~~META: title = Алег Лойка — Над Шчарай &keywords = нёман, даль, становячыся, глыба, рыбак &abstract = Чытаць верш Алег Лойка "Над Шчарай" &iftrue = nan ~~ ====== Алег Лойка — Над Шчарай ====== Я зноў над табой, твой плывец,\\ Як ты, – плынь, якой не адолець,\\ Лугоў неабсяжных касец,\\ Рыбак, непакрыўджаны доляй;\\ \\ Даліны шырозны разгон,\\ Што вокам за раз не акінуць,\\ Я – колішні твой плытагон,\\ Што з Нёманам зліўся сінім;\\ \\ Я – хваля твая, што ўдаль\\ Імкне ўсхвалявана, натхнёна,\\ Яе ціхі восеньскі жаль\\ І лёд – звонкі-звонкі, зялёны;\\ \\ Паводка твая, што вясной\\ Пад сонцам, як срэбра жывое,\\ І кнігаўкі неспакой,\\ Што гнёзды ад нелюдзяў тоіць;\\ \\ Я – ў квеце каліна твая,\\ І тая, што ягады студзіць,\\ І тая, што рэха ў гаях\\ Пра луг непакошаны будзіць;\\ \\ Я – дуб твой, і той, што пяе\\ Над гуртам даверлівых рыбак,\\ І той, што ў глыбіні твае\\ Ступіў, каб стаць грыфамі скрыпак;\\ \\ Дзень добры, калыска мая,\\ Нібы маладзік ў хвалях, човен, –\\ Я сам бы не ведаў, хто я,\\ Табою тут не зачарован;\\ \\ Стаю пад высокай вярбой,\\ Зліваюся з плынню тваёю,\\ Становячыся вышынёй,\\ Становячыся глыбінёю;\\ \\ Мой твар – у табе, а краса\\ Твая, нібы позірк дзявочы.\\ І радасці немай сляза\\ Мне зноў набягае на вочы,\\ \\ І бачу, нібы праз крышталь,\\ Праз чыстасць яе і бязвіннасць\\ У дугах вясёлкавых – даль,\\ Тваю, Шчара, вечную плыннасць. \\ Крыніца: Бацька наш Нёман: Вершы, апавяданні, нарысы, эсэ: Для ст. шк. узросту / Уклад. Я. І. Хвалей. – Мн.: Юнацтва, 2001, – 510 с. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/алег-лойка/алег-лойка-скачуць-скачуць-жарабяткі]] * [[творы/алег-лойка/алег-лойка-два-шчырых-словы]] * [[творы/алег-лойка/алег-лойка-верабейчык-верабей]] * [[творы/алег-лойка/алег-лойка-радзіме]] * [[творы/алег-лойка/алег-лойка-сівы-конік]]