Інструменты карыстальніка

Інструменты сайта


творы:алесь-разанаў:алесь-разанаў-стары-горад

Гэта старая версія дакумента!


Алесь Разанаў — Стары горад

На ацішэлых падворках, ля гонты і чарапіцы, квітнее ружовы і белы бэз і асвятляе сваім цвіценнем, сваім разуменнем горад, што паглыбляецца ў даўніну.
Кашлаты дзядоўнік натоўпіцца каля паркана:
кожная лапушына — шаля,
кожная лапушына — голас,
кожная лапушына — далонь:
наноў разважае зялёнае веча, наноў узважвае думнае веча кошт смерці і кошт жыцця…

Пакінулі апошнія жыхары свае дамы-мураванкі, свае драўляныя хаты з аканіцамі і ліштвой і ўсё, што мелі, што нажывалі, што памяталі, што снілі, пабралі ў пярэбары, у перасяленне, у новы кут…
Ды нехта ўсё роўна сюды вяртаецца неадольна,
нешта ўсё роўна тут, быццам колісь, жыве:
тут раптам зазвоняць званы трывожна,
зацокаюць раптам падковы па бруку,
раптам дзіця заплача,
раптам некага нехта пакліча, і той адгукнецца ў адказ…
Тут пласт на пласце, на падмурку — падмурак.
Тут свае таямніцы, свой радавод, свой лад.
Тут нешта тоіцца, нешта хаваецца, нешта ўхіляецца ад разгляду…
Падводзіцца да старога горада вузкакалейка.
Па старым горадзе ходзяць узброеныя патрулі.

Падобныя старонкі

  • алесь-разанаў/алесь-разанаў-радзіма
  • алесь-разанаў/алесь-разанаў-рагнеда
  • алесь-разанаў/алесь-разанаў-вецер
  • алесь-разанаў/алесь-разанаў-арышт-кастуся-каліноўскага
  • алесь-разанаў/творчасць-алеся-разанава
творы/алесь-разанаў/алесь-разанаў-стары-горад.1755861098.txt.gz · Апошнія змены: 2025/08/22 11:11 — 127.0.0.1

Donate Powered by PHP Valid HTML5 Valid CSS Driven by DokuWiki