~~META: title = Творчасць Адама Міцкевіча &keywords = Адам, Міцкевіч, Нёман, Свіцязь &abstract = Аналіз творчасці Адама Міцкевіча &iftrue = nan ~~ ====== Творчасць Адама Міцкевіча ====== Творчасць [[постаці/адам-міцкевіч|Адама Міцкевіча]] — з'ява універсальная, па-мастацку шматгранная і глыбінная, а таму і па сутнасці невычарпальная. Святкаванне 200-годдзя з дня нараджэння генія славянскага свету (1798—1998) дало новы магутны штуршок у асэнсаванні яго літаратурнай спадчыны, у тым ліку і такой праблемы, як [[слоўнік/топас|топас]] радзімы паэта (топас — вобраз, характэрны для ўсёй мастацкай творчасці, культуры, літаратуры). Пра гэта могуць яскрава пасведчыць матэрыялы хаця б такіх зборнікаў, як "Адам Міцкевіч і нацыянальныя культуры" (Мінск, 1998), "Адам Міцкевіч і сусветная культура" (Гданьск, 1998). Несумненна, топіка Навагрудчыны, яе ландшафт, прырода маюць важнае значэнне ў міцкевічаўскай мастацкай свядомасці. Адам Міцкевіч — і гэта неаднойчы гучала пры ацэнцы асобы паэта — вялікі патрыёт сваёй Айчыны, натхнёны пясняр навагрудскай зямлі, красе якой ён склаў высокі адухоўлены гімн.\\ У сваёй паэзіі ён стварыў вобраз радзімы ў шырокім і самым высокім патрыятычным сэнсе. Ён апеў і ўславіў родны кут, дарагія сэрцу краявіды і вобразы, па сутнасці стварыў культ беларускага пейзажу і прыроды бацькоўскага краю. У гэтай сувязі нельга не пагадзіцца з назіраннямі наконт таго, што Адам Міцкевіч "заўсёды ў захапленні спыняўся... перад краявідамі родных мясцін" (Алег Лойка), што ён "у "[[творы/адам-міцкевіч/адам-міцкевіч-пан-тадэвуш|Пане Тадэвушы]]" або "Свіцязанцы" проста моліцца на беларускі пейзаж, хоць называе яго "Літва" (Богдан Скарадзінскі). Для яго ўласціва пранікнёнае эстэтычнае сузіранне прыроды і яе глыбокае адчуванне.\\ У пейзажах Адама Міцкевіча яскрава і маляўніча адлюстраваны прыродна-ландшафтны воблік прынёманскага краю, увасоблена лучнасць паэтавай душы з роднымі краявідамі. Сістэма пейзажных вобразаў у Міцкевічавай творчасці — разгалінаваная, шматахопная. Раскрыццё духоўнай повязі паэта з усёй гэтай сістэмай вобразаў і матываў прыроды — надзвычай вялікая і шырокая тэма, якая, як думаецца, яшчэ чакае свайго цэласнага і скурпулёзнага вывучэння. Прычым трэба заўважыць, што яго пейзажы паўстаюць не толькі як фонавыя застаўкі ці элементы кампазіцыі, а адыгрываюць вельмі важную ідэястваральную функцыю, маюць эстэтычную самакаштоўнасць і нярэдка змяшчаюць у сабе натурфіласофскае ўспрыманне навакольнага свету.\\ У паэтычнай сістэме мыслення Адама Міцкевіча пейзажным вобразам, увогуле прыродзе належыць ключавая, нават першачарговая роля. Пра гэта красамоўна гавораць шматлікія лірычныя, а таксама і эпічныя творы паэта. Скажам, без прыродаапісанняў цяжка ўявіць паэму "Пан Тадэвуш", як, зрэшты, і ўласнабеларускае ліра-эпічнае палатно — "Новую зямлю" Якуба Коласа. Пейзаж Адама Міцкевіча — жыватворны працэс светаадлюстравання, пра што сведчыць пастаянны зварот паэта да вобразаў і з'яў навакольнай прыроды і іх мастацкае ўвасабленне — вобразаў лесу, пушчы, ручая, бярозы, сонца, кургана... Але, бадай, цэнтральнае месца ў яго сістэме мастацкага мыслення займаюць вобразы-топасы ракі Нёман і возера Свіцязь.