~~META: title = Алесь Гарун — Людзям &keywords = Гарун, людзям &abstract = Чытаць верш "Людзям" Алеся Гаруна &iftrue = nan ~~ ====== Алесь Гарун — Людзям ====== Люблю і я скляпенне зор,\\ Люблю зямлі абшар,\\ I роўны луг, і ўзгібы гор,\\ I шум лясны, і гвар1.\\ Люблю жыццё, а ў ім людзей\\ I кшталты2 іхніх душ,\\ Люблю вянкі плясці з надзей, —\\ А не паэт. — Чаму ж? Часамі праца ўдзень кіпіць, —\\ Цярплю і я прыгон, —\\ Аж косць аб косць ў плячу рыпіць...\\ Пачуеш ў сэрцы звон...\\ Ухопіш зык, за ім другі,\\ За тымі больш ідуць,\\ Зліюцца ў шых3 даўгі-даўгі\\ I цэлы дзень гудуць.\\ Загасне дзень, іду дамоў,\\ Кладуся спаць, — і ў ноч\\ Цякуць радкі звінючых слоў,\\ I сон адходзіць проч.\\ Тагды пішу. Перад вачмі\\ Нясецца зданняў рой,\\ I хтось стаіць па-за плячмі,\\ Здаецца, блізкі, свой.\\ Абыйме шыю пара рук\\ I кос дзявочых шоўк,\\ Ўзмацніцца ў сэрцы мерны стук,\\ А звон ў душы не змоўк...\\ Зірну: пакой пусты, няма...\\ А час слізнуў, як вуж.\\ I за вакном радзее цьма...\\ А не паэт... — Чаму ж? Бо мой прыгон глытае час,\\ Мне воля — рэдкі дар.\\ Такіх паэтаў шмат у нас,\\ Дзе сам народ — пясняр.\\ Сваіх тут жменьку я спісаў\\ Маркотных песняў-дум;\\ Маёй душы іх сам спяваў\\ Па краю родным сум.\\ Скажу яшчэ, чаго б хацеў:\\ З дзявочых вуст пачуць\\ Хаця б адзін мой бедны спеў,\\ Хаця б калі-нібудзь! \\ 1914\\ \\ 1. Гвар (//польск.//) — розныя галасы;\\ 2. Кшталты (//польск.//) — формы;\\ 3. Шых (шык — //польск.//) — шэраг, парадак, строй. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/алесь-гарун/алесь-гарун-брацця-досыць-цярпець-нам-і-]] * [[творы/алесь-гарун/алесь-гарун-у-чатырохлецце-нашае-нівы]] * [[творы/алесь-гарун/алесь-гарун-мае-думкі]] * [[творы/алесь-гарун/алесь-гарун-ветру]] * [[творы/алесь-гарун/алесь-гарун-восень]]