~~META: title = Алесь Звонак — З табою памяць зрошчана... &keywords = запомні, памяць, зрошчана &abstract = Чытаць верш Алеся Звонака "З табою памяць зрошчана..." &iftrue = nan ~~ ====== Алесь Звонак — З табою памяць зрошчана... ====== З табою памяць зрошчана. Нявер’е\\ Хай пажаўцелым лісцем ападзе.\\ Губляе верасень залочанае пер’е\\ I ў пераддзвер’е восені вядзе.\\ \\ Няхай. А ты запомні пералівы\\ Апоўначы раптоўных бліскавіц,\\ Нясмелы стук усхваляванай слівы\\ У глухату закрытых аканіц.\\ \\ А ты запомні мяккі жнівень, лівень,\\ Раскат грымот, маланак апаяс...\\ Тады, і толькі, ты была шчаслівай,\\ Аб немагчымым марачы падчас.\\ \\ Запомні плач самотнае каліны\\ Слязамі лістападаўскіх завей,\\ Як сэрца – птах у кіпцях сакаліных –\\ Хацела роспач выклеваць з грудзей...\\ \\ Запомні расставанне без праводзін,\\ Свіст цягніка і доўгі шлях на ўсход,\\ Усё, усё, з чым быў з табой не згодзен,\\ I нават мой раптоўны адыход...\\ \\ Не, я не зрокся даўніх спадзяванняў,\\ Скрозь дым пранёсшы чыстату душы,\\ Дзе ўсё – парыў юнацкіх хваляванняў,\\ Дзе ўсё – імкненне да крутых вяршынь...\\ \\ Запомні, што над словамі маімі\\ Не ўладны забыцця пабляклы час:\\ Я сто разоў прайду слядамі тымі.\\ Дзе ты прайшла, быць можа, толькі раз!\\ \\ 1953 ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/алесь-звонак/алесь-звонак-курапаты]] * [[творы/алесь-звонак/алесь-звонак-радзіма]] * [[творы/алесь-звонак/алесь-звонак-дагарэла-зара-ў-небакраі]] * [[творы/алесь-звонак/алесь-звонак-гарбуз]] * [[творы/алесь-звонак/алесь-звонак-мой-сад]]