творы:алесь-бачыла:алесь-бачыла-ах-нашы-маці
Гэта старая версія дакумента!
Алесь Бачыла — Ах, нашы маці...
Таго б ніколі не зазнаці
Нідзе нікому на зямлі…
Ах, нашы маці, нашы маці,
Што вы ў вайну перажылі!..
Як сіратліва з кожнай хаты
Дымілі ўранні каміны!..
А там жа… падалі салдаты,
Салдаты… Вашыя сыны.
А вы з тых даляў незнаёмых
Штодня чакалі іх… жывых.
Але… прыходзілі дадому
Вам пахаронкі замест іх.
Гаротным выцертым шынелем
Шарэў тады вам ранні час –
І вы дачасна ўсе сівелі,
Дачасна гора гнула вас.
І хоць вы долю пракліналі
І прачыналіся ад сноў,
Аднак… пакуль жылі – чакалі
Сваіх загінуўшых сыноў.
За ўменне ваша так чакаці –
Паклон вам нізкі да зямлі…
Ах, нашы маці, нашы маці,
Што вы за нас перажылі…
1975
Падобныя старонкі
- сустрэча-з-маці
- да-маці
- на-скрыжаванні
- i-надыходзіць-дзень
творы/алесь-бачыла/алесь-бачыла-ах-нашы-маці.1755963646.txt.gz · Апошнія змены: 2025/08/23 15:40 — vedybeadmin