~~META: title = Алесь Гарун — У чатырохлецце "Нашае Нівы" &keywords = Гарун, ніва, беларус, мова &abstract = Чытаць верш Алеся Гаруна "У чатырохлецце "Нашае Нівы"" (Ты, мой брат, каго зваць беларусам) &iftrue = nan ~~ ====== Алесь Гарун — У чатырохлецце "Нашае Нівы" ====== Ты, мой брат, каго зваць беларусам,\\ Роднай мовы сваёй не цурайся;\\ Як не зрокся яе пад прымусам,\\ Так і вольны цяпер не зракайся.\\ \\ Ад дзядоў і ад прадзедаў, браце,\\ Гэта скарб нам адзін захаваўся,\\ У сялянскай аграбленай хаце\\ Толькі ён незабраны астаўся.\\ \\ Ў старыну беларус, не падданы,\\ Гаспадарыў, быў сам над сабою\\ I далёка ў свеце быў знаны\\ За літоўскай і ляшскай зямлёю.\\ \\ Але час прамінуў, і нядоля\\ На народ, як бы камень, звалілась,\\ Беларуская слава і воля\\ Адышла, адцвіла, закацілась.\\ \\ Не змяняючы шэрай апраткі,\\ Працаваў ты, як вол, гаратліва,\\ А ў хаце тваёй недастаткі,\\ А на ніве тваёй неўрадліва.\\ \\ А чаму? Ты не здольны, ці хворы,\\ Ці благі гаспадар, ці п’яніца?\\ Мусіць, не! Бо і іншым у пору\\ У цябе гаспадарыць наўчыцца.\\ \\ Светлы розум твой, брат, але дзетак\\ Ад цябе, як і ўсё, адбіралі\\ I на бацькаўскі родны палетак\\ Працаваць-памагаць не пушчалі.\\ \\ Хто хацеў, той і смеў рабаваці,\\ Без прыпросу з’язджаліся госці –\\ Абдзіраць, аб’ядаць, апіваці\\ І крышыць гаспадарскія косці.\\ \\ Можа б, ты і памёр і загінуў,\\ Каб не вешчая мова Баяна.\\ Хто ж быў добры, яе хоць пакінуў?\\ Як жа так, што яшчэ не забрана?\\ \\ Бо што бачылі госцікі-герцы –\\ І зямлю, і лясы, і кілімы, –\\ Ўсё забралі. А мову ў сэрцы,\\ Ў сваім сэрцы хавалі-няслі мы.\\ \\ Дык шануй, беларус, сваю мову −\\ Гэта скарб нам на вечныя годы;\\ За пашану радзімаму слову\\ Ушануюць нас брацця-народы!\\ \\ 1910 1. У творы паэт увасабляе думкі пра выключна важную ролю роднай мовы ў адраджэнні народа і пра цесную сувязь яе з нацыянальным і сацыяльным вызваленнем. [[постаці/алесь-гарун|Алесь Гарун]] палымяна заклікае братоў-беларусаў шанаваць родную беларускую мову.\\ Верш прысвечаны чатырохгоддзю «Нашай нівы», мае апавядальна-эпічны характар і акрэслівае гісторыю роднай мовы ў неаддзельнасці ад нацыянальнай гісторыі беларускага народа. Паэт у першых радках звяртаецца да брата-беларуса не цурацца свайго скарбу: Ты, мой брат, каго зваць Беларусам,\\ Роднай мовы сваёй не цурайся;\\ Як не зрокся яе пад прымусам,\\ Так і вольны цяпер не зракайся. \\ Родная мова патрэбна для духоўнага вызвалення народа. Паэт паказвае беларуса-працаўніка, які заўсёды заставаўся змагаром.\\ \\ 2. Толькі адзін скарб застаўся незабраны ў народа – яго родная культура, нацыянальная спадчына. Ад дзядоў і ад прадзедаў, браце,\\ Гэты скарб нам адзін захаваўся,\\ У сялянскай аграбленай хаце\\ Толькі ён незабраны астаўся. \\ 3. Іншыя народы будуць паважаць нас за тое, што мы збераглі ў цяжкія для краіны гадзіны сваю мову, культуру: Дык шануй, Беларус, сваю мову –\\ Гэта скарб нам на вечныя годы;\\ За пашану радзімаму слову\\ Ушануюць нас брацця-народы. \\ 4. [[слоўнік/антытэза|Антытэза]] (супрацьпастаўленне) дапамагае адчуць вастрыню паднятага паэтам пытання.\\ 5. Заклікі, звароткі, эпітэты надаюць вершу публіцыстычны завостраны характар, шчырасць.\\ 6. Ідэя твора – выключная роля мовы ў жыцці народа. Паэт падкрэслівае, што любыя матэрыяльныя здабыткі нічога сабой не ўяўляюць, калі народ губляе сваю культуру. Можа б, ты і памёр, і загінуў,\\ Каб не вешчая мова Баяна. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/алесь-гарун/алесь-гарун-восень]] * [[творы/алесь-гарун/алесь-гарун-брацця-досыць-цярпець-нам-і-]] * [[творы/алесь-гарун/алесь-гарун-начныя-думкі]] * [[творы/алесь-гарун/алесь-гарун-мае-думкі]] * [[творы/алесь-гарун/алесь-гарун-ветру]]