~~META: title = Алесь Разанаў — Пчала &keywords = Разанаў, пчала &abstract = Чытаць вершаказ "Пчала" Алеся Разанава &iftrue = nan ~~ ====== Алесь Разанаў — Пчала ====== Пчала нікога не чапае сама, але калі нехта чапае яе альбо той церам, у якім жытлуе яе радзіна, яна не шкадуе жыцця, караючы — і лечачы ад сваволі — крыўдзіцеля, апякаючы яго сваім роспачным пацалункам.\\ Пчала — чалядніца працы, і на чале летняга дня, ведучы яго за сабою, яна вылятае ў поле, у луг, у сад, цешачы іх сваім прылётам, тым, што пачаўся дзень і што яна, пчала, пачала паломнічаць.\\ Увесь дзень пчала зносіць у вулей, у яго каморы, падпечкі і ночвы, праз яго чалеснікі і атворы, тое, што яна возьме ў поля, у луга, у саду,— узятак, і тое, што яны ёй дадуць,— уздатак, адводзячы адпачынку ноч.\\ Пчалу нельга забіваць: яна — пЧАЛа, у ёй захоўваецца чалавечы пачатак, і людзі шануюць яе, як чалавека.\\ Пчала мае справу з самымі прыгожымі, з самымі чулымі, з самымі духмянымі стварэннямі — кветкамі, але ў глыбіні яе існавання тоіцца плач. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/алесь-разанаў/алесь-разанаў-радзіма]] * [[творы/алесь-разанаў/алесь-разанаў-рагнеда]] * [[творы/алесь-разанаў/алесь-разанаў-вецер]] * [[творы/алесь-разанаў/творчасць-алеся-разанава]] * [[творы/алесь-разанаў/алесь-разанаў-арышт-кастуся-каліноўскага]]