~~META: title = Алена Васілевіч — Маміна свята &keywords = мама, сястра, мінулым, годзе, вышывала, коціка, малюнак, голуба, сцірала, малявала, зімовага, сумкі, малюнка &abstract = Апавяданне Алены Васілевіч "Маміна свята" &iftrue = nan ~~ ====== Алена Васілевіч — Маміна свята ====== **1** Цэлы тыдзень мы з сястрой думалі. Вырашалі, які падарунак зрабіць маме ў дзень Восьмага сакавіка.\\ Сястра сказала:\\ – Я вышыю маме сурвэтку. На ёй коцік хлебча з талеркі малако.\\ – Але ж у мінулым годзе ты вышывала маме коціка.\\ – Не, у мінулым годзе я вышывала зайчыка, – сказала яна. А потым падумала і зноў звярнулася да мяне:\\ – Ведаеш, я ўжо не буду вышываць коціка. Я перадумала. Падару маме малюнак.\\ – Малюнак?! – я аж падскочыў ад нечаканасці. Як гэта я сам не здагадаўся? Мама так любіць, калі мы малюем або чытаем добрыя кніжкі…\\ – Я намалюю маме птушку! Голуба! – паведаміла сястра з іншага пакоя. Яна ўжо раскладвала на стале паперу. І рыхтавала ваду для фарбаў.\\ Праз адчыненыя дзверы я бачыў, як сястра сядзела, высунуўшы кончык языка. Яна старанна нешта сцірала, потым малявала пэндзлікам. А потым зноў сцірала і зноў малявала. Яна расчырванелася і аж спацела – так старалася.\\ **2** Я таксама стараўся… Я вырашыў намаляваць карціну зімовага лесу. І так захапіўся, што не заўважыў, як падышла сястра. Яна размахвала сваім гатовым малюнкам у паветры, сушачы яго.\\ – Ты ўжо хутка скончыш? – запытала ў мяне сястра.\\ – Хутка, – няпэўна адказаў я. А сам усё падмалёўваў і падмалёўваў…\\ Назаўтра я і сястра сустрэлі сваю маму яшчэ на парозе. Мы тут жа ўзялі ў яе з рук цяжкія сумкі. Дапамаглі ёй распрануцца. І ўрачыста павялі да нашых малюнкаў – Натчынага голуба і майго зімовага лесу.\\ – Ого! – Мама здзіўлена спынілася за некалькі крокаў ад нашых малюнкаў. – Ого! – паўтарыла яна.\\ – Віншую цябе са святам, мамачка, – прамовіла Натка.\\ – І я віншую цябе… – услед за сястрой паўтарыў і я.\\ – Дзякуй, дзякуй, мае залатыя мастакі! – пацалавала па чарзе Натку і мяне мама.\\ Яна хуценька адвярнулася да сваёй цяжкай сумкі. Дастала адтуль дзве каробкі цукерак. І дала іх нам – Натцы і мне.\\ Усе былі задаволены: і мы, і мама. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/казімір-камейша/казімір-камейша-сакавік]] * [[творы/васіль-вітка/васіль-вітка-свята-настаўніцы]] * [[творы/мікола-чарняўскі/мікола-чарняўскі-ёлка]] * [[творы/юрась-свірка/юрась-свірка-свята]] * [[творы/васіль-жуковіч/васіль-жуковіч-цудоўныя-святы]]