~~META: title = Алесь Жук — Хто вінаваты? &keywords = дзядуля, хлеба, прабачэння, прасі, хлопчык, прабачэння, болей, бабуляй &abstract = Чытаць апавяданне Алеся Жука "Хто вінаваты?" &iftrue = True ~~ ====== Алесь Жук — Хто вінаваты? ====== Хлопчык ніяк не мог зразумець, чаго ад яго хочуць.\\ Што ён, урэшце, такое зрабіў? Вазу крыштальную разбіў? Ці новую мэблю цвіком падрапаў?.. Падумаеш, у абед скарыначкай хлеба запусціў у Рубіка – сабачку, якога падарыў яму тата. Ды і зрабіў гэта не са злосці. А так, каб не сумна было абедаць. Рубік збег з пакоя ў кухню, а ён – раз! – і кінуў. Вось і ўсё. І болей нічога.\\ Толькі дзядуля з бабуляй чамусьці адразу перасталі есці, а потым дзядуля ціха сказаў:\\ – Прасі прабачэння…\\ Хлопчык незадаволена надзьмуўся, але вылез з-за стала, падышоў да дзядулі з бабуляй і, гледзячы ў падлогу, прамармытаў:\\ – Даруйце… Я болей не буду…\\ – Не-не, – паспяшаўся спыніць хлопчыка дзядуля. – Не ў нас, а ў яго прасі прабачэння…\\ Хлопчык падышоў да Рубіка, які зашыўся ў кут каля дзвярэй і вінаватымі вачыма сачыў за ўсім, што адбывалася на кухні.\\ – Даруй мне, Рубік… Я болей не буду…\\ Але дзядуля зноў яго перапыніў:\\ – Не-не… Ты і зараз, мусіць, не зразумеў. У хлеба прасі прабачэння… У хлеба…\\ І вось гэтага хлопчык ніяк не мог зразумець. Можа, ён недачуў? Ці, можа, дзядуля агаварыўся?\\ А дзядуля быццам здагадаўся пра яго думкі, яшчэ раз пацвердзіў свае словы:\\ – Так-так, у хлеба… Падымі і прасі прабачэння…\\ Як можна прасіць прабачэння ў хлеба? Ён жа – нежывы! Не дыхае і не размаўляе. Не смяецца і не плача… Гэта ў людзей можна прасіць прабачэння. Ну, няхай нават у жывёл, у птушак – яны таксама жывыя. А ў хлеба?.. Ён кожны дзень бачыць, як кідаюць хлеб у скрынкі для смецця, проста на зямлю, у гразь… І ніхто не просіць прабачэння. А калі так робяць, значыць, хлеб – дробязь. Усё адно як той камень ці пясок… Адным словам – мёртвая рэч! А тут – прасі прабачэння…\\ Хлопчык падняў скарыначку і заплакаў: ён не ведаў, за што павінен прасіць прабачэння ў хлеба.\\ А хто вінаваты? ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/алесь-жук/алесь-жук-праклятая-любоў]] * [[творы/алесь-жук/алесь-жук-песня]] * [[творы/алесь-жук/алесь-жук-мужчыны]] * [[творы/алесь-жук/алесь-жук-паляванне-на-апошняга-жураўля]] * [[творы/алесь-жук/алесь-жук-стары-бабёр]]