~~META: title = Алесь Гарун — На смерць &keywords = Гарун, смерць &abstract = Чытаць верш "На смерць" Алеся Гаруна &iftrue = nan ~~ ====== Алесь Гарун — На смерць ====== Памёр ты, татачка, ўспакоіўся навекі!\\ На вочы сумныя насунуліся векі,\\ Прыціснула іх смерць мацней за чужанца.\\ I вот айца\\ Не стала, родны мой, ад смерці тваяе.\\ \\ О, смерць без літасці, ратунак ты і кара!\\ Нашто ж яму, як тая чорна хмара,\\ Заслонай вечнаю ты стала прад вачмі?\\ Скажы, слязьмі\\ Нашто пасквапілась радзіны ты мае?\\ \\ Ах, родны, блізкі мой! Гаротны і бяздольны,\\ Жыццё сваё, той шлях, няўдатны і нявольны,\\ Ты з боллю цяжкаю у сэрцы перабыў\\ I свой згубіў\\ Апошні стон, адзін, у чужжстве, у цішы.\\ \\ Бясшчасны тата мой! Усім адна дарога...\\ I торгання разлукі не так катуюць строга,\\ Як тое, любы мой, што ў ноч, ў апошню ноч,\\ Ў цябе із воч\\ Сляза скацілася аб скрыўджанай душы.\\ \\ Дратуе сэрца мне, цвікі ў мазгі ўбівае,\\ З грудзей і боль, і стоны здабывае\\ Здагадка страшная: ў гадзіну ўсіх гадзін\\ Ты там адзін,\\ Маўляў, бясплеменнік усім чужы, сканаў...\\ \\ Адно бліжэйшае, адно б хаця стварэнне,\\ Хаця б не роднае, хаця бы на здарэнне,\\ Прасіў Вялікага к табе хутчэй паслаць,\\ Каб з ім аддаць\\ Сваім апошні свой, гарачы свой прывет.\\ \\ Не меў Ён літасці, не даў табе спакою,\\ Ў самоце, ў больніцы жалезнаю рукою\\ Ён сэрца кволага спыніў нятрвалы рух\\ I бедны дух\\ Прымусіў твой пакінуць гэты свет.\\ \\ Казаў: «Маліся ты». За што ж, каму маліцца?\\ Ці ж можна праўду нам знайсці, калі маніцца,\\ У неба чорнае ўляпіўшыся вачмі?\\ З журбой, з слязьмі\\ Нясці туды сваю найбольшую з надзей?\\ \\ Пабач, гаротны мой: ці ж ты не моцна верыў?\\ Святою праўдаю ці ж кожан шаг не мерыў?\\ Слязьмі крывавымі не плакаў? не прасіў?\\ Не ўсё знасіў,\\ Запомнены1 праз неба, нязнаны праз людзей?\\ \\ Ці ж меў ты, родны мой, хоць дзень на адпачынак?\\ З гароты, з беднасці ці знаў перапачынак\\ За веру гэтую? Ці ж не балеў ты заўсягды,\\ Не сох з бяды\\ З душою прэснаю, адкрытаю да ўсіх?\\ \\ Салодкіх мала хвіль, а горкіх натт багата\\ Памеў за жыцце ты, мой родны, бедны тата,\\ А можа, горкую табе і я хвілінку даў,\\ Не спагадаў\\ Табе калі... Цяпер за гэта выбачай.\\ \\ Няхай пуховаю табе зямелька будзе,\\ Няхай спакой табе твой Пан прысудзе.\\ Я некалі прыйду пад той убогі крыж,\\ Дзе ты ляжыш.\\ I там наплачуся. А пакуль што — прашчай! \\ * Запомнены ([[слоўнік/паланізмы|паланізм]]) — забыты. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/адам-міцкевіч/адам-міцкевіч-смерць-палкоўніка]] * [[творы/васіль-быкаў/васіль-быкаў-мёртвым-не-баліць]] * [[творы/алесь-гарун/алесь-гарун-у-чатырохлецце-нашае-нівы]] * [[творы/уладзімір-караткевіч/уладзімір-караткевіч-ладдзя-роспачы]] * [[творы/уладзімір-дубоўка/уладзімір-дубоўка-ведаю-што-і-я-памру-як]]