~~META: title = Алесь Разанаў — Рэчка і возера &keywords = возера, рэчка, рэчку, час &abstract = Вершаказ Алеся Разанава "Рэчка і возера" &iftrue = nan ~~ ====== Алесь Разанаў — Рэчка і возера ====== Рэчка – рух, возера – спакой, рэчка – у спрэчцы, возера – у роздуме, рэчка няўрымслівая, як рысак, возера ўстойлівае, як воз, рэчка – у сустрэчах і расставаннях, возера – у сябе дома.\\ Рэчка «рэкае», возера пазірае, рэчка – прарок, возера – празорца, у рэчку ўслухоўваецца блізкая рэчаіснасць, у возера ўглядаюцца далёкія зоркі.\\ Рэчку аточваюць карчы, возера абступаюць бярозы, па рэчцы плаваюць качкі, па возеры – лебедзі, рэчка адпрэчваецца ад усяго, што ёй трапляецца, возера ўсё збірае, рэчка – час, возера – «zero» часу, рэчка кручаная, возера роўнае, рэчка – характар, возера – сузіранне, рэчка напружана ўразаецца ў абранае рэчышча, возера зарэзервоўваецца на месцы.\\ Але з возера заўсёды чэрпаецца гэтакае самае рэчыва, як і з рэчкі, а рэчка заўсёды зараджае гэтакім самым зарадам здароўя, як і возера. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/якуб-колас/якуб-колас-каля-рэчкі]] * [[творы/эдзі-агняцвет/эдзі-агняцвет-рэчка-рэчанька-мая]] * [[творы/сяргей-грахоўскі/сяргей-грахоўскі-пачатак]] * [[творы/анатоль-грачанікаў/анатоль-грачанікаў-шарпілаўка-цячэ-ў-жыц]] * [[творы/ніна-мацяш/ніна-мацяш-жыла-была-рака]]