~~META: title = Алена Васілевіч — Чынгісхан &keywords = Васілевіч, Чынгісхан &abstract = Чытаць апавяданне "Чынгісхан" Алены Васілевіч &iftrue = True ~~ ====== Алена Васілевіч — Чынгісхан ====== Гэта мая трохгадовая суседка... Пачакайце, пачакайце, не перабівайце. Няма ніякай памылкі. Паўтараю: і суседка і Чынгісхан... У кароценькай ружовай сукенцы, з белым капронавым бантам на ўсю галаву, з гарэзлівымі чорнымі вочкамі. Яны то хаваюцца, нібы мышкі, у раскосых, вузенькіх шчылінках, калі Чынгісхан зацекаецца ад смеху, то льюць ручаём слёзы, калі Чынгісхан абавязкова хоча паставіць па-свойму, а гэта ніяк не ўдаецца. А то яшчэ гэтыя вачаняты ўмеюць хітра-хітра цікаваць сваю ахвяру: якога-небудзь карапуза, якога ў гэты самы момант Чынгісхану неабходна стукнуць па галаве...\\ А па самай справе ў суседкі мае — Чынгісхана — імя самае лагоднае, самае ласкавае з усіх, якія я толькі ведаю: Алёнка... Праўда, карыстаюцца ім звычайна толькі тата з мамай. А па вуліцы за свае раскосыя татарскія вочкі і за буйны нораў Алёнка адклікаецца на Чынгісхана.\\ Упершыню з’явілася яна на нашым двары гэтай зімою. Бягу я неяк з работы дадому (на вуліцы маразіна!) і ў сябе ля парога раптам страчаю круглую кадушачку, апранутую ў чырвонае палітцо, у валёнках, у пуховай хустцы. Каб не змерзла, кадушачку падперазалі папружкай. Цікавая асоба. Цікава пазнаёміцца. Хачу зазірнуць кадушачцы ў твар, а ў яе з-пад насунутай на самы лоб хусткі тырчыць толькі выцягнуты, як у вожыка, лычык. Такі пацешны, такі сімпатычны.\\ — Добры дзень вам, лычык! — вітаюся я з кадушачкай.\\ А яна раптам як фыркне на мяне:\\ — Ідзі!\\ Вось дык знаёмства.\\ Тут да кадушачкі падбегла мама (яна стаяла непадалёку з суседкай), пачала ўсчуваць яе, хацела нават набіць, ды я заступілася:\\ — Ну за што вы яе? Яна ж разумная дзяўчынка...\\ У адказ кадушачка толькі бліснула на мяне хітрымі раскосымі вочкамі і яшчэ больш надзьмулася: мусіць, не паверыла.\\ Праўда, потым адносіны ў нас наладзіліся. Цяпер Алёнка страчае кожны раз мяне з работы цудоўнай заявай:\\ — Я пайду да вас!\\ I няхай толькі не здолею я як-небудзь адхіліць гэту выдатную заяву, як яна ў момант абгоніць мяне і праз хвіліну ўжо малоціць кулакамі і нагамі ў нашы дзверы.\\ Звычайна я хачу абхітрыць Чынгісхана.\\ — У нас жа яшчэ няма нікога дома.\\ — А вось і ёсць! — і не думае нават зважаць на маю няўдалую дыпламатыю Чынгісхан, апярэджваючы мяне па лесвіцы. Па дарозе яна паведамляе мне:\\ — Мы будзем гуляць у лялькі.\\ «Мы» — гэта азначае, што на нашай пляцоўцы Чынгісхан прыхопіць яшчэ сваю сяброўку — сінявокае, шаўкавістае, нібы з мяккага лёну, стварэнне — Наташу.\\ Сваё абяцанне Чынгісхан не кідае на вецер. Не паспяваю я распрануцца, як у дзверы пачынаюць малаціць у дзве пары чаравік і кулакоў.\\ Гэта ідуць госці.\\ Гасцей гэтых, вядома, можна было б і адправіць — няхай бы лепей гулялі на вуліцы, але ў іх ёсць заступніца — мая дачка. Яна, хоць ужо і круціцца па гадзіне перад люстрам, таксама не адмаўляецца яшчэ пагуляць у лялькі з Чынгісханам і Наташай.\\ — Ах вы мае абязьяны! — сустракае яна гасцей.\\ — Ах ты мая базяна! — адказваюць ёй госці.\\ Агульная мова знойдзена. Госці падаюць на тахту жыватамі, дрыгаюць у захапленні нагамі, штурхаюцца, пішчаць, рагочуць.\\ Гэта нешта накшталт рытуалу.\\ Я безнадзейна махаю рукой: тут ужо нічога не зробіш. Дачка мая зацекаецца разам з гасцямі. «Базяны» сапраўды,\\ Потым мы садзімся абедаць.\\ — Мы таксама хочам есці! — патрабуе звычайна першай Чынгісхан. Яе не трэба запрашаць — яна ўжо за сталом.\\ — Мы таксама хочам есці! — уторыць Наташа.