~~META: title = Алесь Жук — Сок манга &keywords = Людка, Віцька, толькі, потым, добра, вечарам, матацыкл &abstract = Чытаць апавяданне Алеся Жука "Сок манга" &iftrue = True ~~ ====== Алесь Жук — Сок манга ====== Яна ведае, што падабаецца хлопцам. Віцька, самы модны хлопец з усяго двара, у якога ўжо чарнеецца на верхняй губе мяккі пушок, вадзіў яе ў кіно. Яны сустрэліся за паўгадзіны да пачатку сеанса, хадзілі пад руку па фае, разглядвалі выстаўку дзіцячых малюнкаў і фотапартрэты артыстак, – карціны і партрэты былі падвешаны на ледзь прыкметных белых нітачках і пакалыхваліся. Яны глядзелі яшчэ нейкую каляровую хроніку, якую паказвалі тут жа, у фае, для такіх, як яны, ранніх, а потым Віцька павёў яе па вузенькай крутой лесвіцы ўніз, у буфет, і яны пілі напітак, елі бутэрброды з чорнаю ікрою, стоячы за круглым, цыбатым, як і Віцька, столікам.\\ – Ты не хочаш соку манга?\\ – А які ён?\\ – Калі верыць напісанаму, з субтрапічных пладоў. Экзотыка!\\ Віцька прынёс ёй шклянку светла-жоўтай вадкасці, і яна выпіла яе – саладкаватую, крышку цягучую. I пасля было непрыемна ў роце, бы там ляжаў кавалачак паранага гарбуза, і Людцы ўсё ўспаміналася, як яны восенню выбіралі ў калгасе бульбу, жылі на ўскрайку вёскі ў адзінокае жанчыны, і яна парыла свінням гарбузы, і кожную раніцу ў хаце стаяў такі ж самы густы, саладкаваты пах.\\ У той вечар Віцька хацеў пацалаваць яе, але яна сказала, што другі раз: сяброўкі гаварылі, што з першага разу цалавацца нельга...\\ А назаўтра да іх на кватэру прыбегла худая, высокая жанчына і пачала крычаць... З яе слоў, Людка была ледзь не распусніца, якая хітрыкамі паддобрылася да яе сына і дурманіць яму галаву. Людка, здаецца, і цяпер бачыць, як дрыжыць у жанчыны густа нафарбаваная верхняя губа, – чамусьці дрыжыць толькі верхняя.\\ Потым маці крычала на Людку, а вечарам шапталася з бацькам...\\ I вось Людка жыве ў вёсачцы, якая густа зарасла бэзам і дзе, мабыць, прыгожа, калі бэз цвіце, а цяпер пуста і сумна.\\ Вечарамі, калі ў расчыненым акне драўлянае хаты-чытальні, якая замяняе клуб, пачынаюць круціць радыёлу і сыходзяцца якіх чатыры дзяўчыны і тры хлопцы, Людка ідзе на танцы. Праўда, доўга яна не танцуе, бо яе неўзабаве клічуць:\\ – Людка-а-а, ма-а-рш дадому!\\ Так клічуць з рэчкі дадому вясковыя жанчыны сваіх хлапчукоў-дашкольнікаў, і Людцы крыўдна, але яна ідзе на кліч, бо ведае, што маці напісала дзеду доўгае пісьмо, і ён, калі чытаў яго, незадаволена пазіраў на яе насцярожаным позіркам. Яшчэ Людка ведае, што дзед ніякі ёй не дзед, а брат яе сапраўднага дзеда, якога спалілі ў вайну немцы. Але маці называе гэтага дзедам, і Людка таксама. Людка памятае, як ён жыў некалі ў іхнім горадзе і працаваў бухгалтарам, – яна тады любіла дурэць з ім і хадзіць гуляць на вуліцу, – а потым ён пайшоў на пенсію, паехаў у вёску да незамужняе старэйшай сястры.\\ Сястра яго верыць у бога і ўдзень і вечарам чытае «святыя» кнігі ў пажоўклых, абтрапаных вокладках. Яна адна з усёй вёскі пабаялася «саграшыць», і таму ў хаце няма электрычнасці, а пакуль вячэраюць – гарыць газавая лямпа.