~~META: title = Алесь Бачыла — Мама &keywords = толькі, мамы &abstract = Чытаць верш Алеся Бачылы "Мама" &iftrue = nan ~~ ====== Алесь Бачыла — Мама ====== Свет вялікі… Словы, словы…\\ Колькі іх – і не злічыць!\\ Толькі «мама» на ўсіх мовах\\ Скрозь аднолькава гучыць.\\ \\ I хоць розных моў таксама\\ Ў цэлым свеце о-ё-ёй!..\\ Толькі мамы, нашы мамы,\\ Размаўляюць на сваёй.\\ \\ Той, што змалку сэрцу блізка,\\ На якой зімой і ў май\\ Пела маці над калыскай:\\ «Спі, мой сынку, засынай»\\ \\ Адганяла цень трывожны,\\ Атуляла дабратой\\ I спявала… Хіба ж можна\\ Адрачыся песні той?\\ \\ Хай табе не засціць памяць\\ Аніякая імгла…\\ Калі крыўдзіў хто, ты ж маму\\ Клікаў… Мама ўсё магла:\\ \\ Адагнаць бяду, нягоды,\\ Холад, немарач, адчай…\\ Добрым сынам будзь заўсёды\\ I яе не засмучай. ===== Падобныя старонкі ===== * [[ibdc.ped>да-маці]] * [[ibdc.ped>сустрэча-з-маці]] * [[ibdc.ped>на-скрыжаванні]] * [[творы/янка-золак/янка-золак-ода-маці]] * [[ibdc.ped>i-надыходзіць-дзень]]