Гэта старая версія дакумента!
Алесь Гарун — Восень
Восень халодная, чорная, хмурая
Сунецца ціха,нячутна штодзень,
Хварбы наўкола паклала панурыя,
Сонца хавае за чорную цень.
Збожжа пажатае з ніваў пазвожана, −
Голыя гоні самотна ляжаць,
Неба дажджліваю хмарай абложана,
Траўкай не грае сваёй сенажаць.
Кветкі не свецяць галоўкамі яснымі;
Кусцце без лісту, без красак стаяць;
З гэтымі восені днямі бяскраснымі
Цяжкія думкі ў сэрца ляцяць.
Вольхі, рабіны, асіны з бярозамі
Лістам пажоўклым тужліва шумяць:
«Хутка надыдуць завеі з марозамі,
Ветры з снягамі ізноў наляцяць».
Толькі высокія хвоі іглістыя
Вечназялёны свой кажуць убор.
Днямі зімовымі, цёмна-імглістыя,
Будуць чарнець навакол, наузгор.
Зіму пачуўшы, мядзведзь неспакоіцца,
Ходзіць па лесе, шукае бярлог,
Хмурны і злосны, пакуль супакоіцца,
Горш на скаціну, на людзі налёг.
Гусі і качкі гуртамі збіраюцца;
Хутка на поўдзень саўсім паляцяць.
Хеўра за хеўрай на рэчцы змяняецца;
Ўранку крычаць на вадзе, лапацяць.
Так непрыкметна часамі, дзянёчкамі
Восень змяняе аблічча зямлі…
З гэтымі днямі асеннімі, ночкамі
Думкі мне ў сэрца жудосны прыйшлі.
Старое нешта ўсё спамінаецца,
Толькі няясна, маўляў, праз туман,
Нейкі няведамы жаль уздымаецца,
Вабіць і цягне ўспамінак-дурман.
Сэрца баліць пад жаданняў прымусамі,
Што за жаданні – ніяк не пазнаць;
Можа, ляцеці адгэтуль за гусямі…
Можа, заснуць, каб нічога не знаць?..
1910
Падобныя старонкі
- алесь-гарун/алесь-гарун-у-чатырохлецце-нашае-нівы
- алесь-гарун/алесь-гарун-ветру
- алесь-гарун/алесь-гарун-брацця-досыць-цярпець-нам-і-
- алесь-гарун/алесь-гарун-начныя-думкі
- алесь-гарун/алесь-гарун-мае-думкі