~~META: title = Алесь Разанаў — Карона &keywords = карона, бацькі, брата, сястра, брат, падворак, ўкрасці, ўкралі, залатая, карону &abstract = Чытаць версэт Алеся Разанава "Карона" &iftrue = nan ~~ ====== Алесь Разанаў — Карона ====== Уранні карона знайшлася, а ўдзень яе ўкралі.\\ Яна была залатая – і злыя суседзі зайздросцілі нашай хаце: за што ім даецца гэткае шчасце – яны такія ж, як мы.\\ \\ Маўчаць платы і вароты.\\ Перамяшчаюцца ўпотай цені.\\ Бацькі не знаходзяць ад роспачы месца: і хто мог падумаць, што за каронай сочаць...\\ \\ Я пералажу праз плот у суседскі, зарослы травой, падворак, дзе жылі калісьці брат і сястра.\\ Былі б яны сёння тут – я расказаў бы ім пра сваё няшчасце, якое магло стаць шчасцем, я расказаў бы ім пра карону, якую не ўпільнаваў.\\ \\ Але падворак глухі: няма ні сястры, ні брата.\\ Дзесьці, дзе зараз яны жывуць, таксама няма і мяне для іх.\\ Брат мае сястру, сястра мае брата, а я маю тое, кім ёсць.\\ \\ А ўжо гукаюць-шукаюць мяне бацькі па сядзібе нашай.\\ «Знайшлася ў другі раз карона, – кажуць яны. – Тая была залатая, а гэтая модная, але ўсё роўна карона, і зноў на тым самым месцы – у лебядзе... Золата ўкрасці зладзеі ўкралі, а ўкрасці карону саму не здолелі: вось яна...»\\ \\ \\ Крыніца: Разанаў А. Вастрыё стралы: Версэты, паэтычныя мініяцюры. – Мн.: Маст. літ., 1988. – 159 с. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/алесь-разанаў/алесь-разанаў-арышт-кастуся-каліноўскага]] * [[творы/алесь-разанаў/алесь-разанаў-радзіма]] * [[творы/алесь-разанаў/творчасць-алеся-разанава]] * [[творы/алесь-разанаў/алесь-разанаў-вецер]] * [[творы/алесь-разанаў/алесь-разанаў-рагнеда]]