Інструменты карыстальніка

Інструменты сайта


творы:алесь-разанаў:алесь-разанаў-пчала

Гэта старая версія дакумента!


Алесь Разанаў — Пчала

Пчала нікога не чапае сама, але калі нехта чапае яе альбо той церам, у якім жытлуе яе радзіна, яна не шкадуе жыцця, караючы — і лечачы ад сваволі — крыўдзіцеля, апякаючы яго сваім роспачным пацалункам.
Пчала — чалядніца працы, і на чале летняга дня, ведучы яго за сабою, яна вылятае ў поле, у луг, у сад, цешачы іх сваім прылётам, тым, што пачаўся дзень і што яна, пчала, пачала паломнічаць.
Увесь дзень пчала зносіць у вулей, у яго каморы, падпечкі і ночвы, праз яго чалеснікі і атворы, тое, што яна возьме ў поля, у луга, у саду,— узятак, і тое, што яны ёй дадуць,— уздатак, адводзячы адпачынку ноч.
Пчалу нельга забіваць: яна — пЧАЛа, у ёй захоўваецца чалавечы пачатак, і людзі шануюць яе, як чалавека.
Пчала мае справу з самымі прыгожымі, з самымі чулымі, з самымі духмянымі стварэннямі — кветкамі, але ў глыбіні яе існавання тоіцца плач.

Падобныя старонкі

  • алесь-разанаў/алесь-разанаў-радзіма
  • алесь-разанаў/алесь-разанаў-рагнеда
  • алесь-разанаў/алесь-разанаў-вецер
  • алесь-разанаў/творчасць-алеся-разанава
  • алесь-разанаў/алесь-разанаў-арышт-кастуся-каліноўскага
творы/алесь-разанаў/алесь-разанаў-пчала.1755861098.txt.gz · Апошнія змены: 2025/08/22 11:11 — 127.0.0.1

Donate Powered by PHP Valid HTML5 Valid CSS Driven by DokuWiki