\\ Ужо лежачы ў ложку, Людка чуе абрыўкі песень і музыкі, ціхенька плача. А потым прыходзіць добры чараўнік, і яна ўцякае з ім далёка-далёка...\\ Яна ўжо была ўцякла раз адна... у гумно, на сена, і дзед падняў паўвёскі пакуль суседскі хлапчук не падказаў, дзе ўцякачка.\\ Пасля гэтага з яе пачалі пасмейвацца на вёсцы, і Людка, узяўшы кнігі, на цэлы дзень сыходзіць з дому на рэчку. I там, сярод густых лазнякоў, загарае на вільготным, халаднаватым аеры, купаецца, чытае або проста доўга-доўга глядзіць, лежачы на спіне, у рэдзенькі, расплаўлены сонцам блакіт неба, – пакуль не засне.\\ Людка любіць быць на рэчцы да самага захаду сонца. Тады ад вёскі, якая стаіць на ўзгорку, аж да самае рэчкі сцелюцца доўгія выцягнутыя цені, а паветра робіцца тугім, свежым, і моцна пахне рэчкаю, поплавам.\\ I так прыемна ісці, ступаючы босымі нагамі на халодным, зялёным аксаміце, а потым – ужо на ўзгорку – па цёплай, пяшчотнай пудры дарожнага пылу!\\ Яна ішла паволі, як заўсёды, крыху апусціўшы галаву, і валасы амаль закрывалі яе твар.\\ – Добры вечар, русалка.\\ Яна павярнула галаву, паглядзела на матацыкліста – ён ехаў побач.\\ – Добры вечар.\\ – Давай падвязу. Ці старога баішся?\\ – Не баюся. Баюся, што твой вослік не пацягне.\\ – Баіцеся? – усміхнуўся ён.\\ – Я не баюся!\\ – Тады садзіся.\\ Ужо калі пад’язджалі да вёскі, ён запытаў:\\ – Хочаш паглядзець, як бегае вослік?\\ – Хачу, – адказала яна.\\ I матацыкл, пакінуўшы вёску ўбаку, памчаў па прамым уезджаным прасёлку, здаецца, проста ў чырвань захаду.\\ У Людкі закружылася галава, перахапіла дых, халацік агаліў ногі і трапятаў на ветры, – яна баялася нават паварушыцца, каб абцягнуць яго.\\ – Ну як?\\ Ён спыніў матацыкл, аглянуўся. Яна не паспела апамятацца і не магла нічога прамовіць, толькі глыбока і часта дыхала, таропка прыкрывала халацікам ногі.\\ Ён завярнуў матацыкл.\\ – Цяпер не трэба так хутка, – ціха папрасіла яна.\\ – Не буду. А ты хочаш навучыцца ездзіць?\\ – Хачу. Толькі баюся.\\ – Заўтра магу ўкрасці цябе з рэчкі, каб не ведаў стары.\\ – Добра, толькі я злезу тут і пайду, каб ён не бачыў сёння. I скажы, як цябе завуць.\\ – Шура. А цябе?\\ – Людка... Люда.\\ – Да заўтра, Людка-Люда.\\ – Да заўтра.\\ I яна доўга глядзела ўслед матацыклу.\\ Вечарам Людка не пайшла нікуды, не плакала цішком, а заснула амаль адразу і сніла чараўніка, чамусьці ў клятчатай рубашцы з закасанымі рукавамі, загарэлага, з гаркаватаю ўсмешкаю ў куточках вуснаў і лёгенькім шрамам на шчацэ...\\ \\ Трава пад бярозаю доўгая, бліскучая і халаднаватая. На ёй так прыемна ляжаць і глядзець у далёкае неба. Салодка туманіцца ў галаве, і самі па сабе заплюшчваюцца вочы...\\ Яна ціхенька гладзіць яго руку. Ён сядзіць побач і нервова курыць, потым кідае недакурак, нахіляецца над ёю: у сініх вачах і чаканне, і боязь, і пакорлівасць – усё разам, і вочы заплюшчваюцца, а грудзі пачынаюць узнімацца часцей...