~~META: title = Алесь Бадак — Гасцінец для вожыка &keywords = паблізу, радасць, вожыка &abstract = Чытаць апавяданне Алеся Бадака "Гасцінец для вожыка" &iftrue = nan ~~ ====== Алесь Бадак — Гасцінец для вожыка ====== Ёсць шмат народных павер’яў і прыкмет. Напрыклад, гаспадароў хаты, паблізу якой буслы робяць сабе гняздо, чакае шчасце, а ў саму хату ніколі не стукне маланка.\\ А пра гэтую прыкмету я ні ад кога не чуў, сам здагадаўся. Калі хочаш, запомні, а пасля правер: сустрэць вожыка – на радасць. І яшчэ не было ў мяне выпадку, каб прыкмета не спраўдзілася, таму што, і праўда, назіраць за вожыкам – адно задавальненне.\\ Вось ён асцярожна вылез з-пад горкі сухога галля, прынюхаўся, ці не пахне паблізу лісам, і накіраваўся ў сваё штодзённае падарожжа па лесе. Тэп-тэп. Добра было б якога чарвячка знайсці. Тэп-тэп. А яшчэ лепш мышку злавіць. Тэп-тэп. А то і змяю. Тэп-тэп. А вось з лісой вельмі не хацелася б сустрэцца!\\ Супраць ворагаў у вожыка адна зброя: калючкі.\\ Скруціцца ў калючы клубок – ні галавы, ні лапак не відаць.\\ Але ж я яму не вораг. Дастану з кішэні цукерку, разгарну і пакладу перад клубком, а сам адыдуся.\\ Праз хвіліну-другую высунецца з клубка носік, а яшчэ праз некалькі хвілін вожык ужо ліжа гасцінец. Ну чым не радасць для мяне?! ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/алесь-якімовіч/алесь-якімовіч-казка-пра-смелага-вожыка]] * [[творы/артур-вольскі/артур-вольскі-вожык-дзівачок]] * [[ibdc.ped>вожык]] * [[творы/казімір-камейша/казімір-камейша-колькі-ў-вожыка-калючак]] * [[творы/еўдакія-лось/еўдакія-лось-уцякач]]