Інструменты карыстальніка

Інструменты сайта


творы:алег-лойка:алег-лойка-радзіме

Гэта старая версія дакумента!


Алег Лойка — Радзіме

Усім карэннем – у табе,
Адной галінкай – над табою…
Чым заслужыў, калі паспеў,
Што ты мяне з крыніцаў поіш?..

А чым табе даўгі сплаціць,
Якіх, чым больш жыву, не меней?..
Як зорны, хлеб мой зіхаціць:
Скарынка –

у духмяным кмене.


А я – галіначка адна
Між вечных зор і тых, якія
З крыніц мігочуць давідна,
Упаўшы ў нетры іх жывыя.

I сэрца, як лісток, трымціць,
Што супакоіць немагчыма:
«А чым даўгі табе сплаціць,
Мая Радзіма?!»

Хай не глынуць мне даўкі ком,
Хай шчодрасць мне твая дакорам, –
Не сорамна быць даўжніком,
Забыцца,

што даўжнік ты,

сорам.


Не сорамна любіць да слёз,
Лічыць твой боль і ўзлёт сваімі
І дзякаваць вялікі лёс,
Што даў спазнаць цябе, Радзіма.

Аглухну – не ад зім і лет,
Аслепну – не ад скрух і плачу, –
Ад прагі чуць твой кожны шэпт
І ўсю тваю бясконцасць бачыць,
Мая Радзіма!..

Падобныя старонкі

  • алег-лойка/алег-лойка-сівы-конік
  • алег-лойка/алег-лойка-верабейчык-верабей
  • алег-лойка/алег-лойка-скачуць-скачуць-жарабяткі
  • алег-лойка/алег-лойка-над-шчарай
  • алег-лойка/алег-лойка-два-шчырых-словы
творы/алег-лойка/алег-лойка-радзіме.1755861098.txt.gz · Апошнія змены: 2025/08/22 11:11 — 127.0.0.1

Donate Powered by PHP Valid HTML5 Valid CSS Driven by DokuWiki