~~META: title = Алесь Звонак — Вецер носіць лёгкія сняжынкі... &keywords = Звонак, вецер, сняжынкі &abstract = Чытаць верш Алеся Звонака "Вецер носіць лёгкія сняжынкі..." &iftrue = nan ~~ ====== Алесь Звонак — Вецер носіць лёгкія сняжынкі... ====== Вецер носіць лёгкія сняжынкі —\\ Гэта восень ходзіць белай павай,\\ Напявае штосьці пад сурдзінку\\ На лугах няскошанай атаве...\\ \\ Анічога! Снег яшчэ растане,\\ Познім сонцам дзень пазалацее,\\ Прыйдзе, прыйдзе нашае спатканне,\\ А за ім няхай ідуць завеі...\\ \\ Адшуміць кастрычнік жаўталісты\\ I надзене белую карону,\\ Так і ты з усмешкай прамяністай\\ Прамільгнеш у забыцця сутонне...\\ \\ Салаўю ўсё роўна — абы песня,\\ Абы сонца ды кавалак ценю.\\ Супраць буры плыць куды пачэсней,\\ Чым схіліць пакорліва калені.\\ \\ Пакручастай гэтаю дарогай,\\ Можа, я вярнуся з падарожжа,\\ З чыстым сэрцам стану ля парога,\\ Дзверы мне тады адчыніш, можа?\\ \\ Я прыйду былога напамінкам\\ Праспяваць жыццю і шчасцю славу...\\ ...Вецер носіць лёгкія сняжынкі,\\ Ходзіць восень ціха белай павай...\\ \\ 1944 ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/алесь-звонак/алесь-звонак-гарбуз]] * [[творы/алесь-звонак/алесь-звонак-курапаты]] * [[творы/алесь-звонак/алесь-звонак-мой-сад]] * [[творы/алесь-звонак/алесь-звонак-дагарэла-зара-ў-небакраі]] * [[творы/алесь-звонак/алесь-звонак-радзіма]]