~~META: title = Алесь Разанаў — Лес &keywords = Разанаў, лес &abstract = Чытаць вершаказ "Лес" Алеся Разанава &iftrue = nan ~~ ====== Алесь Разанаў — Лес ====== У лесе ўсё пазрасталася і паспляталася: лісце, галіны, камлі, карэнне, зямныя лёхі,— ледзь закранецца нешта адно, адгукнецца другое.\\ Лес пачынаецца адразу за аселіцай, за сялом, за сялібай, і насяляюць яго істоты, якія не ўмеюць жыць у сялібе — мядзведзі, ваўкі, лісы, ласі, лесуны.\\ Калісьці ў лесе жылі і людзі, але, палюбіўшы бяспеку болей, чым небяспеку, пляскатае болей, чым звілістае і галінастае, адасобіліся ад яго: між імі і лесам — адлегласць, і гэтая адлегласць не дазваляе, каб лес увайшоў у сялібу; калі ж усё -такі ён уваходзіць альбо ўязджае ў яе на калёсах, дык як паляўнічы здабытак, як балясіны і як бёрны, якія карнаюцца па людской мерцы лёзамі піл і сякераў і з якіх выбудоўваецца яна сама.\\ Сяліба — дом: у ёй усё відавочна і ўсё вядома, лес — лёс: у ім усё хістка і пакручаста, і, каб аднойчы сустрэцца з лёсам і даведацца пра саміх сябе нешта такое, што здзівіць і ўразіць іх саміх, людзі блукаюць па сцежках, якія ім сцеле пад ногі лес, і лезуць у глухамань, у сляпыя нетры, бо — на якой бы прыступцы жыццёвае лесвіцы ні давялося стаяць чалавеку — знадворку заўсёды ён гэтакі, як сяліба, а знутры гэтакі, як лес.\\ Летапіс і летапісец — лес памятае, што было летась і пазалетась, і безліч гадоў таму назад: якая часіна была ласкавейшая,якая слязлівейшая і якая балеснейшая, ён памятае нават тое, што будзе пасля, бо ад таго, які ён сягоння — знясілены ці ў сіле, у пялёстках ці ў плесені,— залежыць наступнасць.\\ Над лесам бліскаюць ясныя бліскавіцы, над лесам ляскаюць бязлітасныя перуны. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/алесь-разанаў/алесь-разанаў-арышт-кастуся-каліноўскага]] * [[творы/алесь-разанаў/алесь-разанаў-вецер]] * [[творы/алесь-разанаў/алесь-разанаў-радзіма]] * [[творы/алесь-разанаў/алесь-разанаў-рагнеда]] * [[творы/алесь-разанаў/творчасць-алеся-разанава]]