~~META: title = Алесь Разанаў — Горад &keywords = Разанаў, горад &abstract = Чытаць вершаказ Алеся Разанава "Горад" &iftrue = nan ~~ ====== Алесь Разанаў — Горад ====== Горад горды і высакародны: ён стаіць на высокім месцы — на ўзгорку, на грудзе, і, адгароджваючыся ад навакольнага асяродка вежамі і сцяною, не адлучаецца ад яго, а вылучаецца з яго — як яго цэнтр, сярэдзіна, сарцавіна.\\ Ён — бесперапыннае пераўтварэнне дольняга ў «горнае», мінулага ў «градучае», ён — іхнія народзіны, і таму ўсе позіркі скіроўваюцца да яго, і таму ўсе дарогі сыходзяцца ў ім, і таму ўсім крывічам і радзімічам ён нібы ўзнагарода, родны і дарагі.\\ Горад загартаваны ў горне розных нягод і прыгод, ён перагараджае ордэну і ардзе дарогу да валадарства, і калі на ўсё горла ворагі прадракаюць: «Гора — гораду!» і абрушваюць на яго град камянёў і стрэлаў, горад адказвае ім пагардай.\\ Да горада горнуцца вёскі, лясы, пасады, палі, агароды, і ён з'ядноўвае іх у радзіму, а разнаісную грамаду — смердаў, рамеснікаў, гандляроў — гуртуе ў народ.\\ I нават калі горад знішчаецца дашчэнту, згарае да гарадзішча, народ і радзіма становяцца тым радовішчам, з якога ён адраджаецца зноўку.\\ У горадзе валадарыць Рагвалод, горад радуецца Рагнедзе. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/алесь-разанаў/алесь-разанаў-вецер]] * [[творы/алесь-разанаў/алесь-разанаў-арышт-кастуся-каліноўскага]] * [[творы/алесь-разанаў/творчасць-алеся-разанава]] * [[творы/алесь-разанаў/алесь-разанаў-радзіма]] * [[творы/алесь-разанаў/алесь-разанаў-рагнеда]]