~~META: title = Алесь Гарун — Першы снег &keywords = Гарун, першы, снег, легенда &abstract = Чытаць легенду Алеся Гаруна "Першы снег" &iftrue = nan ~~ ====== Алесь Гарун — Першы снег ====== Легенда \\ ...Адзін раз прыйшлі яны да Прарока і кажуць яму:\\ «Вучыцель! Глядзі, ідзе першы снег».\\ А ён выйшаў разам з імі з дому свайго і ўбачыў першы, чысты, белы снег, што ў вялікім чысле мяккімі пухавінкамі падаў з неба і засцілаў зямлю. I казаў ім:\\ «Глядзіце, вось у мільёнах часцінак спадае ён чысты і белы, без сказы*, як душы дзяўчатак, што з вёсак нашых ідуць у гарады іх; лягусенькі і мяккі, вясёлы, як птушка, у мільёнах часцінак іграе, блішчыць і падае, як тысячы моладзі нашай з мяккай вясёлай душой радасна ўступаюць у жыццё; да нас ляціць ён увесь светлы, без думак, як лепшыя з іх ідуць на ахвяру...\\ I вот паглядзіце — ужо ходзяць па ім, ужо топчуць нагамі і з граззю мяшаюць, і з брудам нячыстым...\\ Так топчуць яны і душу дзяўчаці і ціснуць у бруд жыццё моладзі нашай; так чэрняць і жыццё і памяць сваіх — справядлівых!..\\ I от кажу я вам: колькі разоў я бачыў, як прыходзіць да нас першы снег, столькі разоў вочы мае заліваліся слязамі; і столькі разоў бачыў я, як за першым снегам з ветрам і бурай ішоў другі снег і ўсё нячыстае пакрываў на зямлі; і слёзы радасці цяклі тагды па маім твары.\\ Дык ідзіце ўсюды і кажыце ўсім, што па першым снягу будзе другі снег!..»\\ \\ 1912\\ \\ * Без сказы (//польск.//) — без заганы, бездакорны. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/юрась-свірка/юрась-свірка-з-першым-снегам]] * [[творы/якуб-колас/якуб-колас-першы-снег]] * [[ibdc.ped>першы-снег]] * [[ibdc.ped>першы-снег-3700]] * [[творы/казімір-камейша/казімір-камейша-першы-снег]]