~~META: title = Алесь Разанаў — Радзіма &keywords = Разанаў, Радзіма &abstract = Чытаць верш Алеся Разанава "Радзіма" &iftrue = nan ~~ ====== Алесь Разанаў — Радзіма ====== Радзіма, да цябе з мальбой\\ і нараканнем\\ не скрануся.\\ Я ў весялосці не з табой,\\ з табой у роздуме і ў скрусе.\\ \\ Высвечвала бяздонным дном,\\ ў акно ўзіралася з'інела,\\ і ведзьмавала туманом,\\ і летам бабіным звінела.\\ \\ Калі будзіла весялосць?!\\ А прахаплюся — ты ўсё будзіш.\\ І мне няўцям, адкуль ты ёсць,\\ адкуль пасля з'яўляцца будзеш.\\ \\ Ты не ўмяшчаешся ў куток,\\ дзе трызніць Буг, дзе Белавежа...\\ Твае не вызначыць мне межы\\ і не намацаць твой выток.\\ \\ У свет балючы дабяла,\\ у снежны свет — мае усходы\\ ідуць: там ты... там ты была!..\\ Ты ўся наводдалі заўсёды. **Аналіз верша.** Твор, надрукаваны ў другім зборніку паэзіі А. Разанава «Назаўжды», напісаны ў форме традыцыйнага [[слоўнік/сілаба-танічнае-вершаванне|сілаба-танічнага]] вершаскладання чатырохстопным [[слоўнік/ямб|ямбам]], перакрыжаванай і кальцавой [[слоўнік/рыфмоўка|рыфмоўкай]].\\ Раскрыццё тэмы верша адбываецца праз выкарыстанне аўтарам антанімічных сцвярджэнняў, асэнсаваных меркаванняў і роздумных прызнанняў. Паэт не апяваў галаслоўную акрыленую любоў да Радзімы, а называў інтэлектуальна адабраныя сітуацыі, калі Радзіма і ён патрэбны адзін аднаму: Радзіма, да цябе з мальбой\\ і нараканнем не скрануся. Я ў весялосці не з табой,\\ з табой у роздуме і ў скрусе. Чаму так, аўтар не патлумачыў. Магчыма, таму, што ён інтэлектуал і роздум і скруха для яго душы больш звыклыя.\\ Якая Радзіма ў разанаўскім вызначэнні? Розная: бяздонная, з’інелая, чароўная, звонкая, жывая, рухомая – гэта ўсё асацыятыўныя характарыстыкі, якія ўзнікаюць пасля прачытання другой страфы, багатай мастацкімі [[слоўнік/троп|тропамі]] ([[слоўнік/эпітэт|эпітэт]], [[слоўнік/метафара|метафара]], [[слоўнік/аксюмаран|аксюмаран]] і інш.): Высвечвала бяздонным дном,\\ ў акно ўзіралася з’інела,\\ і ведзьмавала туманом,\\ і летам бабіным звінела. Адкуль прыходзіць Радзіма і дзе яе тэрыторыя? Гэта пытанне таксама падтэкстоўна гучыць у вершы. Іншыя паэты называлі яе межы, зыходзячы з геаграфічных прынцыпаў. Так, Францішак Багушэвіч пісаў у [[творы/францішак-багушэвіч/францішак-багушэвіч-прадмова-да-зборніка|прадмове да «Дудкі беларускай»]]: «Можа, хто спытае, гдзе ж цяпер Беларусь? Там, братцы, яна, гдзе наша мова жывець: яна ад Вільні да Мазыра, ад Віцебска за малым не да Чарнігава, гдзе Гродна, Мінск, Магілёў, Вільня і шмат мястэчкаў і вёсак...» Уладзімір Караткевіч эмацыянальна пытаўся і адказваў: «[[творы/уладзімір-караткевіч/уладзімір-караткевіч-беларуская-песня|Дзе мой край?]] Там, дзе вечную песню пяе Белавежа...»\\ Алесь Разанаў па-іншаму вызначыў прастору Радзімы: яе нельга атаясамліваць з пэўнымі геаграфічнымі межамі, Радзіма – паняцце духоўнае: Ты не ўмяшчаешся ў куток,\\ дзе трызніць Буг, дзе Белавежа...\\ Твае не вызначыць мне межы\\ і не намацаць твой выток. Верш «Радзіма...» літаратуразнавец Г. Кісліцына лічыць адным з «лепшых у сучаснай беларускай паэзіі на гэту тэму, які сведчыць, што разанаўскаму таленту заўсёды, пачынаючы з ранніх твораў, былі ўласцівы глыбіня і неартадаксальнасць* погляду». Сапраўды, пазіцыя А. Разанава не адпавядае агульнапрынятым поглядам, яна вылучаецца формай і зместам.\\ \\ * Неартадакса́льнасць – непрытрымліванне асноў якога-небудзь вучэння, светапогляду, непаслядоўнасць. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/алесь-разанаў/алесь-разанаў-арышт-кастуся-каліноўскага]] * [[творы/алесь-разанаў/алесь-разанаў-горад]] * [[творы/алесь-разанаў/алесь-разанаў-вецер]] * [[творы/алесь-разанаў/алесь-разанаў-рагнеда]] * [[творы/алесь-разанаў/творчасць-алеся-разанава]]