~~META: title = Алена Васілевіч — Калінавая рукавічка &keywords = Васілевіч, калінавая, рукавічка &abstract = Чытаць апавяданне Алены Васілевіч "Калінавая рукавічка" &iftrue = True ~~ ====== Алена Васілевіч — Калінавая рукавічка ====== Чаму рукавічка, калі казка будзе пра чырвоную каліну, пра старую яліну-казачніцу, пра ветра-бяздомніка?\\ А вось паслухай.\\ Расла па ўзлессі каліна. Была-была ўсё маленькай ды раптам, зусім неяк непрыкметна, вырасла. Зацвіла белым цветам, закрасавала — на дзіва і зайздрасць усім суседнім дрэвам.\\ — Ф-фарсуха, — пазіраючы на яе, аж трэсліся ў лажку асіны. Яны былі заўсёды бледныя і зялёныя, і заўсёды ім было холадна.\\ — Падумаеш, выстраілася, — шапталі хмурыя яліны. Яны насілі цёмнае адзенне і размаўлялі толькі шэптам.\\ Учэпістыя калючыя дубкі, што раслі на схіле пагорка, таксама непрыхільна паглядалі па маладую каліну: яна зусім не звяртала па іх увагі.\\ Толькі старая яліна-казачніца спачувальна пазірала на каліну-прыгажуню і жаласна ківала галавой:\\ — Пацвіце, пакрасуецца ды і завяне. Не яна першая, не яна апошняя... Па лесе гуляе бура, ломіцца грубая жывёла, чалавек ходзіць... А ў яго нядобрыя рукі. Ён ломіць і крышыць усё, што ні стрэне на дарозе. Усё крышыць і ломіць.\\ Яліна-казачніца пражыла доўгае жыццё і ўсяго нагледзелася за свой век.\\ Нарадзілася яна ў гэтым лесе даўным-даўно. Яшчэ да пажару. Тады тут жыла і яе маці, маладая стромкая яліна, і бабуля, гэтакая ж, як яна сама цяпер, згорбленая і пахмурая... А потым па лесе прайшоў пажар. Цэлы тыдзень, схапіўшыся загрудкі з агнём, змагаўся лес супроць смерці. Цэлы тыдзень агонь нішчыў лясны род. Згарэла маладая прыгожая яліна-маці, згарэла старая бабуля. Не засталося нікога ні з радні, ні з суседзяў. Нейкім цудам уратавалася ў гэтым пекле толькі яна — маладзенькая ялінка. Пажар не абмінуў і яе, але яна выжыла. Сагнулася на адзін бок, пакалечаная, але ўсё-такі жыла!\\ Мінуў год, за ім другі — і на пажарышчы пачалі адскакваць вясёлыя бярозкі, палез сям-там ельнік, пайшла ўсялякая лясная драбяза.\\ Мінула яшчэ некалькі гадоў, і вялікае лясное няшчасце, як і ўсё на свеце, пачало забывацца.\\ Вось чаму яліна-казачніца была самай старэйшай і самай мудрай у гэтым лесе.\\ Цэлымі днямі гойдалася яна на старэчых нагах ды моўчкі прыглядалася да ляснога жыцця: як трымаюцца і пра што вядуць гутарку маладзейшыя дрэвы, аб чым пяюць птушкі, куды лятае вецер-бяздомнік... Прыглядалася, прыслухоўвалася і ўсё шаптала сабе нешта, усё нешта шаптала...\\ А ноччу, калі ў лесе рабілася цёмна, хоць выкалі вока, да яліны-казачніцы прылятала старая сава. Днём яна спала, а ноччу гойсала па лесе, шукала сабе спажывы.\\ — Гэта ты, паўночніца, — нездаволена сустракала яе яліна, — не люблю я тваіх сквапных вачэй. Усе кругом спяць, а ты ўсё шнырыш, усё шнырыш на лесе. Сну няма на цябе.\\ — Я днём выспалася, — пазяхала сава, — а ноччу ў мяне паляванне: дзе дурное соннае зайчаня схаплю, дзе на мышыную сям'ю натраплю. Ху-ху-ху!\\ — Зладзейка ты...\\ — Ху-ху-ху! — зноў на самае вуха старой яліне рагатала сава. — Ты вельмі добрая...\\ I — мах-мах крыламі — знікла ў цемры.\\ — Паляцела...