Інструменты карыстальніка

Інструменты сайта


творы:алесь-разанаў:алесь-разанаў-піла

Гэта старая версія дакумента!


Алесь Разанаў — Піла

Ці гэта ліпень, ці лістапад, у пілы — пільніца, напружаная часіна: нібы навачасны Пілат, яна заўзята дапытваецца ў ліпы, піхты, яліны, клёна адказу на адно і тое ж пытанне: у чым ісціна? — і, намерваючыся любою цаною «даплыць» да ісціны, то плаўна, а то з запалам паглыбляецца ў іхнюю сарцавіну, у іхнюю «замкавіну», але ўсялякі раз плён яе допытаў — пыл, пілавінне.
У палоне сваёй заўзятасці, сваёй паляўнічасці піла засляпляецца: яна перапалавіньвае дрэвы наскрозь, разнімае іх на палены, і там, дзе яна спадзяецца набыць большую глыбіню, яна набывае большую плыткасць, што неўзабаве заканчваецца карою, якая ледзьве ліпіць, ды голай, пустой паверхняй, і там, дзе яна спадзяецца сустрэцца з ісцінай, яна сустракаецца з парадоксам, якога ніяк не можа засвоіць і які ўвесь час перажоўвае-перапіліквае ўголас: калі глыбей, то плытчэй, калі глыбей, то плытчэй…
Піла адмаўляецца ад якой бы там ні было платы: яна аскетычна-пляскатая, і што яна п'е, тое выплёўвае.
Пілатаж у пілы просты, пілігрымка аднастайная: наперад — назад, назад і наперад, аднак яны немінуча «ўліпаюць» у запамежную рэчаіснасць канцэнтрычных кругоў і капілярных трубак і адбываюцца паводле законаў ірацыянальнай лічбы «Пі» — лічбы, якая не ведае завяршэння.

Падобныя старонкі

  • алесь-разанаў/алесь-разанаў-арышт-кастуся-каліноўскага
  • алесь-разанаў/алесь-разанаў-вецер
  • алесь-разанаў/алесь-разанаў-радзіма
  • алесь-разанаў/творчасць-алеся-разанава
  • алесь-разанаў/алесь-разанаў-рагнеда
творы/алесь-разанаў/алесь-разанаў-піла.1755861098.txt.gz · Апошнія змены: 2025/08/22 11:11 — 127.0.0.1

Donate Powered by PHP Valid HTML5 Valid CSS Driven by DokuWiki