ Блакіт насупліва хмурнее.\\ \\ Разважна крочыць першы гром\\ за хмарна-змрочнымі дзвярыма.\\ Зямля, абмытая дажджом,\\ буяе пышнасцяй кілімаў.\\ \\ Зноў адчыняе дзверы выш,\\ рвучы суцэлле хмар на болкі, –\\ зіяе з іх праменны спіж\\ дугой шматколернай вясёлкі...\\ **12** Вясна праводзіла ў шляхі,\\ дзяліла смутак разьвітання.\\ Над ёй глуміліся штыхі –\\ зняслаўцы ейнага світання.\\ \\ I прэч, губляючы сяброў,\\ спяшалі захаду вандалы.\\ I зноўку неслі здзек і кроў\\ сыны усходняе навалы.\\ \\ Агнём пяклі адны адных\\ і агрызаліся агнямі.\\ Распачы крык, апошні ўздых –\\ нат ночы зблыталіся з днямі.\\ \\ Як лістапад, спадала з дрэў\\ вясна, адцвілая заўчасна;\\ і сам харом шугаў гарэў,\\ гарэў, здавалася, нязгасна;\\ \\ схаваўся ў дыме і агні\\ і дом зруйнованай сталіцы...\\ I доўга йшчэ ў далячыні\\ займаўся полыск палавіцы.\\ \\ Жаўрэў крывёю небакрай –\\ куды ні йшоў я і ні ехаў...\\ Вялік шырокі свет-бяскрай –\\ бясконцы шлях пакут-няўцехаў.\\ **13** За дом, за пышную вясну\\ ішоў і йду, і не спынюся.\\ Павекаў стомных не зымкну\\ у несціханай завірусе.\\ \\ Мае цярністыя шляхі\\ вядуць да дзён, заўсёды ясных, –\\ не адшпурне віхор ліхі\\ да ночаў цёмных і заўчасных.\\ \\ Шукае спрагнены пагляд\\ зарніцаў ранніх і вячорных.\\ Сьціхае строгі гул гармат\\ і кане дым – густы і чорны.\\ \\ О, нездарма зара здалёк\\ мяне і клікала й будзіла:\\ пад прыбліжальны мужны крок\\ трасецца злыдніцкая сіла.\\ \\ Само сабе ланцуг куе\\ прапекла й зло пад штормаў хвалі.\\ Я не згубіў зары – з яе\\ вачэй не зводзіў у навале.\\ \\ I на апошніх растанёх\\ хай не зымкаюцца павекі,\\ каб тое, чым я жыць не змог,\\ было маім – было навекі.\\ **14** I з росным ранкам, з ясным днём –\\ і на зары, і на паўдзённі –\\ цябе я помніў, дом-харом,\\ цябе я помню і сягоння.\\ \\ Твая аздоба пекнаты –\\ і па-над полем, і на полі.\\ Каханы ты, адзіны ты,\\ ты мне не быў чужым ніколі!\\ \\ Ішоў праз далеч нацянькі,\\ ступаў апоўдні, апаўночы,\\ у жыце бачыў васількі,\\ мне ў іх яе зіялі вочы.\\ \\ Стаптаў ці мала мурагоў,\\ пераступаў, мінаў узмежкі –\\ да незабыўных берагоў\\ мяне вялі яе усмешкі.\\ \\ I верыў: ёй не быць рабой!\\ I прыйсце блізкае вяшчую:\\ няўхільна ўбачуся з табой\\ і голас ейны зноў пачую.\\ \\ Сустрэне цвецень-бялізна\\ усіх садоў, адыйдзе склока.\\ Вакол вясна, цвіце вясна –\\ і вы так блізка, недалёка.\\ **15** Цвіці, вясна мая, цвіці!\\ З табой парываў пошуг поруч.\\ Няхай знікае ў нябыцці\\ глухіх часін туга і горыч.\\ \\ Бязмежжа ніваў калыхай,\\ пашлі ім веслівыя сокі –\\ зямлі і неба дар – няхай\\ узносіць іх узрост высокі.\\ \\ З тваёй ацвеценай красой\\ здзяйсняю ўсцешаную мрою:\\ на луг, аздоблены расой,\\ іду з праддзённаю зарою.\\ \\ Прастую ў даль гаспадаром,\\ паклон нясу багаццю ніваў.\\ Цябе вітаю песняй, дом –\\ вяшчуняй спору й плённых жніваў.\\ \\ Пад сонцам светла-маладым\\ і нада мной, табой – харомам –\\ не засціць неба трутны дым,\\ блакіт развеяў хмары громам.\\ \\ А поруч нас яна ідзе,\\ аб ёй і водгалас – як рэха...\\ Цябе не кінуў у бядзе, мая\\ нястрачаная ўцеха!\\ \\ 1944-1945 ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/алесь-салавей/там-на-пякельным-таку-дзе-цапамі-малоцяц]] * [[творы/алесь-салавей/алесь-салавей-спі]] * [[творы/алесь-салавей/алесь-салавей-лясы-узгоркі-паплавы]] * [[творы/алесь-салавей/алесь-салавей-пад-шэлесты-лісця]] * [[постаці/алесь-салавей]]