— бурчала ўслед ёй яліна-казачніца, пільна прыслухоўваючыся да шолаху ў вавёрчынай хаце.\\ Вавёрка жыла па суседству з ялінай у цёплым асінавым дупле. Яна была свавольніца і балаболка. Але старая яліна паважала вавёрку за працавітасць і спрыт.\\ Усё лета рыжым полымем гойсала яна з дрэва на дрэва. Быццам нельга было прыдумаць іншага занятку. Але варта было толькі, азвацца недзе яшчэ; зусім далёка восені, як вавёрка кідала гульні і бралася за работу. Рамантавала сваю хату. Высцілала яе цёплым мохам. Заканапачвала ўсё дзірачкі. Потым з ранку да вечара насіла ў свой свіран смачныя лясныя арэхі. Не прысядала ні на хвіліну...\\ Старая яліна толькі дзівілася: адкуль у вавёркі столькі сілы, каб цэлымі днямі цягаць гэтыя ношкі? I сама не вытрымлівала. Набярэ поўны прыпол духмяных зярністых шышак і высыпле вавёрцы.\\ — На вось табе. Будзеш зімой лускаць і дзякаваць бабулі-яліне.\\ — Дзякуй, дзякуй, бабулечка. Яны такія смачныя, такія смачныя, — дзякавала вавёрка, набіваючы да столі засекі ў сваім свірне.\\ I зноў: цок-цок — зноў рыжай маланкай мільгала ў суседнім арэшніку.\\ Ого, вавёрка была вельмі дбайная, вельмі руплівая гаспадыня.\\ Пра гэта не раз гаварыла старая яліна і дзятлу-бондару, і зязюлі-мачысе.\\ — Паглядзі, як трэба пра дом клапаціцца ды пра дзяцей: і каб цёпленька ім было, і каб смачненька. А ў цябе, мачухно, паслухай, як плачуць дзеці,— дакарала яна зязюлю.\\ I сапраўды, у лясным гушчары, дзесьці далёка-далёка, чутно было адзінокае жаласнае «ку-ку»...\\ — Няхай не лётаюць гэтак далёка, дык і блудзіцца не будуць, няхай дома сядзяць... — адмахвалася ад папрокаў зязюля.\\ — Дома, — ківала галавой яліна. — Дома... Які ж у іх дом? Вунь ты падкінула іх да мухалоўкі... Ну гадуе яна іх, ну корміць. Але ж не родная маці. Смачнейшага чарвячка яна аддасць не тваім дзецям, а сваім...\\ — Не твая справа,— не жадала слухаць яліну зязюля,— усюды ты свой нос уткнеш...\\ — Ага, не хочацца слухаць праўду. Горкая яна... — казала ўслед зязюлі яліна і, крыху памаўчаўшы, ужо дакарала дзятла: — А ты чаму такі дурны? Вучыўся б вось у вавёркі. Глядзі, што ёй абыходзіць. Адамкнула свіран, нагрэбла арэхаў ці шышак, і гора ёй мала. Сядзіць сабе ў цяпле, ласуецца. А ты штодня з гэтым сваім долатам па лесе лётаеш. А ці многа ім заробіш, калі холад гэткі і дзень — не згледзіш, як ён і праміне...\\ Дзяцел-бедалак і праўда — зіма не зіма, холад не холад — дзень пры дні павінен быў зарабляць сабе на пражытак.\\ — Ат, цётачка, колькі мне чаго трэба, — звычайна адказваў ён старой яліне. — Дзяцей я пагадаваў. Старая мая, вы ж самі ведаеце, яшчэ леташняй зімы не перазімавала... Дык колькі мне аднаму трэба... От жа пражыву неяк зіму. Балазе, кажух цёплы маю.\\ — Так, так, дзіва што пражывеш, — нездаволена бурчала яліна.\\ Як і ўсе старыя, яна не любіла, калі з ёю не згаджаліся.\\ Яна змаўкала, збіраючыся крыху падрамаць. Але тут палятаў халодны сівер. Ён трос яе, выкручваў скурчанае ад старасці і холаду голле і ўзнімаў такі свіст і трэск, што спуджаная вавёрка зашывалася ў сваё дупло і не дыхала, быццам яе там і не было.\\ — Шалёны,— адмахвалася старая яліна, — адкуль цябе прыгнала!