~~META: title = Алесь Гарун — Начныя думкі &keywords = Гарун, думкі &abstract = Чытаць верш Алеся Гаруна "Начныя думкі" &iftrue = nan ~~ ====== Алесь Гарун — Начныя думкі ====== Часам я ўночы сны дзіўныя бачу:\\ Роіцца нейкі нязведаны край,\\ Повен то шчасця, то жаласці, плачу,\\ То зло-хмурлівы, то светлы, як рай.\\ \\ Бачу вялікія стэпы з-над Нёмна;\\ Туліць у слёзах матуля сынка;\\ Сцелецца пушча глухая і цёмна;\\ Косці з магілы глядзяць бедака...\\ \\ Бачу я: жоўтае жытняе поле\\ Коласам ціха шуміць-шалясціць;\\ Межы, курган векавечны і хвоя;\\ Каня з аднэю малітваю "піць".\\ \\ Траўка ў ляску ў цяню вырастае,\\ Корміцца сокам зямелькі сырой;\\ Птушка шчабеча – людзей пацяшае;\\ Льецца крынічка, плюскоча вадой.\\ \\ Ночкай ля рэчкі раздольна, прывольна!\\ Гуртам русалкі смяюцца, пяюць,\\ Кветкі купальскай шукае бяздольны;\\ З зеллем шаптухі паціху снуюць...\\ \\ Хочацца быць мне ў тым краю нязнаным,\\ Хочацца край той абняць з прастаты,\\ Хочацца крыкнуць: гэй, краю каханы,\\ Будзь мне, як маці, будзь родным мне ты!\\ \\ Дай мне зрабіцца крынічкай лясною,\\ Бераг вадой абмываць, цалаваць;\\ Дай мне век цэлы дружыці з табою,\\ Хвойкі і зоры ў сабе адбіваць.\\ \\ Дай мне купальскую кветку ў рукі,\\ Путы жалезныя мне развяжы,\\ Дай ты мне зелля на гора і мукі,\\ К шчасцю гасцінец мне дай, пакажы!\\ \\ Ціха. Нічога не чую, не бачу.\\ Роіцца толькі нязведаны край,\\ Повен то шчасця, то жаласці, плачу,\\ То зло-хмурлівы, то светлы, як рай...\\ \\ 1908 ===== Падобныя старонкі ===== * [[ibdc.ped>святло-радзімы]] * [[ibdc.ped>свой-край]] * [[ibdc.ped>мой-край]] * [[творы/авяр-ян-дзеружынскі/авяр-ян-дзеружынскі-я-спяваю-ты-спявай]] * [[творы/васіль-зуёнак/васіль-зуёнак-будучыня]]