\\ Нёман і прынямонне, Свіцязь і свіцязянскае ўлонне, вобразна кажучы, сталі калыскай будучага песняра. Прырода нарадзіла паэта і абудзіла яго сэрца, зрабілася неад'емным светам яго вобразаў і думак. Без пачуцця прыроды, відавочна, проста не можа з'явіцца на зямлі таленавіты паэт, тым больш вялікі мастак слова, у творчасці якога, апрача іншага, найбольш поўна ўвасоблены вобраз роднага краю. А любоў да радзімы — гэта, як вядома, найперш любоў да роднай прыроды. Міцкевіч-рамантык — адзін з першых адкрывальнікаў на абшарах летапіснай Літвы-Беларусі красы і паэзіі ў навакольнай прыродзе, хоць, зразумела, яго апісанні гучаць па-польску. Яшчэ раней на латыні чароўны свет роднага пушчанскага краю апяваў Мікола Гусоўскі. Адам Міцкевіч раней за [[постаці/янка-купала|Янку Купалу]], [[постаці/змітрок-бядуля|Змітрака Бядулю]], Андрэя Александровіча адкрываў дзівосныя чужыя краявіды ў сваіх "Крымскіх Санетах", паэтычна апісваў мора, горы, стэп, але гэтак жа, як і пазней яго беларускія паэты-паслядоўнікі ў асваенні экзатычнага пейзажу, заставаўся адданым патрыётам свайго Нёмана і прынямонскага краю. Апынуўшыся на чужой зямлі і сузіраючы Жэнеўскае возера і Альпы, Адам Міцкевіч прызнаваўся, што яму "мілей нашы літоўскія пейзажы". "О навагрудскі край — мой родны дом..." — так пачынаецца фрагмент няскончанай паэмы "Бульба", дзе паэт таксама гаворыць, што не можа забыць родныя краявіды: ...Куды б мяне не кінуў лёс жыццёвы\\ Забыць я не змагу твае палі, дубровы... Нёман — спрадвечны пейзажны вобраз нашай геаграфічнай і этнічнай прасторы, які трывала замацаваўся ў нацыянальнай літаратуры як апазнавальны сімвал беларускага краю. Гэты гідронім у міцкевічаўскай творчасці выступае як топас радзімы. Пранікнёны зварот да ракі дзяцінства гучыць у санеце "[[творы/адам-міцкевіч/адам-міцкевіч-да-нёмна|Да Нёмана]]": Нёман, прытулак мой хатні!\\ Празрыстай вадою Ты абмываў мне калісьці малому далоні... У гэтым творы паэт звязвае з Нёманам унутрана перажытае, глыбока асабістыя пачуцці. Санет набывае і медытатыўнае гучанне. Матыў імклівага руху ракі нараджае роздум пра бег жыцця, яго незваротнасць. Нёман атаясамліваецца з ракой часу: Нёман, рака якая! Вечна імклівыя хвалі!\\ Дзе тое шчасце? Лепшыя нашы намеры?\\ Шчырасць дзяцінства, поўная радаснай веры?" Паэт з любасцю і ўсхвалявана прамаўляе слова "Нёман", бо яго вобраз — гэта нібы душэўна блізкі суразмоўца, якому аўтар давярае любоўныя згадкі, сваю шчырую споведзь.\\ Вобраз Нёмана лучыцца з душой паэта суладна, інтымна і адухоўлена. З ракой знітавана незабыўнае і дарагое — пачуццё кахання, вобраз каханай: "Светлы вобраз яе ў тваім чыстым улонні..." ("Да Нёмана"); "Будзеш паўз Нёман ісці, дзядочак, %%//%% Стрэнеш яе, не іначай" ("Дудар").\\ Каханай паэта, яго музай была Марыля Верашчака з маёнтка Туганавічы. А сэрца, якое кахае, не можа не спяваць пра прыгажосць навакольнага свету. У рамане "[[творы/адам-міцкевіч/адам-міцкевіч-курганок-марылі|Курганок Марылі]]" намаляваны прынёманскі краявід, які не толькі акрэслены з візуальнай дакладнасцю, але і паэтызуецца як улонне першародна-дзіўнага хараства. Аднак найбольш разгорнута і ярка пейзажная карціна прынямоння ўвасоблена ў паэме "Пан Тадэвуш", і яна не можа не ўразіць пачуццём глыбокага замілавання, жывапіснай вобразнасцю і грацыёзнасцю фарбаў. Паэт пераносіцца ў думках "на Айчыны ўлонне": ...