\\ Ён закурвае зноў і глядзіць на дзяўчынку, якая перастае быць дзіцем, у якой ужо прачынаецца жанчына. I як трывожыць яе незнаёмае, шчымліва-салодкае, страшнае адчуванне, што нешта змяняецца ў жыцці, прыходзіць такая вялікая і важная перамена! I ўспомніў другую, таксама наіўна-шчаслівую, і як страшна было ўпотайкі прыходзіць да яе, і як добра дваім ад адчування, што яны звязаны ўжо навечна!.. Ужо тры гады, як яна пакінула яго, першая, Рыта. А ён, як у помсту ёй, прыходзіць да жанчын, груба, нахабна, і не толькі да такіх, якія разумеюць, што яму патрэбна ад іх і для якіх усё намнога прасцей, чым для гэтае Людкі-Люды.\\ Яна ляжыць нерухома, нібы нечага яшчэ чакае, і яму робіцца няёмка за сябе і добра, што ён не быў з ёю, як з іншымі, добра, што яна так і засталася Людкаю-Людаю.\\ Яна рэзка адварочваецца, закрывае твар рукамі і плача.\\ – Ну што з табою, русалка? – ён адчувае, што голас у яго вінаваты.\\ – Я люблю... люблю цябе!.. Аднаго... А ты... – з адчаем выдыхае яна.\\ Ён паднімае яе за плечы, прытуляе да грудзей, гладзіць валасы, нібы супакойвае хворае дзіця, і ціхенька цалуе ў лоб і вочы.\\ – I я люблю цябе, дурнічка.\\ Яна ўсхліпвае цішэй і пытае:\\ – Праўда?\\ – Вядома...\\ – Не хлусіш? – яна ўжо не плача. – На той год я прыеду да цябе... А пасля – да маіх... У іх вочы на лоб!..\\ I яна ўсміхаецца, і ў вачах свецяцца гарэзлівыя іскрынкі.\\ Ён таксама ўсміхаецца.\\ – Можа, дадому паедзем, а?\\ – Паедзем, толькі завязеш мяне на рэчку, а вечарам у клуб прыйдзі.\\ – Лепш не трэба. А заўтра махнём на лясное возера. Там у мяне лодка...\\ – Добра, добра. Я буду слухацца цябе.\\ Ноччу яму не спалася. Мажліва таму, што за акном была чорная, душнаватая цемень – збіралася на дождж, і ў яго разбалелася рана.\\ Ён злаваўся на самога сябе за тое, што ўздумаў звязацца з гэтаю Людкаю, выкрадаць яе з рэчкі, вазіць у лес...\\ Гэта толькі развярэдзіла ўжо крыху забытыя ўспаміны пра Рыту, на гэтым кончылася прыдуманая ім ілюзія, што забыў ён яе, і яму было цяжка.\\ Не спала і Людка. Яна без усхліпаў плакала, чула, як варочаецца з боку на бок стары, і здавалася, зноў пачне бубніць, што яна ўздумала швэндацца па лесе з прайдзісветам, ад якога збегла жонка і які ўсё роўна не кінуў бадзяцца, будаваць масты, нібы не можа знайсці лепшае работы, інжынер няшчасны... Прыехаў цяпер адлежвацца дадому – прыціснула недзе.\\ А назаўтра раніцою, калі над рэчкаю яшчэ толькі пачынаў высцілацца лёгенькі туман і матава бялелі густа аброшаныя аселіцы, у аўтобусе, які тонка шыпеў коламі па чорным вільготным пасля ночы асфальце, побач са старым сядзела сіратліва-няшчасная дзяўчынка з набрынялымі ад слёз вачыма.\\ Потым яна пісала пісьмы і не атрымлівала адказу, і зноў многа плакала, і ненавідзела старога, які – вядома ж! – перахопліваў яе пісьмы на пошце...\\ Так думала яна.\\ \\ 1966 ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/алесь-жук/алесь-жук-праклятая-любоў]] * [[творы/алесь-жук/алесь-жук-паляванне-на-апошняга-жураўля]] * [[творы/алесь-жук/алесь-жук-стары-бабёр]] * [[творы/алесь-жук/алесь-жук-песня]] * [[творы/алесь-жук/алесь-жук-мужчыны]]