~~META: title = Алесь Разанаў — Спадчына &keywords = перасцерагае &abstract = Чытаць версэт Алеся Разанава "Спадчына" &iftrue = nan ~~ ====== Алесь Разанаў — Спадчына ====== Калі яна цяжар – тады яна крылы,\\ калі яна вярэдзіць – тады яна гоіць,\\ калі яна знясільвае – тады дае сілу...\\ \\ – Аднак з гэтаю ношкаю ты не здолееш уступіць на неба, – перасцерагае мяне першы анёл.\\ – А без яе зноў упадзеш у мінулае, – перасцерагае другі.\\ \\ Я іх абодвух разумею.\\ Пісягі і апёкі на маім целе.\\ Віхуры клічуць мяне падужацца.\\ Зямля – частка мяне.\\ I агністыя мечы анёлаў пільна ўзіраюцца ў маю душу.\\ \\ \\ Крыніца: Разанаў А. Вастрыё стралы: Версэты, паэтычныя мініяцюры. – Мн.: Маст. літ., 1988. – 159 с. **Аналіз верша.**\\ Верш «Спадчына» (1988) – [[слоўнік/версэт|версэт]], і яго структура мала чым адрозніваецца ад іншых твораў гэтага жанру. Твор складаецца з чатырох кампазіцыйных частак. У першай, уступнай, гаворыцца пра значнасць спадчыны для чалавека: пры пэўнай умове яна набывае адпаведную ўласцівасць і аказвае на чалавека пазітыўнае ўздзеянне: Калі яна цяжар – тады яна крылы,\\ калі яна вярэдзіць – тады яна гоіць,\\ калі яна знясільвае – тады дае сілу... Для разумення ідэйнага зместу гэтага верша вельмі важным з’яўляецца першы радок, у якім увага аўтара акцэнтуецца на тоеснасці паняццяў: «спадчына», «цяжар», «крылы». Логіка першапачатковых разважанняў не дазваляе чытачу пагадзіцца са сцвярджэннем паэта, бо, як вядома, цяжар цягне да зямлі, а крылы атаясамліваюцца з палётам, адрывам ад зямлі. Алесь Разанаў як мастак слова змадэляваў іншую сітуацыю, рамантычна-ўзнёслую. Далучанасць да ўласнай спадчыны акрыляе чалавека духоўна, бо ў паняцце «спадчына» ўкладваюцца не толькі матэрыяльныя каштоўнасці, якія ўзважваюцца ў тым ліку і ў фізічным сэнсе. «Спадчына, – пісаў А. Разанаў у аднайменных аналітычных нататках, – спалучана з рэчамі, але ніколі не зводзіцца да сумы рэчаў».\\ Другая частка версэта змяшчае звернутыя да лірычнага героя перасцерагальныя рэплікі: Аднак з гэтаю ношкаю ты не здолееш уступіць на неба...\\ А без яе зноў упадзеш у мінулае... Лірычны герой не спрачаецца з анёламі – ён іх «разумее». Як паступіць – выбар за ім. Ён змагаецца з самім сабой, і змаганне гэта доўжыцца ў часе, бо на целе відаць «пісягі» (загоеныя шрамы ад былых ран) і «апёкі». На барацьбу героя клічуць «віхуры» – сімвалы свабоднага палёту, валадары паднябеснай прасторы, маніць і «зямля» – частка чалавека, з якой ён створаны.\\ Паэт не раскрываў вынік барацьбы: толькі ў апошнім сказе верша акцэнтаваў увагу чытача на агністых мячах, скіраваных на «душу» лірычнага героя. У адной са сваіх філасафем творца пісаў: «У спадчыны дзве ўстойлівыя ардынаты: яна пастаянна мінулая і пастаянна сучасная. Сваёю існасцю яна знаходзіцца ў гісторыі, але сваёю істотнасцю – у чалавечых душах». У версэце «Спадчына» аўтар запрасіў чытача далучыцца да яго разважанняў і прыйсці да ўласнай высновы. ===== Падобныя старонкі ===== * [[ibdc.ped>спадчына-3991]] * [[творы/янка-купала/янка-купала-спадчына]] * [[ibdc.ped>спадчына-6262]] * [[аналіз-і-крытыка/нам-засталася-спадчына]] * [[ibdc.ped>спадчына]]