Алесь Бачыла — Ах, нашы маці...

Таго б ніколі не зазнаці
Нідзе нікому на зямлі…
Ах, нашы маці, нашы маці,
Што вы ў вайну перажылі!..

Як сіратліва з кожнай хаты
Дымілі ўранні каміны!..
А там жа… падалі салдаты,
Салдаты… Вашыя сыны.

А вы з тых даляў незнаёмых
Штодня чакалі іх… жывых.
Але… прыходзілі дадому
Вам пахаронкі замест іх.

Гаротным выцертым шынелем
Шарэў тады вам ранні час –
І вы дачасна ўсе сівелі,
Дачасна гора гнула вас.

І хоць вы долю пракліналі
І прачыналіся ад сноў,
Аднак… пакуль жылі – чакалі
Сваіх загінуўшых сыноў.

За ўменне ваша так чакаці –
Паклон вам нізкі да зямлі…
Ах, нашы маці, нашы маці,
Што вы за нас перажылі…

1975

Падобныя старонкі