~~META: title = Алесь Разанаў — Карані &keywords = Разанаў, карані &abstract = Чытаць вершаказ "Карані" Алеся Разанава &iftrue = nan ~~ ====== Алесь Разанаў — Карані ====== Карані пакараныя: гэткая іхняя карма — рыць дол, урывацца ў цемру, быць катаржнікамі.\\ Але ніхто ніколі не чуў ад іх ні скаргі, ні наракання — яны крэўныя з самым вышэйшым, з сонечным пачаткам PA, і памятаюць вышэйшую праўду — праўду самаахвярнасці.\\ Карані кіруюцца да радовішчаў жыцця — да крыніц і, здабываючы з адмоўнага КА дадатнае PA, a ca сваёй кары — карысць, кормяць ёю дрэва.\\ Для іх няма ні свайго ранку, ні свайго вечара: ранак для іх — калі дрэва цвіце, вечар — калі яно акрываецца асенняю скрухай.\\ Там, пад зямлёю, у сваёй краіне, яны каралі, яны карануюць дрэва кронай, яны багатыя будучай радасцю, але выцягнутыя на паверхню, ляжаць як пачварныя крывыя сутаргі — курчы.\\ Карані лёгка раняцца вонкавай — рассякальнаю — сілай, аднак, перакананыя, як каран, яны не могуць скарыцца са смерцю і нерухомасцю, і нават калі дрэва гіне — з іх, з каранёў, усё роўна ўзыходзяць новыя крэўнічы — парасткі. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/алесь-разанаў/алесь-разанаў-рагнеда]] * [[творы/алесь-разанаў/алесь-разанаў-радзіма]] * [[творы/алесь-разанаў/творчасць-алеся-разанава]] * [[творы/алесь-разанаў/алесь-разанаў-вецер]] * [[творы/алесь-разанаў/алесь-разанаў-арышт-кастуся-каліноўскага]]