\\ — Вашы мамы хіба не кармілі вас дагэтуль? — пытаемся мы ў гасцей.\\ Не маргнуўшы, абедзве глядзяць святымі вачыма:\\ — Не, не кармілі.\\ — Ах, якія кепскія вашы мамы!\\ — Ах, якія кепскія васы мамы! — хорам паўтараюць госці.\\ — Ну, тады мыць рукі!\\ — Я не хачу! — умошчваецца на зэдлік Чынгісхан.\\ — I я не хацу! — паўтарае ўслед Наташа.\\ — Ну, тады марш з-за стала.\\ — А я не хачу! — не могучы топнуць, махае ў паветры нагой Чынгісхан і стукае смуглым кулачком па стале.\\ — I я не хацу! — тое ж самае паўтарае Наташа і таксама пляскае па стале беленькай, незагарэлай ручкай.\\ — Ах вы неслухі! — мая дачка бярэ гасцей за рукі і вядзе ў ванны пакой.\\ Госці ўпіраюцца, вішчаць, зацекаюцца ад смеху, але ідуць усё ж.\\ Пасля мыцця Чынгісхан імкнецца зноў захапіць ініцыятыву ў свае рукі.\\ — Мы не хочам баршча!\\ — Мы не хоцам барсца! — крычыць і Наташа.\\ — А што ж вы хочаце?\\ — Я хачу яйцо! — патрабуе Чынгісхан.\\ — I я хацу айцо! — уторыць Наташа.\\ — Айца няма. Ешце сырнікі са смятанай.\\ Бяруць відэльцы, поркаюць сырнікі, пэцкаюць іх у смятане, аблізваюць.\\ — Нясмачна! — неўзабаве паведамляе Чынгісхан і адсоўвае талерку.\\ — Нясмачна! — з набітым ротам бразгае відэльцам і Наташа.\\ — Ах вы парасяты! — не вытрымлівае дачка. — Вось я вас зараз!\\ — Ты сама парасята! — не застаюцца ў даўгу гарэзніцы і тут жа патрабуюць:\\ — А што вось гэта — хочам гэтага!\\ — Гэта кісель.\\ — Хочам кісялю! Хочам кісялю! — штосілы адна перад другой крычаць госці.\\ — Дай ім, калі ласка, кісялю і забірай іх хутчэй з-за стала,— прашу я дачку.\\ Пасля кісялю пачынаецца другое мыццё. А затым пачынаюцца лялькі, мішкі, пачынаецца чытанне, маляванне, спевы.\\ — «Пусть всегда буду я-а-а...» — на адной ноце, чамусьці заўсёды з канца, пачынае Чынгісхан.\\ — «Пусть всегда будет м-а-ама!» — успамінае пра маму Наташа.\\ ...Штурхаючыся і збіваючы адна другую, яны працягваюць шматаваць на кавалачкі песню:\\ «Пусть всегда будет п-а-апа!»\\ «Пусть всегда будет б-а-абушка!»\\ Ах, якую святую праўду яны спяваюць!..\\ Потым на нейкі час усё сціхае — госці заняліся сур’ёзнай справай. Заходжу праз некаторы час у свой пакой... Госпадзі! Чынгісхан стаіць з нагамі на маім пісьмовым стале і з выглядам чалавека, занятага самай сур’ёзнай справай, цягнецца да партрэта Пушкіна. Ёй абавязкова трэба яго зняць і... скінуць на падлогу. На падлозе ўжо ляжыць левітанаўскі «Сакавік», падлога ўсцелена ўжо газетамі і часопісамі. На гэтай папяровай пярыне, сціскаючы ў абдымках ляльку, валяецца Наташа.\\ — Што ж гэта вы нарабілі, нягодніцы?\\ — Ідзі! Ідзі! — тупае на мяне па стале нагою Чынгісхан.\\ — Ідзі! Ідзі! — махае нагою ў паветры і Наташа. Ёй лянота ўставаць, аднак не хочацца адставаць і ад Чынгісхана.\\ — Дзеці, — іду я на хітрасць, — вас клічуць дадому ўжо вашы мамы.\\ — Ай! Не хочам дадому! — у адзін голас крычаць свавольніцы і як мага ціснуцца пад стол — хавацца ад мам.\\ I калі мамы сапраўды прыходзяць па дачок — іх вачам адкрываецца відовішча, якое можна параўнаць з полем бою, пакінутым праціўнікам.\\ — Божа мой! — усплёскваюць рукамі мамы. — I навошта вы іх церпіце? Навошта вы пускаеце іх да сябе?\\ Дзівачкі... «Навошта»? Ну як ты іх не пусціш, як ты іх не будзеш цярпець, гэтых чынгісханаў...\\ \\ 1963 ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/алена-васілевіч/алена-васілевіч-горкі-ліпавы-мёд]] * [[творы/алена-васілевіч/алена-васілевіч-вернісаж]] * [[творы/алена-васілевіч/алена-васілевіч-калінавая-рукавічка]] * [[творы/алена-васілевіч/алена-васілевіч-пачакай-затрымайся]] * [[творы/алена-васілевіч/алена-васілевіч-сябры]]