~~META: title = Алесь Гарун — Восень &keywords = Гарун, восень &abstract = Чытаць верш Алеся Гаруна "Восень" &iftrue = nan ~~ ====== Алесь Гарун — Восень ====== Восень халодная, чорная, хмурая\\ Сунецца ціха,нячутна штодзень,\\ Хварбы наўкола паклала панурыя,\\ Сонца хавае за чорную цень.\\ \\ Збожжа пажатае з ніваў пазвожана, −\\ Голыя гоні самотна ляжаць,\\ Неба дажджліваю хмарай абложана,\\ Траўкай не грае сваёй сенажаць.\\ \\ Кветкі не свецяць галоўкамі яснымі;\\ Кусцце без лісту, без красак стаяць;\\ З гэтымі восені днямі бяскраснымі\\ Цяжкія думкі ў сэрца ляцяць.\\ \\ Вольхі, рабіны, асіны з бярозамі\\ Лістам пажоўклым тужліва шумяць:\\ "Хутка надыдуць завеі з марозамі,\\ Ветры з снягамі ізноў наляцяць".\\ \\ Толькі высокія хвоі іглістыя\\ Вечназялёны свой кажуць убор.\\ Днямі зімовымі, цёмна-імглістыя,\\ Будуць чарнець навакол, наузгор.\\ \\ Зіму пачуўшы, мядзведзь неспакоіцца,\\ Ходзіць па лесе, шукае бярлог,\\ Хмурны і злосны, пакуль супакоіцца,\\ Горш на скаціну, на людзі налёг.\\ \\ Гусі і качкі гуртамі збіраюцца;\\ Хутка на поўдзень саўсім паляцяць.\\ Хеўра за хеўрай на рэчцы змяняецца;\\ Ўранку крычаць на вадзе, лапацяць.\\ \\ Так непрыкметна часамі, дзянёчкамі\\ Восень змяняе аблічча зямлі...\\ З гэтымі днямі асеннімі, ночкамі\\ Думкі мне ў сэрца жудосны прыйшлі.\\ \\ Старое нешта ўсё спамінаецца,\\ Толькі няясна, маўляў, праз туман,\\ Нейкі няведамы жаль уздымаецца,\\ Вабіць і цягне ўспамінак-дурман.\\ \\ Сэрца баліць пад жаданняў прымусамі,\\ Што за жаданні – ніяк не пазнаць;\\ Можа, ляцеці адгэтуль за гусямі...\\ Можа, заснуць, каб нічога не знаць?..\\ \\ 1910 ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/алесь-гарун/алесь-гарун-у-чатырохлецце-нашае-нівы]] * [[творы/алесь-гарун/алесь-гарун-ветру]] * [[творы/алесь-гарун/алесь-гарун-брацця-досыць-цярпець-нам-і-]] * [[творы/алесь-гарун/алесь-гарун-начныя-думкі]] * [[творы/алесь-гарун/алесь-гарун-мае-думкі]]