У край лясных узгоркаў і лугоў духмяных,\\ Шырока над блакітным Нёмнам разасланых,\\ Да каляровых ніў, дзе жыта серабрыцца,\\ I залачоная калышацца пшаніца,\\ Дзе грэчка, быццам, снег, свірэпка, як бурштын,\\ I дзяцельнік гарыць румянцамі дзяўчыны". Надзвычай вобразна, рамантычна ўзвышана і адухоўлена Нёман-рака намалявана ў "[[творы/адам-міцкевіч/адам-міцкевіч-конрад-валенрод|Конрадзе Валенродзе]]". Паэт апісвае спатканне дзвюх рэк як паяднанне закаханых істот: Вілію Нёман гвалтоўна хапае,\\ Цісне ў абдымках, нясе ў прасторы\\ I да грудзей ледзяных прыхінае,\\ Гіне з ёй разам у бездані мора. Тыпалагічнае падабенства ў паказе ракі назіраецца ў вершы [[постаці/вінцэнт-дунін-марцінкевіч|Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча]] [[творы/вінцэнт-дунін-марцінкевіч/вінцэнт-дунін-марцінкевіч-прыпяць|"Прыпяць"]], дзе сустрэча рэк намалявана як спатканне закаханых. Зрэшты, Нёман Адама Міцкевіча лучыцца і з Нёманам другога вялікага паэта, таксама Міцкевіча — Якуба Коласа, які склаў хваласпеў славутай беларускай рацэ і роднаму краю, "дзе льецца Нёман срэбраводны". Вілія і Нёман таксама паўстаюць побач у Якуба Коласа, а ў вершы "Нёман" ён называе родную раку чыстай і свабоднай. У "Конрадзе Валенродзе" Нёман сімвалізуе веліч і славу Айчыны, з ім звязаны матывы свабодалюбства, трываласці, заступніцтва: "Літвінаў дзеліць ад ворагаў Нёман". Даследчык Ірына Багдановіч, слушна звязваючы паэтызацыю і адухаўленне Нёмана з рамантычнай традыцыяй, адзначае, што гэты "вобраз нёс таксама высокі патрыятычны настрой і ўзмацняў вольналюбівы змагарны дух". Канцэпцыя ракі ў Адама Міцкевіча сапраўды патрыятычная, але разам з тым надзелена і думкай агульначалавечай значнасці і вялікай духоўнасці. Нёман увасабляе сабой адкрытасць свету, ён сімвал паяднання народаў: "...Там Нёман, з даўняй гасціннасці рупны, %%//%% Сялібы лучачы братніх народаў...".\\ Як мы пераконваемся, без Нёмана немагчыма ўявіць вобразную сістэму Адама Міцкевіча. З ім звязана даволі шырокае кола асацыяцый. Гэты гідронім — адзін з першавобразаў яго пейзажнага мыслення, патрыятычных уяўленняў. Нёман у Адама Міцкевіча — адзін з важных складнікоў прасторавай мадэлі свету, ключавы топас "Літвы" яго часоў. Патрыятычная трактоўка Нёмана, дух высокай паэтызацыі і гімнаграфічнага ўслаўлення гэтай ракі знайшлі працяг у творчасці Янкі Купалы, Якуба Коласа, [[постаці/алесь-гурло|Алеся Гурло]], [[постаці/максім-танк|Максіма Танка]], Анатоля Астрэйкі, [[творы/ларыса-геніюш/творчасць-ларысы-геніюш|Ларысы Геніюш]], Алега Лойкі, Дануты Бічэль, Юркі Голуба і інш.