~~META: title = Алесь Разанаў — Стары горад &keywords = стары, горад &abstract = Чытаць версэт "Стары горад" Алеся Разанава &iftrue = nan ~~ ====== Алесь Разанаў — Стары горад ====== На ацішэлых падворках, ля гонты і чарапіцы, квітнее ружовы і белы бэз і асвятляе сваім цвіценнем, сваім разуменнем горад, што паглыбляецца ў даўніну.\\ Кашлаты дзядоўнік натоўпіцца каля паркана:\\ кожная лапушына — шаля,\\ кожная лапушына — голас,\\ кожная лапушына — далонь:\\ наноў разважае зялёнае веча, наноў узважвае думнае веча кошт смерці і кошт жыцця...\\ \\ Пакінулі апошнія жыхары свае дамы-мураванкі, свае драўляныя хаты з аканіцамі і ліштвой і ўсё, што мелі, што нажывалі, што памяталі, што снілі, пабралі ў пярэбары, у перасяленне, у новы кут...\\ Ды нехта ўсё роўна сюды вяртаецца неадольна,\\ нешта ўсё роўна тут, быццам колісь, жыве:\\ тут раптам зазвоняць званы трывожна,\\ зацокаюць раптам падковы па бруку,\\ раптам дзіця заплача,\\ раптам некага нехта пакліча, і той адгукнецца ў адказ...\\ Тут пласт на пласце, на падмурку — падмурак.\\ Тут свае таямніцы, свой радавод, свой лад.\\ Тут нешта тоіцца, нешта хаваецца, нешта ўхіляецца ад разгляду...\\ Падводзіцца да старога горада вузкакалейка.\\ Па старым горадзе ходзяць узброеныя патрулі. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/алесь-разанаў/алесь-разанаў-радзіма]] * [[творы/алесь-разанаў/алесь-разанаў-рагнеда]] * [[творы/алесь-разанаў/алесь-разанаў-вецер]] * [[творы/алесь-разанаў/алесь-разанаў-арышт-кастуся-каліноўскага]] * [[творы/алесь-разанаў/творчасць-алеся-разанава]]