\\ — Ой, цётухна, адкуль прыгнала, не пытай. Скажы лепей, куды гоніць! — рагатаў вецер.\\ — Ведаю ўжо... Ляці сваёй дарогай, шыбенік.\\ Сівер узмахваў доўгім расхлістаным халатом, перакручваўся некалькі разоў у паветры і імкліва знікаў — гэтак, як і прыляцеў.\\ — Ох, скруціць ён галаву гэтай дурной каліне! Вунь як яна хіліцца, ледзь не да самай зямлі яму кланяецца...\\ Старой яліне з узгорка было добра відаць усё, што рабілася на ўзлессі.\\ I сапраўды, маладзенькая каліна яшчэ больш чырванела і харашэла, сустракаючы ветра.\\ — Ляцім са мною па свеце! — шаптаў ёй вецер-сівер. — Што ты тут бачыш, стоячы вунь ужо колькі год усё на адным месцы, усё пры гэтай дарозе?\\ — Людзі тут ходзяць і ездзяць...\\ — «Людзі ходзяць і ездзяць...» Дурная ты! Ты паслухай, што кажа пра гэтых людзей старая яліна. Яны загубяць цябе, паламаюць твае рукі... А ягады твае — навошта яны ім.\\ — Не кажы так. Мае ягады лечаць людзей... У цябе няма сэрца, і ты не ведаеш, як гэта цяжка, калі яно баліць. А людзі ўмеюць варыць з маіх ягад лекі і лечаць імі сэрца...\\ — «Людзі», «лекі»... Навошта яны табе здаліся! Мы з табой паляцім за мора, паляцім да такіх высачэзных гор, якіх ты і не сніла ніколі. I ты тады забудзеш пра гэты свой лес, пра гэтую дарогу, на якую ты дзень і ноч глядзіш як утрапёная.\\ — I ніколі больш не вярнуся сюды?\\ — А чаго?\\ — Не, я не здолею... Я высахну і памру без свайго лесу,— плакала каліна.\\ — Ну, дык і заставайся тут! А мне няма часу з табой валаводзіцца. Не спадзявайся, каб я яшчэ лятаў да цябе...\\ Вецер-сівер узмахваў сваім халатом, пранізваў каліну смяртэльным холадам. Каліна калацілася, дрыжала, і на зямлю чырвонымі ягадамі сыпаліся яе горкія слёзы.\\ — Пачакай, не пакідай мяне адну!.. — стагнала наўздагон ветру каліна.\\ Але вецер ужо не чуў яе. \\ **%%**%%*** А калі настала зіма і ў лесе не было ўжо ніводнага зялёнага лісціка, ніводпай кветачкі, ішла гэтай самай дарогай, каля якой расла каліна, жанчына з маленькім хлопчыкам.\\ — Мамачка! — закрычаў хлопчык і запляскаў у далоні.— Зірні, зірні — ягады!\\ Яны спыніліся.\\ — Гэта каліна, сынок. Бачыш, якая яна: зіма, мароз, а яна не баіцца...\\ — Можна сарваць?\\ — Толькі асцярожна. Не паламі галінак.\\ Хлопчык ірваў чырвоныя калінавыя ягады, клаў іх у сваю рукавічку і пяшчотна прыгаворваў:\\ — Не бойся, калінка-малінка. Мае ручкі не злыя. Галінак тваіх не паломяць, вершалінкі не скрышаць. Толькі ягадкі сарвуць — маме на лякарства...\\ Так ён прыгаворваў і ўсё клаў і клаў у сваю рукавічку чырвоныя ягады. I каліна радавалася: ашукваў яе вецер і яліна-казачніца памылялася. Добрыя ў чалавека рукі, разумныя...\\ Вось і канец гэтай лясной казцы. Той маленькі хлопчык захацеў назваць яе казкай пра калінавую рукавічку.\\ Ну што ж, няхай сабе рукавічка, няхай сабе калінавая... ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/алена-васілевіч/алена-васілевіч-геша]] * [[творы/алена-васілевіч/алена-васілевіч-сябры]] * [[творы/алена-васілевіч/алена-васілевіч-горкі-ліпавы-мёд]] * [[творы/алена-васілевіч/алена-васілевіч-пачакай-затрымайся]] * [[творы/алена-васілевіч/алена-васілевіч-вернісаж]]