~~META: title = Алесь Разанаў — Дрэва &keywords = дрэва &abstract = Чытаць вершаказ "Дрэва" Алеся Разанава &iftrue = nan ~~ ====== Алесь Разанаў — Дрэва ====== Чалавек жыве ў хаце, дрэва жыве на сваім водрубе, але іхнія лёсы пароднены і паяднаны жыцці.\\ I калі жыццё аднаго адрываецца ад жыцця другога, то аднаму робіцца няўтульна і дрэнна, а другога падточвае верад: няўжо я жыву проста так, ні для кога, дарэмна?\\ \\ Дрэва ўсяго сябе аддае ў дарунак: калі яно цвіце — разлівае водар, калі зелянее — хавае ад спёкі, а потым, у верасні, і самую лістоту, якой яно ахіналася ў траўні, паволі раскідвае па наваколлі.\\ З дрэва — плады, з дрэва — дровы, але, можа, самае дарагое, што дрэва дае чалавеку, гэта сам — бескарыслівы і самаахвярны — спосаб давання: у ім — святло, у ім — хараство, у ім — здароўе.\\ \\ Чалавек ва ўсім давярае дрэву, а дрэва, што б ні здаралася з ім, усё дароўвае чалавеку.\\ Яно яго павадыр: яно ідзе са старажытнасці, з «дрэўнасці», і вядзе чалавека не ў пространь, дзе гаспадараць дарвінаўскія дэрываты, а ў праўду.\\ \\ I нават калі чалавек памірае, дрэва становіцца тым чаўном, у якім — разам з ім — ён выпраўляецца ў незваротнае вандраванне. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/алесь-разанаў/алесь-разанаў-радзіма]] * [[творы/алесь-разанаў/творчасць-алеся-разанава]] * [[творы/алесь-разанаў/алесь-разанаў-арышт-кастуся-каліноўскага]] * [[творы/алесь-разанаў/алесь-разанаў-вецер]] * [[творы/алесь-разанаў/алесь-разанаў-рагнеда]]