~~META: title = Алесь Бадак — Як стаць чараўніком? &keywords = сказаць, чароўныя, словы, пакрыўдзіў, дзяўчынка, плача, вялікі, дзякуй, чалавек, чараўніцтва &abstract = Апавяданне Алеся Бадака "Як стаць чараўніком?" &iftrue = nan ~~ ====== Алесь Бадак — Як стаць чараўніком? ====== Я сам не чараўнік, але як стаць чараўніком – цябе навучу... Уяві сабе, што ты пакрыўдзіў дзяўчынку. Калі ты хлапчук, то, я думаю, табе гэта вельмі лёгка ўявіць. Ты яе пакрыўдзіў, а яна плача і плача. «Што ж цяпер рабіць?» – думаеш ты. А ўсё вельмі проста. Трэба сказаць чароўныя словы: «Прабач, калі ласка, я больш так не буду!» І – цуд! – дзяўчынка перастане плакаць. Толькі сказаць трэба вельмі пяшчотна і шчыра.\\ Калі цябе частуюць яблыкам ці цукеркай, ведай, што трэба сказаць «вялікі дзякуй».Гэта таксама чароўныя словы. Ты сказаў чалавеку «вялікі дзякуй», а ён табе ласкава ўсміхнуўся ў адказ. А гэта вельмі вялікая справа – дапамагчы чалавеку ўсміхнуцца, узняць настрой.\\ Чалавек, які ўсміхаецца, – гэта добры чалавек, ён не стане крыўдзіць іншых.\\ Ты спытаеш: «А пры чым тут чараўніцтва?» Не спяшайся! Уменне парадаваць чалавека – адно з самых вялікіх чараўніцтваў! Пройдзе час, і ты яшчэ не раз пераканаешся ў гэтым. Але чароўныя словы трэба ведаць ужо сёння. Памятай іх! ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/сяргей-грахоўскі/сяргей-грахоўскі-словы]] * [[творы/уладзімір-ягоўдзік/уладзімір-ягоўдзік-жабіны-вочкі]] * [[творы/янка-купала/янка-купала-чараўнік]] * [[творы/алег-лойка/алег-лойка-два-шчырых-словы]] * [[творы/юрась-свірка/юрась-свірка-словы]]