Інструменты карыстальніка

Інструменты сайта


творы:алесь-разанаў:алесь-разанаў-арышт-кастуся-каліноўскага

Гэта старая версія дакумента!


Алесь Разанаў — Арышт Кастуся Каліноўскага

Аблога…
Крокі…
Ляск…
Прыцемненыя сцены,
і дрогкай свечкі бляск,
і на парозе цені.
I месяц паўз акно
слізне, як паражэнец —
на схіл усё адно…
Як зваць вас?
Вітажэнец.
Утойваюць муры,
сцярожкі бор таемны
да іншае пары
імя яго нядрэмна.
Да іншае пары
пакінуты сякеры,
да іншае пары
сышлі касіянеры.
I запазычан край,
і аціхаюць знічы…
Хавай,
хавай,
хавай
сапраўднае аблічча!
О, наступ нематы—
нябога… выраджэнец…
I ужо знікаеш ты…
Няма ўжо…
Вітажэнец…
Ні вучняў, ні сяброў…
Сарвецца шлях памглёны..
Як волю і любоў,
дае нам час
імёны.
Учэпяцца…—
з пятлёй —
не выбіцца…—
ажэняць…
Па той бок — што па той?..
Па гэты —
Вітажэнец.
Заўжды — адзін адказ,
утойванне… змяншэнне…
Але прыходзіць час
імя і ўваскрашэння.
Усё ніты у сувой,
у заклік пагалоскі
з'яднаць —
і стаць сабой!..
Як зваць вас?
Каліноўскі.

Падобныя старонкі

  • алесь-разанаў/алесь-разанаў-горад
  • алесь-разанаў/алесь-разанаў-вецер
  • алесь-разанаў/алесь-разанаў-радзіма
  • алесь-разанаў/творчасць-алеся-разанава
  • алесь-разанаў/алесь-разанаў-рагнеда
творы/алесь-разанаў/алесь-разанаў-арышт-кастуся-каліноўскага.1755861098.txt.gz · Апошнія змены: 2025/08/22 11:11 — 127.0.0.1

Donate Powered by PHP Valid HTML5 Valid CSS Driven by DokuWiki