~~META: title = Алесь Разанаў — Парог &keywords = Разанаў, парог &abstract = Чытаць верш "Парог" Алеся Разанава &iftrue = nan ~~ ====== Алесь Разанаў — Парог ====== Парог урос у зямлю, струхлеў...\\ Я б'ю па парозе нагою — з яго сыплецца парахня.\\ Але гэткі ён толькі зверху, далей ён трывалы, далей ён моцны — і шашаль яго не стачыў, і цвіль яго не збуцвіла,\\ — О, яму безліч гадоў,— кажа брат— I высечаны ён з дрэва, якога цяпер няма ўжо, — са шчырага дрэва, і высечаны людзьмі, якіх гэтаксама няма...\\ Мы не ўваходзім у хату: у ёй жылі нашы дзяды, у ёй жылі прадзеды нашы, а мы стаім на парозе, на шчырым парозе, і адчуваем, што мы гэтаксама парог, да якога — няма нас, і пасля якога — няма...\\ Ёсць месца ў набытку і месца ў страты.\\ Дзе растлумачыцца чалавеку, хто ён такі?\\ Хаты чакаюць, што вернуцца людзі.\\ Пыл ацярушваецца на парозе.\\ Калі мы са светам — мы супраць свету,\\ калі мы з прыродай — мы супраць прыроды,\\ калі мы з родам — мы супраць роду...\\ Мінулае тоіцца ў змроку, будучыня — у светлыні. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/алесь-разанаў/алесь-разанаў-вецер]] * [[творы/алесь-разанаў/алесь-разанаў-арышт-кастуся-каліноўскага]] * [[творы/алесь-разанаў/творчасць-алеся-разанава]] * [[творы/алесь-разанаў/алесь-разанаў-радзіма]] * [[творы/алесь-разанаў/алесь-разанаў-рагнеда]]