Гэта старая версія дакумента!
Алесь Звонак — Мой сад
Я сад вырошчваў дваццаць пяць гадоў,
Я дрэўцу кожнаму быў сябрам-панібратам.
Піў чэрвеньскіх туманаў сырадой
I постаці ствалінак тонкіх кратаў.
Расінка-кропля кожная была
Цудоўным дарам ад Пазнання Дрэва,
Дабра жывінкай, а не ядам Зла,
Слязінкай чыстай Непарочнай Дзевы,
Чый вобразу увасоблены у плоць,
Жыве, як памяць сэрца, і дагэтуль.
Я ж прагу помсты, крыўду, боль і злосць
Змяняў на долю прыкрую паэта.
Цяпер збіраю райскія плады,
Каб мог адорваць тых, хто іх не мае.
Хай д'ябал-змей спакусы і брыды
Хапае душы тых, хто гнаны з рая.
Я багаборству болей не служу,
Хоць дух нявер'я спадцішка цікуе.
Адно скажу — не перайду мяжу,
Дзе з царствам божым д'яблава мяжуе.
Мой сад жыве. А разам з ім і я,
Хоць пад карой кладзецца круг чарговы
І доля ў нас у кожнага свая, —
Фінал адзін. І ён зусім не новы.
1993
Падобныя старонкі
- алесь-звонак/алесь-звонак-курапаты
- алесь-звонак/алесь-звонак-гарбуз
- алесь-звонак/алесь-звонак-асеннія-скрыпкі
- алесь-звонак/алесь-звонак-радзіма
- алесь-звонак/алесь-звонак-дагарэла-зара-ў-небакраі