\\ Глыбокая духоўная пародненасць у Адама Міцкевіча з возерам Свіцязь, яго ваколіцамі. Па сутнасці Свіцязь — гэта асобная арыгінальная старонка яго творчасці, з якой звязаны найперш такія творы, як [[творы/адам-міцкевіч/адам-міцкевіч-свіцязь|"Свіцязь"]], [[творы/адам-міцкевіч/адам-міцкевіч-свіцязянка|"Свіцязянка"]], "[[творы/адам-міцкевіч/адам-міцкевіч-рыбка|Рыбка]]". Вобраз Свіцязі таксама выступае як топас і сімвал паэтавай малой радзімы, увасабляе таямніча-загадкавы свет яе прыроды. Цікава, што Адам Міцкевіч пры першапублікацыі балады "Свіцязянка" сам патлумачыў феномен існавання незвычайнага возера ў сваіх родных мясцінах: "Свіцязь — вялікае і прыгожае возера ў Наваградскім павеце. Ёсць чуткі, што на яго берагах з'яўляюцца ўндзіны, або вадзяныя німфы, якія народ называе свіцязянкамі". Вобраз Свіцязі намаляваны ў рамантычна-легендарным ключы. Міцкевіч на фальклорна-міфалагічны лад паэтызуе падзеі на возеры, заснаваныя на народных паданнях. Тым не менш [[слоўнік/зачын|зачын]] балады "Свіцязянка" мае прывязку да рэальнай пейзажнай прасторы:\\ Што гэта за хлопец з поглядам ветлым Поруч са стройнай дзяўчынай Крочыць павольна пад месяцам светлым Берагам Свіцязі сіняй?\\ Возера паўстае перад намі як пракаветнае і дзівоснае месца, адухоўлена-казачны свет.\\ Самая вобразна-маляўнічая карціна свіцязянскага краявіду створана ў баладзе "Свіцязь". Возера ўспрымаецца паэтам часткай космасу, яно зліваецца з небам як адно цэлае: Не знаеш — з-пад ног, можа, гэта шкляная\\ Ідзе аж да неба дарога\\ Ці неба шкляное скляпенне схіляе\\ Табе аж пад ногі!\\ \\ I той, другі, бераг убачыць не ў сілах —\\ З вышынямі возера зліта.\\ Нібыта вісіш ты на птахавых крылах\\ У нейкім бяздонні блакіту! Тут гарманічна паяднана зямное і касмічнае. Трапна заўважыў Уладзімір Конан, што ў гэтым творы возера Свіцязь — "люстэрка райскага Неба". Свіцязь паўстае як царства першароднай красы, як таямніца космасу. Паэт, зрэшты, запрашае "глянуць на возера зблізку". Свіцязянскае ўлонне зноў жа паказана праз прызму міфа-паэтычнага светаадлюстравання, яно зачароўвае сустрэчай са звышнатуральным, загадкавым, невядомым.\\ Вобраз Свіцязі, упершыню паэтычна адкрыты і апеты Адамам Міцкевічам, якраз і прываблівае часта ўвагу таму, што "Адам Міцкевіч у палон узяты быў Свіцяззю" (Хута Берулаў), і яго імя стала неадлучным ад гэтага пейзажнага вобраза-топаса. Возеру Свіцязь прысвяцілі свае радкі Андрэй Вазнясенскі, Уладзімір Лучук, Ян Лехань, Хута Берулаў і інш. Шэраг твораў нарадзіўся ў выніку паездак пісьменнікаў на Свіцязь. [[постаці/янка-брыль|Янка Брыль]] згадвае, што ён неаднойчы як сакратар праўлення Саюза пісьменнікаў "бываў... над святым возерам з рознымі міжнароднымі, а найчасцей польскімі пісьменніцкімі групамі". Свіцязь Міцкевіча-паэта прыцягвае да сябе, яна адзін са своеасаблівых геаграфічных цэнтраў літаратурнага свету.\\ Аналіз пейзажных вобразаў Нёмана і Свіцязі пераконвае нас у тым, што гэтыя гідронімы сталі асновай выяўлення любові паэта да навагрудскай прыроды, сваёй радзімы, яскрава характарызуюць яе топіку, а таксама даюць уяўленне пра глыбокую духоўнасць і ментальнасць паэта. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/анатоль-вялюгін/творчасць-анатоля-вялюгіна]] * [[творы/аляксей-пысін/творчасць-аляксея-пысіна]] * [[творы/янка-золак/творчасць-янкі-золака]] * [[творы/яўгенія-янішчыц/творчасць-яўгеніі-янішчыц]] * [[творы/міхась-кавыль/жыццёвы-і-творчы-шлях-міхася-кавыля]]