~~META: title = Алесь Разанаў — Танец з вужакамі &keywords = танец, дзве, становіцца &abstract = Версэт Алеся Разанава "Танец з вужакамі" &iftrue = nan ~~ ====== Алесь Разанаў — Танец з вужакамі ====== Змаганне захоплівае мяне: яно разнявольвае ўсе мае здольнасці, яно абуджае ўсе мае сілы, яно становіцца танцам, яно становіцца святкаваннем, яно тчэ з маіх рухаў свой непаўторны ўзор.\\ Я ашчаджаюся ад яго. І чакаю яго.\\ А з мора ўжо вынырнулі дзве вужакі – дзве неспатольныя пометы.\\ Яны апантана накідваюцца на мяне, абкручваюць слізкімі шчыльнымі звівамі, пстрыкаюць джаламі ў самы твар...\\ Я аддзіраю іх ад сябе, я душу іх рукамі, тапчу нагамі, кручуся, уюся, крычу...\\ Навокал, з усіх бакоў, збіраюцца гараджане.\\ Нібыта прыцягнутыя магнітам, яны глядзяць на мой адчайны міжбой, на мае пагібельныя вымогі...\\ – Якое відовішча!.. – у захапленні, я чую, гамоняць яны. – Мы першы раз назіраем такі напружаны рытм, мы першы раз бачым такі выкшталцоны танец.\\ \\ \\ Крыніца: Разанаў А. Танец з вужакамі: Выбранае Мн Маст. літ., 1999. – 462 с. – (Беларускімі паэзія ХХ стагоддзя). ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/алесь-разанаў/алесь-разанаў-радзіма]] * [[творы/алесь-разанаў/алесь-разанаў-арышт-кастуся-каліноўскага]] * [[творы/алесь-разанаў/алесь-разанаў-рагнеда]] * [[творы/алесь-разанаў/творчасць-алеся-разанава]] * [[творы/алесь-разанаў/алесь-разанаў-вецер]]